Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут можна стаяць, але нельга замінаць руху». ДАІ штрафуе пікетоўцаў рэстарацыі каля Курапатаў


Маёр ДАІ вядзе размову з актывісткай Нінай Багінскай
Маёр ДАІ вядзе размову з актывісткай Нінай Багінскай

7 пратаколаў на пікетоўцаў рэстарану «Поедем поедим» каля Курапатаў склалі супрацоўнікі ДАІ толькі за першыя 4 гадзіны пікетаваньня 19 чэрвеня. Сёньня вахту каля Курапатаў несьлі актывісты руху салідарнасьці «Разам» ды іншых арганізацый.

Што кажуць міліцыянты пра віну актывістаў і што кажуць актывісты пра гэтыя дзеяньні міліцыі?

«Можна стаяць, але не замінаць»

Два чалавекі стаяць перад мікрааўтобусам, што прывёз у рэстарацыю чарговую партыю прадуктаў. Адзін зь бел-чырвона-белым сьцягам — гэта Вячаслаў Сіўчык з руху салідарнасьці «Разам». Другі побач зь ім — супрацоўнік ДАІ ў званьні маёра. Міліцыянт запаўняе нейкую паперу. Цікаўлюся ў ягонага напарніка, старшага лейтэнанта, які артыкул Правілаў дарожнага руху парушыў, паводле яго, Вячаслаў Сіўчык, стаўшы перад аўтамабілем?

«Тое, што ён стаіць, яшчэ не парушэньне. Стаяць тут можна, бо гэта ня вуліца ў горадзе, празь якую трэба пераходзіць у вызначаным месцы, і не шаша, а дарога праз прылеглую тэрыторыю. На ёй рух рэгулюецца 135-м артыкулам ПДР. Паводле гэтага артыкула пешаходу тут знаходзіцца можна, у яго нават ёсьць перавага ў параўнаньні з аўтамабілем. Але пешаход ня можа неабгрунтавана замінаць руху аўтамабіля. То бок калі пешаход знаходзіцца тут на дарозе, ён не павінен спыняцца перад аўтамабілем, замінаючы ягонаму руху, а павінен сысьці, даць магчымасьць праехаць. Калі не дае такой магчымасьці, значыць, парушае закон», — сказаў супрацоўнік ДАІ.

Паводле міліцыянта, парушэньне 135 артыкула ПДР караецца паводле 1-й часткі 23-га артыкула Адміністрацыйнага кодэксу штрафам ад 1 да 3 базавых велічынь — за стварэньне перашкоды транспартнаму сродку. Альбо паводле 3-й часткі таго ж артыкула — стварэньне аварыйнай сытуацыі — штрафам ад 3 да 8 базавых велічынь.

«Калі кіроўца пазначыў у пратаколе, што яму стварылі аварыйную сытуацыю, — значыць, гэта так і ёсьць. Вось на Сіўчыка ў пратаколе кіроўца дае такое тлумачэньне, таму яму, хутчэй за ўсё, выпішуць штраф ад 3 да 8 базавых. А раней склалі два пратаколы на мужа і жонку — за перашкоду. Абмежаваліся штрафамі на адну базавую. Яны, дарэчы, ужо пагадзіліся аплаціць штраф», — сказаў супрацоўнік ДАІ.

Колькі ўсяго штрафаў выпісалі супрацоўнікі ДАІ актывістам за час пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим», міліцыянт сказаць ня змог.

«Ды шмат, розныя ж экіпажы працуюць».

Паводле пікетоўцаў, на іх за парушэньні Правілаў дарожнага руху складзена больш за 40 пратаколаў.

«Тут парушаюць закон, але ня мы, а дзяржава»

Ніна Багінская, на якую сёньня склалі ажно два пратаколы, у ДАІ хадзіць адмовілася.

«Я ім сказала, што да іх не пайду і тлумачэньняў даваць ня буду. Днямі выклікалі ў аддзел прымусовага выкананьня, магчыма, з прычыны штрафаў. Але колькі іх у мяне, ня ведаю. Я лічу, што нічога не парушаю, а гэта тут ідуць парушэньні закону з боку нашай улады. Яны на загад Крамля хочуць апаганіць Курапаты», — кажа Ніна Багінская.

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык за сёньня таксама атрымаў два пратаколы.

«Мы тут спакойна стаім, пад аўтамабілі ня кідаемся, але — так, не даём сюды праезду. Бо гэты аб’ект пабудаваны з парушэньнем закону, і тое, што тут адбываецца цяпер, — гэта не змаганьне за правілы дарожнага руху, а палітыка. За 20 дзён улада магла б вызначыцца і закрыць гэты кабак на костках. Але яна валяе дурня, працягвае зьдзекавацца з памяці беларусаў, зь іх трагедыі. І, вядома, дурнямі выставілі супрацоўнікаў ДАІ. Яны спасылаюцца на правілы, што тут прылеглая тэрыторыя. Але насамрэч тут найперш ахоўная зона Курапатаў, з гэтага трэба зыходзіць», — мяркуе Вячаслаў Сіўчык.

Адзін з кіроўцаў легкавіка, пабачыўшы пікетоўцаў, націснуў на газ і прамчаўся міма знаку, які абмяжоўвае тут хуткасьць руху 5 кілямэтрамі на гадзіну. Актывісты прапанавалі супрацоўнікам ДАІ скласьці на парушальніка пратакол. «Я гэтага не заўважыў», — адказаў маёр міліцыі.

Пікетоўцам падзякаваў госьць з Расеі

Каля 16-й гадзіны да пікету падышоў кіроўца, які запраўляўся на АЗС побач. Мужчына сказаў, што ён грамадзянін Расеі.

«Вялікі дзякуй за тое, што вы робіце. На жаль, тое самае адбываецца і ў нас. Сачу за тым, што адбываецца вакол Курапатаў, і вельмі вам удзячны», — сказаў госьць актывістам.

Пікетоўцы праводзілі расейца воплескамі.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Чытайце таксама:

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць: дэпутат, рокер, лекар-дыетоляг

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць Ганна Бонд, Уладзімір Войнавіч і Юлія Чарняўская

«Пытаньне ня ў тым, што побач, а ў тым, як гэта спалучаецца», — рабін Абрамовіч пра рэстарацыю ля Курапатаў

Касманаўт Кавалёнак пра Курапаты: Нельга, каб побач са сьвятым месцам былі гулянкі з голымі азадкамі

Дэпутат Марзалюк: «Рэстаран не на касьцях. Але есьці там ніколі ня буду»

Лявон Вольскі: «Установа грамадзкага харчаваньня ля Курапатаў — гэта зусім цынічна»

Мікалай Чаргінец пра рэстаран каля Курапатаў: «Праяжджаючы міма, адварочваў бы галаву»

Лія Ахеджакава пра Курапаты: Там, дзе расстрэльвалі, ставіць рэстаран — ганебна!

Алексіевіч пра Курапаты: «Гэтыя „шуневічы“ пачуваюцца абсалютна беспакарана»

ІТ-прадпрымальнік Юры Гурскі: «Я ў сумнеўных месцах ня ем»

Дэпутатка Анісім: «Нават калі б падала з голаду, туды не пайшла б»

Лыжнік Далідовіч пра рэстаран каля Курапатаў: «Я туды дакладна не паеду бавіць час»

Ярмошына пра Курапаты: «Тэма палітычна разьдзьмутая, але свой юбілей тут не адзначала б»

Музыка Андрэй Макарэвіч пра Курапаты: Ставіць у такім месцы рэстаран — непрыстойна

Генадзь Хазанаў пра Курапаты: Я б у такі рэстаран не пайшоў ні пры якіх абставінах!

Другі сакратар БРСМ: «Рэстарацыя каля Курапатаў — гэта непрымальна»

«Вам пад ногі коцяць бомбу». Украінская пісьменьніца пра рэстаран у Курапатах

Віктар Пракапеня пракамэнтаваў сытуацыю ў Курапатах адным сказам

Князь, былы міністар замежных справаў Чэхіі пра Курапаты: «У нас была падобная сытуацыя»​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG