Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць: дэпутат, рокер, лекар-дыетоляг


Адкрыцьцё рэстарацыі ў ахоўнай зоне Курапатаў камэнтуюць старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі, лідэр рок-гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандар Кулінковіч, лекар-дыетоляг Ірына Яблонская (раней Кабасакал).

«Курапаты — адно зь месцаў народнага смутку, якое патрабуе беражлівага стаўленьня»

​Валер Варанецкі, старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў.

— На мой погляд, людзі, якія прымаюць рашэньні аб будаўніцтве ў такіх сакральных месцах, зьвязаных з трагедыяй народу і людзкімі ахвярамі, забаўляльных цi падобных установаў накшталт рэстарацыі цi кафэ, павінны ўлiчваць, што гэта можа абражаць пачуцьці іншых людзей. І Курапаты — адно з такіх месцаў народнага смутку, якое патрабуе беражлівага да сябе стаўленьня з боку тых, хто жыве.

«Курапаты — намоленае месца»

​Аляксандар Кулінковіч, лідэр рок-гурту «Нейра Дзюбель».

— Зразумела, рэстарацыя ня мае рацыі. Даволі дзіўна было рабіць піцейную і карміцельную ўстанову на касьцях. Напэўна, я тут не арыгінальны. У нашым горадзе хапае месцаў, дзе можна гэта зрабіць. Такія месцы, як Курапаты — яны намоленыя. Яны намоленыя ня тое што людзьмі, якія там загінулі, яны намоленыя людзьмі, якія іх абараняюць. І трэба рукі трымаць падалей ад такіх месцаў, як Курапаты.

У такі рэстаран я б не пайшоў ні ў якім выпадку, нават за вялікія грошы. Ніколі.

«Рэстарацыя ля Курапатаў — блюзьнерства​»

Ірына Яблонская (Кабасакал), лекар-дыетоляг

— Рэстарацыя ля Курапатаў — блюзьнерства. Нагі маёй там ня будзе. А калі пабачу, што хтосьці там з сяброў чэкініцца — выдалю і заблякую.

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць Ганна Бонд, Уладзімір Войнавіч і Юлія Чарняўская

Што прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў думаюць пра рэстаран у Курапатах

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG