Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ пакажа фільм «Жоўты пясочак» паводле Быкава на дзень сьмерці пісьменьніка


Прэзэнтацыя фільму «Жоўты пясочак» у Гомелі, архіўнае фота

22 чэрвеня тэлеканал «Беларусь-3» пакажа мастацкі фільм «Жоўты пясочак», зьняты па аднайменным апавяданьні Васіля Быкава. Пра гэта ў Белтэлерадыёкампаніі паведамілі рэжысэру карціны Аляксею Туровічу. Анонс ужо зьявіўся і ў раскладзе тэлеперадач.

Аўтар некалькі разоў зьвяртаўся ў офіс Белтэлерадыёкампаніі, пачынаючы ад кастрычніка 2017 году. Настойлівасьць мела плён: зь ім падпісалі дамову на выкарыстаньне фільму на ўмовах «выключнай ліцэнзіі». Праўда, спачатку абяцалі, што паказ адбудзецца 19 чэрвеня, на дзень нараджэньня Васіля Быкава. У выніку перанесьлі на дзень сьмерці.

Правы на стужку Аляксей Туровіч перадаў БТ бясплатна — кажа, іншых варыянтаў трапіць на экраны не было. Пры гэтым ён абураны, што паказ адсунулі на максымальна позьні час (пачатак а 23.05). У прайм-тайм пойдзе сэрыял «У пошуках капітана Гранта», перадача «Каралі эпізода» пра расейскую акторку Рыну Зялёную, праграма «Беларуская кухня. Рулецікі зь пячонкай».

Рэжысэр Аляксей Туровіч
Рэжысэр Аляксей Туровіч

У адказ на прэтэнзіі стваральніка фільму ў кампаніі адказалі, што ўзьнятая ім тэматыка «не выклікае цікавасьці ў аўдыторыі» — маўляў, гэта пацьверджана мэдыяпаказьнікамі і маркетынгавымі дасьледаваньнямі.

Фільм «Жоўты пясочак» сабраў амаль 2 мільёны праглядаў на YouTube. А кіраўніцтва БТ казала, што «ніхто глядзець ня будзе»

Не задавальняе рэжысэра і тое, што фільму вызначанае ўзроставае абмежаваньне 16+. Хоць, на яго перакананьне, гэтая тая тэма, якая мусіць расказвацца ў школе, а не замоўчвацца дзесяцігодзьдзямі.

Ня маючы пэўнасьці адносна пэрспэктыўнай супрацы з тэлевізіяй, Аляксей Туровіч выклаў фільм у YouTube. На гэты момант там ужо больш за 2 мільёны 670 тысяч праглядаў, звыш 7 600 падпісчыкаў, амаль 3 200 камэнтароў.

Як лічыць Аляксей Туровіч, традыцыйна насьцярожанае стаўленьне да творчасьці клясыка беларускай літаратуры ў гэтыя дні ўскладняецца чарговым вітком напружанасьці ў грамадзтве.

У аснову сюжэту «Жоўтага пясочку» пакладзеныя гісторыі людзей, у разгар сталінскіх рэпрэсій расстраляных ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Сёньня Курапаты зноў на слыху ў сувязі з супрацівам дзейнасьці рэстарану пад назвай «Поедем поедим», узьведзенага зь відам на крыжы.

Аляксей Туровіч сам у ліку актыўных абаронцаў народнага мэмарыялу. Не пускае машыны на тэрыторыю забаўляльнай установы, раздае ўлёткі пра масавыя расстрэлы. За апошні тыдзень на яго складзена сем пратаколаў за розныя «парушэньні», ён прымусова дастаўляўся ў раённае аддзяленьне міліцыі.

Міліцыя склала тры пратаколы на аднаго з абаронцаў Курапатаў Аляксея Туровіча

Пасьля 1 ліпеня рабочая група пры Міністэрстве культуры мае агучыць пераможцу конкурсу на стварэньне помніка, аднак паказаныя творы фіналістаў выклікалі крытыку з боку экспэртаў і грамадзкіх актывістаў. У сваю чаргу, праекты пераможцаў грамадзкага конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял» камісіяй не разглядаліся.

Аляксей Туровіч таксама падаваў на разгляд дзяржаўнага журы ўласны варыянт скульптурнай кампазыцыі — на падставе сюжэту «Жоўтага пясочку»: асуджаныя на сьмерць героі, энкавэдэшная палутарка. Аднак зваротнай рэакцыі ад экспэртаў так і не было.

Любое згадваньне пра масавыя рэпрэсіі выклікае нэрвовую рэакцыю

Перад пачаткам здымкаў Аляксей Туровіч сустракаўся з Ірынай Міхайлаўнай, удавой Васіля Ўладзімеравіча Быкава, заручыўся маральнай падтрымкай. У свой час экранізаваць складаны драматычны твор выказваў жаданьне славуты кінарэжысэр Ігар Дабралюбаў, але так і не атрымаў дазволу і фінансаваньня з боку Міністэрства культуры.

Афіша фільму
Афіша фільму

Аляксей Туровіч таксама неаднаразова зьвяртаўся па дапамогу ў дзяржаўныя органы, зноў жа бясплённа. Тады адважыўся здымаць сваім коштам — дзяржава ня ўклалася ў праект ніводнай капейкай. З уласнай кішэні аплочваў працу актораў і гукарэжысэра, давялося ўзяць крэдыт.

Толькі дзякуючы прынцыповай пазыцыі кіраўніцтва менскага кінатэатру «Масква» летась у верасьні ўдалося арганізаваць прэм’ерны паказ. Аднак на гэтым пракатнае жыцьцё спынілася — да масавага гледача стужка ў Беларусі не дайшла.

Тады аўтар пачаў ліставацца зь дзяржаўнымі ўстановамі, каб тыя паспрыялі ў шырокім паказе стужкі пад 80-ю гадавіну найбольш масавага зьнішчэньня «ворагаў народу». Аднак ні прэзыдэнцкая адміністрацыя, ні Міністэрства культуры, ні прадпрыемства «Кінавідэапракат» не пайшлі насустрач, як пад капірку адказаўшы, што супрацу лічаць «немэтазгоднай».

Выглядае, што любое згадваньне пра масавыя рэпрэсіі — ці ў творчасьці самога Васіля Быкава, ці ў экранізацыі — у Беларусі дагэтуль пад забаронай, робіць выснову кінарэжысэр.

Затое яе заўважылі ў суседняй Расеі, што, на прызнаньне рэжысэра, стала для яго поўнай нечаканасьцю. На пачатку траўня «Жоўты пясочак» быў уганараваны на міжнародным кінафэстывалі дэтэктыўных фільмаў і тэлепраграм праваахоўнай тэматыкі DetectiveFEST у Маскве, дзе за прызы змагаліся прадстаўнікі 70 краін сьвету. Беларусь была прадстаўлена ў адзінай, але самай прэстыжнай намінацыі — «Гульнявы фільм дэтэктыўнай, праваахоўнай, ваеннай і антытэрарыстычнай тэматыкі».

Кадар з фільму
Кадар з фільму

22 чэрвеня, у дзень сьмерці пісьменьніка-франтавіка Васіля Быкава, Аляксей Туровіч плянуе перадаць статуэтку і дыплём Ірыне Міхайлаўне, каб у свой час яны сталі часткай музэйнай экспазыцыі ў гонар беларускага клясыка.

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся з прыходам да ўлады бальшавікоў у 1917 годзе і скончыліся толькі ў 1953-м, пасьля сьмерці Ёсіфа Сталіна. Дасьледнікі мяркуюць, што пад іх падпалі больш за паўмільёна чалавек, а паводле іншых ацэнак, лічба дасягае 1,4 мільёна (КДБ дагэтуль не раскрыў архівы). У 1937-1941 гадах ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG