Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ні пра што», — скульптар Арцімовіч пра афіцыйныя эскізы мэмарыяльнага знаку ў Курапатах


Адзін з эскізаў помнікаў

Падчас паседжаньня групы ў справе стварэньня памятнага знаку «прымірэньня і смутку» ў Курапатах, якое напярэдадні прайшло ў рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия», прадставілі тры «найбольш удалыя эскізы», адабраныя па выніках конкурсу Міністэрства культуры.

Прозьвішчы фіналістаў не названыя, толькі адзначана, што пераможца будзе абвешчаны пазьней. Зьвяртае на сябе ўвагу, што стылістыка афармленьня помнікаў ва ўсіх выпадках падобная. Першыя два — гэта чатыры стылізаваныя калёны, яшчэ адзін — перакручаны канат (вяроўка).

Як выглядаюць памятныя знакі, якія выйшлі ў фінал дзяржаўнага конкурсу мэмарыялізацыі ў Курапатах

Відэа са здымкамі Міністэрства культуры разьмешчана на сайце «Советская Белоруссия». У Міністэрстве культуры Свабодзе ўдакладнілі, што праекты яшчэ дапрацуюцца дзеля прывязкі да мясцовасьці і афіцыйна будуць апублікаваныя пасьля 1 ліпеня. Заказьнікам будаўніцтва вызвалася быць афіцыйная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Арцімовіч: Якубовіч сабе, прафсаюзы сабе, грамадзкасьць сабе

Скульптар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафэсар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Анатоль Арцімовіч быў сярод ляўрэатаў леташняй грамадзкай кампаніі «Курапаты — народны мэмарыял», аднак па выніках афіцыйнага конкурсу ягонае прозьвішча ў ліку адзначаных не фігуруе. Сярод манумэнтальных працаў Арцімовіча — помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі, Эўфрасіньні Полацкай у Менску, Францішку Скарыну ў Калінінградзе, заснавальніку гораду князю Барысу ў Барысаве ды іншыя.

Анатоль Арцімовіч
Анатоль Арцімовіч

«Я ня маю права некага асуджаць, бо любыя падазрэньні — гэта ўжо нібыта абвінавачаньне, — гаворыць суразмоўца. — Тым ня менш лічу, што ў Паўла Якубовіча як дзяржаўнага куратара курапацкай тэмы зусім іншае стаўленьне да яе. Вакол яго канкрэтныя людзі і канкрэтныя справы. Іншымі словамі, свая зацікаўленасьць (гэта да пытаньня, чаму праект Арцімовіча на народным праглядзе быў, а на гэтым — не). Зірніце збоку, уважліва. У справе Курапатаў сёньня задзейнічаныя тры сілы, якія складана састыкаваць: Якубовіч — сабе, прафсаюзы — сабе, грамадзкасьць — сабе. І хто ўрэшце пераважыць? Па ідэі, мусяць прафсаюзы, бо ў іх грошы».

На перакананьне Анатоля Арцімовіча, улады зробяць усё, каб зрабіць помнік «ні пра што» — максымальна пазбаўленым «нэрва нацыі». Што, на яго думку, і дэманструюць наяўныя фотаэскізы.

«Зразумела, што хочуць паставіць нешта нэўтральнае, навошта ім з гэтага ўздымаць нейкую напружанасьць? — адзначае скульптар. — З шэрагу — нешта будзе. І яно, несумненна, будзе. Архітэктура і будаўніцтва ў нас на досыць высокім узроўні. Таму будуць сродкі — зробяць усё дасканала, чысьценка, акуратненька. Але ці будзе там нэрв чалавечы, нэрв нацыі — вось што мяне трывожыць як аўтара».

Драздоў: хто ў журы, хто ў камісіі — даведваемся постфактум

Адзін з кіраўнікоў мастацкай суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў зьбіраецца зьвярнуцца ў Міністэрства культуры, каб атрымаць адказ, зыходзячы зь якіх крытэраў выбіраліся найлепшыя творы. Пакінутыя работы прымушаюць думаць, што маглі быць і больш годныя варыянты.

Генадзь Драздоў
Генадзь Драздоў

«Засмучае, што ўсё робіцца цішком, невядома, хто каго запрашае і за якія заслугі, — ня ўтойвае абурэньня мастак. — Хто ў журы, хто ў камісіі — даведваемся ўжо постфактум. Паводле якіх крытэраў вызначаюць лепшага, які канцэпт усяго мэмарыялу. Гэтыя пытаньні я зьбіраюся задаць міністру культуры, каб той агучыў афіцыйна, як праводзяцца такога кшталту конкурсы. Бо фактычна мае месца канстатацыя факту: зараз выберам з трох і паставім. Грамадзкасьць не павінна пра гэта даведвацца тады, калі чыноўнікі ўжо ўсё вырашылі. Таму ніякай глыбокай ідэі ў праект не ўкладаецца, проста трэба паставіць галачку, адмахнуцца і забыцца».

Ці не атрымаецца, што за помнік, няўзгоднены з зацікаўленымі бакамі, можа быць як мінімум няёмка, разважае Драздоў.

«Ім ня будзе сорамна ні за што, — кажа Генадзь Драздоў. — Тым часам у бальшыні краін постсавецкай прасторы ўсё гэта афіцыйна адзначаецца, ёсьць адпаведныя мэмарыялы. Таму і нашым уладам таксама нешта трэба зрабіць, каб сказаць, што і мы „разьвянчалі культ“. Я нядаўна быў у Быкаўні пад Кіевам, дык вось кіраўніцтва Ўкраіны выдзеліла 232 гектары пад мэмарыял. Там цэлы штат музэйных супрацоўнікаў, усё выдатна працуе. У людзей нават думак няма, каб паставіць побач нешта а-ля „Бульбаш-хол“, забаўляльныя ўстановы ці рэстарацыі. Дзяржава, якая ваюе, і тое знайшла сродкі дзеля ўвекавечваньня памяці ахвяраў масавых рэпрэсій».

Шапуцька: працоўная група ня болей чым фікцыя

Актывістку грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганну Шапуцьку разам зь сябрам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесем Чахольскім у мінулую пятніцу запрасілі на панядзелкавае паседжаньне ў рэдакцыі «Советской Белоруссии». Абое сустрэчу праігнаравалі, адпаведна, у абмеркаваньні рабочых эскізаў мэмарыяльных знакаў ня ўдзельнічалі.

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

«Так званая працоўная група як такая фактычна не існуе, — тлумачыць адмову Ганна Шапуцька. — Гэта шырма для таго, каб выкарыстаць нас дзеля сваіх мэтаў — напрыклад, зацьвердзіць тое, што трэба камусьці. Ня ведаю, каму канкрэтна — ці гаспадару на самым версе, ці пэрсанальна Якубовічу. Бо калі сапраўды ёсьць працоўная група, якая ствараецца, каб разам абмяркоўваць праекты мэмарыялу, уносіць свае прапановы, то мусілі нас зьбіраць не ў аўральным рэжыме (тым больш не паведаміўшы, што конкурс, аказваецца ўжо прайшоў і вызначаныя фіналісты), а цывілізавана. Таму мы ў гэтай працоўнай групе больш ня ўдзельнічаем. Усё гэта фікцыя».

Паводле Ганны Шапуцькі, улады яскрава прадэманстравалі сваё сапраўднае стаўленьне да Курапатаў, даўшы згоду на будаўніцтва ў непасрэднай блізкасьці ад народнага мэмарыялу забаўляльнага комплексу. Усё іншае выглядае звычайнай спробай пераарыентаваць увагу.

«Для нас галоўнае — пакінуць народны мэмарыял, лес, урочышча ў спакоі, — лічыць яна. — А помнік? Адным больш, адным менш. Вядома, зьявяцца і таленавітыя праекты, якія калі-небудзь абавязкова будуць рэалізаваныя. Пакуль жа, спадзяюся, на саму Галгофу яны са сваімі знакамі не палезуць, там і так усё ўладкавана. Калі нешта хочуць зрабіць за свае 12 тысяч рублёў, няхай экспэрымэнтуюць дзе-небудзь унізе, поле вялікае. Там помнікаў можна паставіць колькі хочаш. Але які можна зрабіць мэмарыял за тыя грошы? Дый галоўны іх помнік ужо стаіць — так званы „Бульбаш-хол“. Калі самі не адумаюцца, то гэта будзе помнік усяму іхнаму бессэнсоўнаму жыцьцю».

Народны конкурс на помнік у Курапатах

Летась у красавіку ў менскім Палацы мастацтваў адбылася цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў і ўдзельнікаў першага этапу конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял». Конкурс доўжыўся больш за год, было прадстаўлена паўсотні работ у самых розных жанрах: літаратура, музыка, жывапіс, графіка, скульптурная кампазыцыя, інсталяцыя, тэхна-арт.

У Менску падвялі вынікі першага этапу конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял»

Узнагароды тады атрымалі скульптары Леў Гумілеўскі, Анатоль Арцімовіч, Гэнік Лойка, Алесь Сакалоў, Алег Усьціновіч, мастакі Аляксей і Ігар Марачкіны, Генадзь Драздоў, Генадзь Мацур, Кацярына Сумарава, Вольга Бычкова, Уладзімер Анішчанка, паэт і перакладчык Алесь Разанаў і многія іншыя. Цяпер працягваецца другі этап, конкурсныя работы працягваюць паступаць.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2013-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG