Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм паводле Быкава пра расстрэлы ў Курапатах атрымаў прыз на фэстывалі ў Расеі


Аляксей Туровіч

Мастацкая стужка рэжысэра Аляксея Туровіча «Жоўты пясочак», зьнятая паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава, уганараваная на міжнародным кінафэстывалі дэтэктыўных фільмаў і тэлепраграм праваахоўнай тэматыкі DetectiveFEST у Маскве.

У рамках 20-га па ліку фэстывалю за прызы ў жанравых намінацыях змагаліся прадстаўнікі 70 краін сьвету.

Беларусь была прадстаўлена ў адзінай, але самай прэстыжнай намінацыі — «Гульнявы фільм дэтэктыўнай, праваахоўнай, ваеннай і антытэрарыстычнай тэматыкі». Канкурэнцыю беларускай працы склалі 20 поўнамэтражных кінастужак з Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі, Эўропы.

У Беларусі ігнаруюць, у Расеі ганаруюць

Галоўны прыз — статуэтку і дыплём — журы прысудзіла мастацкаму фільму «16/03» сумеснай вытворчасьці Вялікай Брытаніі, Іраку і Курдыстану. Яго сюжэт заснаваны на рэальных падзеях і расказвае пра хімічную атаку на горад Халабаджа ў Ірацкім Курдыстане 16 сакавіка 1988 году, калі загінулі 5 тысяч чалавек і яшчэ 20 тысяч пацярпелі. Фільм прэзэнтаваў рэжысэр Дэні Дарэн.

Спэцыяльны прыз за актуальнасьць тэмы, падмацаваны другой статуэткай, дыплёмам і капелюшом у стылі прыватнага дэтэктыва, атрымаў Аляксей Туровіч, якога запрасілі на цырымонію закрыцьця ў маскоўскі Дом кіно.

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Паводле Туровіча, прызнаньне «Жоўтага пясочку» ў Расеі стала для яго ў пэўнай ступені нечаканасьцю — у расейскім грамадзтве досыць значная настальгія па «моцнай руцэ» і савецкай «стабільнасьці». Такая сытуацыя, лічыць ён, склалася ад элемэнтарнай неабазнанасьці. Афіцыйная прапаганда пра цемрашальскія часы не расказвае, таму кіно пра маштаб злачынстваў сталінскага рэжыму шмат для каго было адкрыцьцём.

БТ непатрэбна, у YouTube б'е рэкорды

Пра тое самае сьведчыць і статыстыка ў сацсетках. Пазбаўлены магчымасьці шырокага кінапракату на радзіме, некалькі месяцаў таму Аляксей Туровіч выклаў свой фільм у YouTube. За кароткі час колькасьць праглядаў склала амаль 2 мільёны 300 тысяч, на яго канал падпісаліся 7 тысяч чалавек, пакінута блізу 3 тысячы камэнтароў — перадусім ад расейскіх наведнікаў.

Тым ня меней, па словах аўтара, «Жоўты пясочак», як і літаратурны арыгінал, — гэта аповед пра Беларусь.

«Для мяне галоўнае, каб у нашай гісторыі засталося як мага меней „белых плямаў“, — кажа Аляксей Туровіч. — Трагедыі, як у Курапатах, Воршы, пад Віцебскам ці Гомлем, паўтарыцца не павінны. Але важная перадумова: і прэзыдэнт, і дэпутат, і выкладчык, і трактарыст павінны быць роўныя перад законам. Ня можа нехта вырашаць, каму жыць, а каму не. Гаворка ж не пра нацысцкія канцлягеры, а пра часы, калі сялянаў зьнішчалі толькі за тое, што яны не хацелі ісьці ў калгас. За адну ноч расстралялі больш за сотню літаратараў. За што? За тое, што гаварылі па-беларуску, былі патрыётамі? Усё гэта вельмі дакладна паказаў Васіль Быкаў».

Здымаеш гісторыю, думаеш пра сучаснасьць

Кадар зь фільму
Кадар зь фільму

«Жоўты пясочак», у аснову якога пакладзены вядомы твор Васіля Быкава, расказвае пра сталінскія рэпрэсіі на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасьці, пра расстрэлы «ворагаў народу» ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Стужку Аляксей Туровіч зьняў на ўласныя сродкі, дзяржаўныя ўстановы дапамагаць адмовіліся.

Летась у верасьні цудам удалося наладзіць прэзэнтацыю ў менскім кінатэатры «Масква», аднак далейшае пракатнае жыцьцё карціны спынілася — за выключэньнем некалькіх кінатэатраў Менскай вобласьці, якія дазволілі зрабіць па адным сэансе.

Беларускае тэлебачаньне таксама ня лічыць, што фільм цікавы ягонай аўдыторыі. Настойлівасьць Аляксея Туровіча прывяла да таго, што на пачатку году была падпісаная дамова пра «пэрспэктыўны паказ» на каналах «Беларусь 3» ці «Беларусь 24». Дамова вызначыла 5-гадовы тэрмін, на працягу якога мае адбыцца паказ. Таму цяжка прадказаць, калі тое будзе.

«Гэта стужка ня толькі пра мінулае, яна і пра сёньняшні дзень, — працягвае Аляксей Туровіч. — Беларусь давялі „да ручкі“: караюць за іншадумства, тысячамі саджаюць за драбязу — маці вымушаныя абвяшчаць галадоўку, бо дзецям даюць 15–20 гадоў за „дозу“. Што гэта за рэжым, што за дыктатура ў ХХІ стагодзьдзі? Чаму ў сваім доме ня можам спакойна жыць і працаваць, на якой падставе кляпаюць ліпавыя справы? А ўсё ад таго, што ў нас беззаконьне, суды толькі мішура, усе рашэньні ўзгадняюцца. Мяне самога пасадзілі абсалютна без аніякіх доказаў. І тады я сабе сказаў: калі выжыву і выйду з турмы, экранізую Быкава — яго літаратура прароцкая».

Паводле рэжысэра, усе акторы, задзейнічаныя ў здымках «Жоўтага пясочку», працавалі або бясплатна, або за сымбалічныя грошы, якія, зноў жа, ён плаціў з уласнай кішэні — усе разумелі, што робяць унёсак у патрэбную справу. Адну з роляў ён выканаў сам.

Летась Аляксей Туровіч пачаў ліставацца зь дзяржаўнымі ўстановамі, каб тыя паспрыялі ў шырокім паказе стужкі пад 80-ю гадавіну найбольш масавых расстрэлаў «ворагаў народу». Аднак ні прэзыдэнцкая адміністрацыя, ні Міністэрства культуры, ні Нацыянальная тэлерадыёкампанія не пайшлі насустрач, як пад капірку адказаўшы, што супрацу лічаць «немэтазгоднай».

Выглядае, што любое згадваньне пра масавыя рэпрэсіі — ці ў творчасьці самога Васіля Быкава, ці ў экранізацыі — у Беларусі дагэтуль пад забаронай, робіць выснову кінарэжысэр.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG