Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр Хашчавацкі: «Русский мир» у Беларусі — найперш прэзыдэнт і ўся ўлада


Госьць «Інтэрвію тыдня» — вядомы беларускі рэжысэр Юры Хашчавацкі, які нядаўна зьняў новы дакумэнтальны фільм «Гэты вар’яцкі, вар’яцкі, варяцкі „русский мир“». Ён адказвае на пытаньне, чым «русский мир» адрозьніваецца ад цывілізаванага сьвету, тлумачыць, дзе ён яшчэ ў 1991 годзе пагадзіўся зь Зянонам Пазьняком, і разважае над тым, наколькі глыбока «русский мир» укараніўся ў Беларусі.

«Канцэпцыя „русского мира“ грунтуецца на ўласнасьці на людзей»

— На тэлеканале «Белсат» 16 сакавіка адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Гэты вар’яцкі, вар’яцкі, вар'яцкі „русский мир“» (у арыгінале — «Этот безумный, безумный, безумный „русский мир“»). Вы, Юры, вядомы беларускаму гледачу найперш як аўтар легендарнай дакумэнтальнай стужкі «Звычайны прэзыдэнт» пра Аляксандра Лукашэнку. Іншы ваш фільм, «Лабатамія», — пра канфлікт Расеі і Грузіі. І вось цяпер прадметам вашага творчага інтарэсу стаў «русский мир». Чаму?

— Рэч у тым, што калі спрабуеш знайсьці карані праблемаў, якія нас хвалююць — даводзіцца ісьці ў розныя канцы і назіраць за многім. І так ці іначай шлях такога расьсьледаваньня прыводзіць да таго, што мы знаходзімся ў сфэры вельмі сур’ёзнага імпэрскага ўплыву з боку Расеі. У чым палягае гэты ўплыў, як гэтыя інструмэнты і мэтады расейскай палітыкі скажаюць сытуацыю і атмасфэру ў суседніх краінах, дзе моцны расейскі ўплыў, — гэта мне падаецца вельмі цікавым.

Бо з гэтым мы і змагаемся апошнія чвэрць стагодзьдзя. Так ці іначай, корань нашых праблемаў у многім трэба шукаць там.

— І да якіх высноваў вы прыйшлі? Чым усё ж вылучаецца «русский мир»? Вядома, гэта вялізная і філязофская тэма для кароткага інтэрвію — але ўсё ж чым «русский мир» адрозьніваецца ад астатняга сьвету, ад цывілізаваных краінаў?

— У фільме я прыводжу глыбачэзную філязофскую думку майго геніяльнага суразмоўцы Юрыя Афанасьева, на жаль, ужо нябожчыка. Незадоўга да ягонай сьмерці мне пашанцавала ўзяць у яго інтэрвію для гэтага фільму, і ён сфармуляваў вельмі дакладна адрозьненьне заходняй цывілізацыі ад расейскай на тэрыторыі Расейскай імпэрыі.

Канцэпцыя заходняга сьвету грунтуецца на ўласнасьці на зямлю. Канцэпцыя «русского мира» грунтуецца на ўласнасьці на людзей. І калі вы паспрабуеце ўявіць сабе нават нашу ўладу, беларускую, то вы зразумееце, што гэта працяг гэтай канцэпцыі. Кожны чалавек — гэта букашка, кожны начальнік — твой уласьнік, ён робіць з табой што хоча. Нават самы просты амапавец лічыць цябе сваім рабом і лічыць, што можа рабіць з табой што хоча. І гэта да самага верху менавіта так. У гэтым стане — «я начальнік, ты дурань», «я гаспадар, ты мой раб» — так мы і жывём, так пабудаваная сыстэма ўлады.

І нягледзячы на тое, што пабудаваныя гэтыя «пацёмкінскія вёскі» ў выглядзе дэмакратычных інстытутаў, нібыта парлямэнт, нібыта суд, нібыта грамадзянская супольнасьць, нібыта выбары — усё гэта проста ілюзіі, альбо, як цяпер ужываюць новае моднае слова, «сымулякры». А на самой справе гэта звычайнае рабства, якое цягнецца ўжо некалькі стагодзьдзяў. У выглядзе прыгоннага права — проста яно набыло новую форму, якая цяпер называецца «кантрактная сыстэма», якая практычна прыводзіць да новага тыпу прыгону.

Людзі перасталі змагацца за сваю годнасьць, а пачалі змагацца за тое, каб таксама стаць нечымі гаспадарамі

— У фільме вы разважаеце, што чалавек у Расеі разглядаецца як паліва — паліва для дзяржавы. Але чаму людзі гатовыя быць у гэтай ролі? Чаму яны не пратэстуюць супраць гэтага, чаму большасьць не спрабуе з гэтай ролі вырвацца?

— Гэтыя стогадовыя звычкі да рабства і халопства так ці іначай сказілі мэнтальнасьць людзей. Людзі перасталі змагацца за сваю годнасьць, а пачалі змагацца за тое, каб таксама стаць нечымі гаспадарамі. Таму гэтае халопства, якое зьяўляецца адваротным бокам агрэсіўнасьці, проста ўелася каранямі ў чалавека.

Зь іншага боку, годнасьць і павага да правоў чалавека пачынаецца з павагі да правоў уласнасьці. Цікава, як разьвіваліся правы асобы ў Эўропе. Спачатку ішла размова пра правы ўласнасьці. Правы асобы пайшлі ўсьлед за гэтым. Бо асоба пачынала ўспрымацца ня проста як біялягічны арганізм, а як асоба, якая мае свой дом, сям’ю, уласнасьць.

Што тычыцца нашай сытуацыі, то ў нас ніколі гэтае права ўласнасьці не было сьвятым. Але ж менавіта на ім грунтуецца рымскае права, аснова ўсёй прававой сыстэмы заходняй цывілізацыі. Мы кажам — у нас закон не працуе, таму патрэбная моцная рука. Чаму? Бо парушана галоўнае, няма клясы ўласьнікаў, якія могуць прымусіць уладу жыць паводле закону. Грамадзтва пачынае падтрымліваць моцную руку, бо няма іншага спосабу навязаць хоць якую волю, хоць якія законы. І ў выніку грамадзтва масава падтрымлівае тую ўладу, якая робіць яе халопамі — гэта замкнёнае кола.

— Вы ў фільме цытуеце Пазьняка: «Дэмакратыя ў Расеі — гэта цёмны тунэль, у канцы якога — Ельцын на танку». Вы прызнаяцеся, што спачатку ўспрынялі гэта як русафобскае выказваньне — але цяпер больш схільныя з Пазьняком пагадзіцца.

— Ня проста «цяпер». Я адразу зразумеў, што ён мае рацыю, яшчэ ў 1991-м, калі пабачыў Ельцына на танку. Яшчэ былі танкі і ў Прыднястроўі, і ў Маскве ў 1993-м, і ў Вільні, былі падзеі ў Тбілісі — сама гісторыя, само разьвіцьцё падзей даказала, што Зянон меў абсалютна рацыю. І так яно працягваецца і дасюль.

— Ваш фільм сымбалічна заканчваецца пэўным фінальным акордам «русского мира», да чаго ён прыйшоў цяпер — падзеямі ў Данбасе, перамовамі данбаскіх сэпаратыстаў, якія абмяркоўваюць зьбіты самалёт.

— Так, яны робяць радасную фатаграфію на фоне гэтага зьбітага самалёта. Паглядзіце на іхнія задаволеныя твары. То бок гэта людзі, якія пазбаўленыя любога паняцьця пра маральнасьць, гуманізм. Ім падабаецца забіваць, зьнішчаць, усіх ставіць на калені. Паглядзіце фільм да канца, і вы зразумееце, з чым мы маем справу. Мы маем справу з выраджэньнем чалавецтва.

Яны не змагаюцца за незалежнасьць нашай дзяржавы, яны змагаюцца за сваю ўласную незалежнасьць, за сваё права кіраваць бясконца

— Напэўна, самае цяжкае пытаньне, якое я хачу вам задаць у канцы нашай размовы, такое — колькі «русского мира» ў Беларусі? Ці ёсьць гістарычны шанец у беларусаў адасобіцца ад яго, пазбавіцца ад мэтастазаў «русского мира»?

— Беларускія правіцелі, чыноўнікі — гэта цалкам пасьлядоўнікі «русского мира». Нягледзячы на тое, што яны спрабуюць стварыць уражаньне, нібыта змагаюцца за незалежнасьць. Але яны не змагаюцца за незалежнасьць нашай дзяржавы, яна змагаюцца за сваю ўласную незалежнасьць, за сваё права кіраваць бясконца, пажыцьцёва, магчыма нават — за права перадаваць уладу ў спадчыну. За свае грошы, за права ўціскаць усіх вакол і ўсіх рабіць халопамі. Гэта і ёсьць працяг «русского мира». Таму «русский мир» у Беларусі — гэта найперш наша ўлада, пачынаючы ад прэзыдэнта і заканчваючы апошнім чыноўнікам.

Што тычыцца звычайных людзей, то тут, мне падаецца, сытуацыя лепшая. Бо беларусы паступова пабачылі і пераканаліся ў агрэсіўнасьці і хамстве — асабліва там, дзе бываюць «госьці з Расеі». Хамства на дарогах, у крамах, у зносінах — яны з гэтым сутыкаюцца. І мне падаецца, што паступова беларусы разумеюць гэта. Асабліва наша моладзь, тая частка, якая адукаваная, якая разумее, што «русский мир» пазбаўляе іх магчымасьці праявіць сябе, дасягнуць нейкіх вяршынь у прафэсіі і жыцьці.

У гэтым сэнсе разьвіцьцё нашага грамадзтва, беларускага, нават беларускамоўнага — ёсьць абаронай ад гэтай навалы, якая ідзе з Усходу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG