Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісант першай Канстытуцыі: Беларусі варта адмовіцца ад прэзыдэнцкай формы кіраваньня


Мечыслаў Грыб

15 сакавіка 1994 году была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі, подпіс пад якой паставіў тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб. У «Інтэрвію тыдня» ён заяўляе, што цяперашняя ўлада гатовая парушаць любую, самую ідэальную Канстытуцыю, узгадвае, як Лукашэнка адразу пасьля абраньня прэзыдэнтам называў свае паўнамоцтвы «царскімі», і тлумачыць, чаму пасьля зьмены ўлады трэба будзе вярнуцца да Канстытуцыі ў рэдакцыі 1994 году.

Трэба было першыя два тэрміны прэзыдэнта абіраць парлямэнтам

— Вы як тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету падпісалі першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі, прынятую 15 сакавіка 1994 году. Найбольш гарачыя дыскусіі тады разгарнуліся вакол інстытуту прэзыдэнцтва, апазыцыя БНФ тады выступала супраць пераўтварэньня Беларусі ў прэзыдэнцкую рэспубліку. Што паказаў гістарычны досьвед гэтых гадоў, як можна ацаніць інстытут прэзыдэнцтва? Ці на той момант пры тагачасным раскладзе палітычных сілаў проста не было іншых варыянтаў?

— Так, тады выпрацаваліся тры кірункі ў Вярхоўным Савеце. Адны выступалі за прыняцьце прэзыдэнцкай формы кіраваньня, іх была большасьць. Гэтую групу ўзначальваў тагачасны прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч. Другая група, меншасьць, выступала за парлямэнцкую рэспубліку. І трэцяя група нічога не хацела прымаць, пакінуць усё як ёсьць.

Шмат было спрэчак, але ў выніку 15 сакавіка старшыня падліковай камісіі Віктар Ганчар далажыў, што галасаваньне скончылася і Канстытуцыя прынятая. Канстытуцыя была прызнаная дэмакратычнай, яна прайшла цэлы шэраг міжнародных экспэртыз, Вэнэцыянскую камісію.

Але нават тая Канстытуцыя, якая была зьмененая ў 1996 годзе і рабілася пад сёньняшнюю ўладу, — яна не выконваецца і парушаецца. То бок які тэкст Канстытуцыі ні зрабі — пры такой уладзе яна будзе парушацца.

Вокладка шматтыражнай публікацыі Кастытуцыі 1994 году
Вокладка шматтыражнай публікацыі Кастытуцыі 1994 году

Што тычыцца прэзыдэнцтва, то ў той час абставіны былі наступныя: уся заканадаўчая ўлада знаходзілася ў руках Вярхоўнага Савету на чале са Станіславам Шушкевічам, а выканаўчая ўлада і грошы канцэнтраваліся ў руках Вячаслава Кебіча. І гэтае перацягваньне канату вельмі шкодзіла разьвіцьцю краіны. Тым часам вакол Беларусі ў большасьці постсавецкіх краінаў стваралася моцная прэзыдэнцкая ўлада.

— Дарэчы, якраз краіны Балтыі, якія пайшлі ў кірунку Эўропы, абралі парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку, дзе прэзыдэнт выконвае найперш прадстаўнічыя функцыі. І многія могуць цяпер ацаніць, дзе лепшыя вынікі — з пункту гледжаньня дэмакратыі, эканомікі і правоў чалавека.

— У іх таксама адпачатку былі прэзыдэнцка-парлямэнцкія формы кіраваньня. Але яны аказаліся больш асьцярожныя за нас. Першы і нават другі тэрмін прэзыдэнцтва яны зрабілі праз абраньне ў парлямэнце. І слушна зрабілі.

А мы сталі думаць, што адразу дасягнулі вялікага ўзроўню дэмакратыі. Што ўсе нашы людзі могуць адразу ісьці галасаваць, што людзі не памыляцца. І ў выніку мы атрымалі тое, што і заслужылі.

Сёньня я мяркую так, што кідацца ў прэзыдэнцкую форму кіраваньня было небясьпечна. Трэба было прыняць спэцыяльную пастанову, каб хаця б першыя два тэрміны прэзыдэнта абіраць парлямэнтам. Але цяжка сказаць, што з гэтага атрымалася б. Бо першым прэзыдэнтам, якога абіраў бы парлямэнт, стаў бы Кебіч. А як бы ён сабе паводзіў — цяжка сказаць.

Лукашэнка тады сам сказаў — «У мяне царскія паўнамоцтвы». Але іх яму не хапіла

Аляксандар Лукашэнка прысягае на Канстытуцыі 1994 году
Аляксандар Лукашэнка прысягае на Канстытуцыі 1994 году

— У 1996 годзе ў выніку рэфэрэндуму, які апазыцыя называе дзяржаўным пераваротам, былі прынятыя папраўкі ў Канстытуцыю, якія павялічвалі ролю і паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы, разбуралі падзел уладаў. Тое, што адбылося ў 1996-м, — было лягічным вынікам таго, што было закладзена ў Канстытуцыі 1994 году, ці гэта проста варта тлумачыць асабістымі якасьцямі Аляксандра Лукашэнкі?

— У Канстытуцыі ў рэдакцыі 1994 году прэзыдэнцкая ўлада прадугледжвалася з даволі моцнымі функцыямі, правамі і паўнамоцтвамі. Лукашэнка тады сам сказаў — «У мяне царскія паўнамоцтвы». Але іх яму не хапіла. Справа заключалася ў тым, што паміж Вярхоўным Саветам і выканаўчай уладай выйшла непаразуменьне. Прэзыдэнт пасьля свайго абраньня прыйшоў у Вярхоўны Савет і папрасіў паўнамоцтвы, каб прымаць акты, якія б мелі сілу закону. Але ў Канстытуцыі было адназначна запісана, што адзіным вышэйшым заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь зьяўляецца Вярхоўны Савет. Таму немагчыма даць прэзыдэнту паўнамоцтвы прымаць законы. Лукашэнка пакрыўдзіўся і ўсімі праўдамі і няпраўдамі дасягнуў таго, што ён можа прымаць дэкрэты і ўказы. Але адзін чалавек ня можа прымаць законы, гэта няправільна.

Пасьля зьмены ўлады варта будзе вярнуцца да Канстытуцыі ў рэдакцыі 1994 году

— Усе дэмакратычныя сілы Беларусі згодныя ў тым, што цяперашняя Канстытуцыя не зьяўляецца дэмакратычнай, у ёй няма падзелу ўладаў. Але калі ў краіне адбудзецца зьмена ўлады і давядзецца рабіць канстытуцыйную рэформу — то тут узьнікаюць спрэчкі. Адны кажуць, што трэба вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, іншыя — што варта прымаць зусім новы асноўны закон.

— Мая асабістая думка такая: калі мы будзем станавіцца на дэмакратычны шлях разьвіцьця краіны, то напачатку варта будзе вярнуцца да Канстытуцыі ў рэдакцыі 1994 году. А потым уносіць туды пэўныя зьмены і дадаткі. Магчыма, цалкам адмовіцца ад прэзыдэнцкай формы кіраваньня або пакінуць яе намінальна як прадстаўнічую функцыю.

Вынікі рэфэрэндуму 1996 году адмяняць ня трэба, бо ён быў недэмакратычны і нелегітымны

У нас 60 ці болей працэнтаў цяперашняй Канстытуцыі — цалкам нармальныя. Трэба проста зьмяніць разьдзел пра прэзыдэнцтва і некаторыя іншыя. А астатнія — цалкам нармальныя, яны засталіся ў рэдакцыі 1994 году. Усе правы і абавязкі ёсьць, але яны не выконваюцца цяперашняй уладай. Можна прыняць ідэальную Канстытуцыю і яе не выконваць.

Таму я лічу, што напачатку трэба вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, потым абраць Вярхоўны Савет, які ўнясе адпаведныя зьмены. І ніякіх рэфэрэндумаў не патрэбна. Вынікі рэфэрэндуму 1996 году адмяняць ня трэба, бо ён быў недэмакратычны і нелегітымны.

— То бок вы лічыце, што вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году не прывядзе да злому заканадаўчай сыстэмы, якая існуе ў краіне — бо шмат чаго можна пакінуць?

— Нешта застанецца, а нешта адменіцца. Улада пяройдзе да парлямэнту, які будзе зацьвярджаць урад, урад будзе трымаць перад ім справаздачу. А потым можна будзе вырашаць пытаньне з прэзыдэнцтвам. Я лічу, што яно адамрэ — мы можам свабодна ад гэтага адмовіцца. Увогуле, я ўпэўнены, што прэзыдэнцтва зь вялікімі паўнамоцтвамі ў краінах постсавецкай прасторы адамрэ. Мабыць, толькі за выключэньнем Расеі.

Рэфэрэндум 1996 году: Канстытуцыя дыктатуры

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG