Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першае шэсьце і мітынг у Курапатах. Унікальныя фота Міколы Таранды


Выступ Зянона Пазьняка. Зьлева відаць Сяржук Вітушка, Уладзімер Ягоўдзік, Мікола Касьцюкевіч, Ігар Бабкоў, Ігар Марачкін, Алесь Суша. Мікрафон трымае Віталь Сямашка (сьпінай), справа Андрусь Абламейка.
Выступ Зянона Пазьняка. Зьлева відаць Сяржук Вітушка, Уладзімер Ягоўдзік, Мікола Касьцюкевіч, Ігар Бабкоў, Ігар Марачкін, Алесь Суша. Мікрафон трымае Віталь Сямашка (сьпінай), справа Андрусь Абламейка.

30 гадоў таму, 19 чэрвеня 1988 году, адбылося першае шэсьце грамадзкасьці ў Курапаты, арганізаванае неўзабаве пасьля публікацыі артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці».

Шэсьце ў Курапаты. На пярэднім пляне справа — Зьміцер Кісель
Шэсьце ў Курапаты. На пярэднім пляне справа — Зьміцер Кісель

Мітынг і шэсьце былі арганізаваныя актывістамі моладзевай нефармальнай суполкі «Талака».

Заяўку падавалі Сяржук Вітушка і Віктар Івашкевіч, але акцыю не дазволілі. Заяўнікаў выклікалі ў рэспубліканскую пракуратуру і папярэдзілі, што яны парушаюць закон.

Старшыня менскай «Талакі» Сяржук Вітушка
Старшыня менскай «Талакі» Сяржук Вітушка

Шэсьце і мітынг прайшлі несанкцыянавана, у ім узялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек. Міліцыя людзей не спыняла і не арыштоўвала (у адрозьненьне ад наступнай акцыі на Дзяды 30 кастрычніка 1988 году). Пасьля арганізатараў пакаралі штрафам — па 50 рублёў.

Збор прызначылі ля трамвайнага разваротнага кола ў Зялёным Лузе, адтуль людзі пехатою ішлі ў курапацкі лес.

Гарадзенцы на мітынгу ў Курапатах
Гарадзенцы на мітынгу ў Курапатах

Сярод удзельнікаў таго шэсьця быў горадзенскі навуковец Мікола Таранда, сябра суполкі «Паходня». Ён меў з сабою фотаапарат і зрабіў гістарычныя здымкі тых падзей. Таранда падзяліўся гэтымі фота з сайтам Свабоды і напісаў свой успамін пра тую першую акцыю ў Курапатах.

Крайні зьлева – Мікола Таранда, справа налева Віктар Габец, Міхась Баярчук, Галіна Прыма
Крайні зьлева – Мікола Таранда, справа налева Віктар Габец, Міхась Баярчук, Галіна Прыма

«19 чэрвеня 1988 году я, Зьміцер Кісель, Віктар Габец і Міхась Баярчук прыехалі ў Менск, каб узяць удзелу ў шэсьці «Дарогаю сьмерці» і мітынгу ў Курапатах, якія былі рэакцыяй на публікацыю ў «ЛІМе» артыкулу Зянона Пазьняка «Курапаты — дарога сьмерці». Зьбіраліся ўдзельнікі на канцавым прыпынку трамваяў у Зялёным Лузе. Было ўжо шмат міліцыянтаў, якія назіралі за народам.

На месцы збору падышоў да Віктара Івашкевіча, які стаяў з транспарантам-абвесткай, і павітаўся. Ён тады даў мне заданьне разам зь іншымі ўдзельнікамі аднесьці сымбалічны помнік ахвярам у курапацкі лес.

Выступае Віктар Івашкевіч
Выступае Віктар Івашкевіч

Менскія ўлады і ЦК камсамолу заклікалі прысутных сесьці ў аўтобусы, якіх стаяла каля паўсотні, і ехаць на афіцыйны альтэрнатыўны мітынг да опэрнага тэатру. Але ніхто не зьвяртаў на гэты заклік увагі, і неўзабаве калёна, якая налічвала каля дзясятка тысяч чалавек, рушыла ў Курапаты.

Зянон Пазьняк на мітынгу (у цэнтры)
Зянон Пазьняк на мітынгу (у цэнтры)

Трэба было непрыкметна, каб міліцыянты не адабралі, аднесьці на месца скульптуру-помнік ахвярам. Гаспадара кватэры, на гаўбцы якой захоўваўся помнік, Ігара Марачкіна, не аказалася дома, і хлопцы палезьлі забіраць яго з вуліцы на другі паверх. Дастаткова было каму з суседзяў патэлефанаваць у міліцыю — і справа была б праваленая. Пасьля Ігар прыйшоў і адчыніў дзьверы.

Сымбалічны помнік ахвярам Курапатаў скульптара Гэніка Лойкі. Кветкі ўскладаюць гарадзенцы Зьміцер Кісель і Міхась Баярчук
Сымбалічны помнік ахвярам Курапатаў скульптара Гэніка Лойкі. Кветкі ўскладаюць гарадзенцы Зьміцер Кісель і Міхась Баярчук

На сваіх здымках у калёне я ўжо пазьней заўважыў знаёмых беларускіх студэнтаў з Польшчы: Юрку Ляшчынскага, Валянціна Сельвесюка, Барбару Кучынскую (цяпер Пякарскую). А падчас мітынгу побач стаялі акторы львоўскага тэатру імя М.Занькавецкай, зь якімі крыху пазьней нам надарылася нагода пазнаёміцца і пасябраваць.

Выступае Павел Пруднікаў
Выступае Павел Пруднікаў

Адкрыў і вёў мітынг старшыня менскай «Талакі» Сяржук Вітушка. Выступілі народны пісьменьнік Беларусі Іван Чыгрынаў (які быў яшчэ і старшынёй Беларускага аддзяленьня савецкага фонду культуры), Зянон Пазьняк, адзін зь лідэраў «Талакі» рабочы-чыгуначнік Віктар Івашкевіч, пісьменьнік Кастусь Тарасаў, дачка забітага ў Курапатах паэта Тодара Кляшторнага Мая, былы вязень ГУЛАГу паэт Павал Пруднікаў ды іншыя, у тым ліку сакратар Менскага гаркаму партыі Пятро Краўчанка, які пасьпеў пад’ехаць зь мітынгу каля опэрнага тэатру».

(Просім чытачоў, якія пазнáюць не падпісаных на фота ўдзельнікаў акцыі, паведаміць іх імёны нам праз сацыяльныя сеткі і электронную пошту. — РС.)

Выступае сакратар па ідэалёгіі Менскага гаркаму партыі Пятро Краўчанка
Выступае сакратар па ідэалёгіі Менскага гаркаму партыі Пятро Краўчанка
Мая Кляшторная
Мая Кляшторная
Кастусь Тарасаў
Кастусь Тарасаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG