Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Марзалюк: «Рэстаран не на касьцях. Але есьці там ніколі ня буду»


Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Марзалюк падзяліўся са Свабодай сваім бачаньнем канфлікту вакол рэстарацыі каля месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы запэўнівае, што месца, на якім паўстаў забаўляльны комплекс, «цяпер знаходзіцца па-за межамі ахоўнай зоны»: «Дэ-юрэ тут усё бездакорна».

«Было б дзікунства, калі б рэстаран пабудавалі непасрэдна ў зоне. А гэты рэстаран пастаўлены не на касьцях, — кажа Марзалюк. — Я гэтым пытаньнем займаўся грунтоўна. Спачатку была часовая мяжа, вызначаная прафэсійнымі гісторыкамі — Вольгай Кукуняй і іншымі. А куратарам гэтага ў Міністэрстве культуры на той час быў глыбока паважаны мною гісторык, археоляг Ігар Мяфодзевіч Чарняўскі. А потым Міністэрства культуры замаўляла канчатковую вэрсію зоны Курапатаў. І замовіла яна яе чамусьці не прафэсійным археолягам, не прафэсійным гісторыкам, а чалавеку са спэцыяльнасьцю „архітэктура“. І завецца гэты чалавек Вадзім Гліньнік (распрацаваў новы праект зон аховы Курапат, які зьменшыў папярэднія зоны і зрабіў магчымым пабудову забаўляльнага комплексу. — РС)».

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Паводле Марзалюка, «людзі, якія займаюцца рэстаранным бізнэсам», становяцца «закладнікамі сытуацыі»: «Ім адвялі месца, яны ўклалі грошы. А цяпер іх незразумела за што трэціруюць. Яны што, на касьцях гэты рэстаранны бізнэс адкрылі? Не».

«Калі трэба было захоўваць, скажам так, большую мяжу Курапатаў, то задавайце пытаньне архітэктарам, якія любяць пазыцыянаваць сябе як шчыра сьвядомыя беларусы, але калі вельмі патрэбна, яны вельмі лёгка адводзяць алоўкам мяжу бліжэй. Ці далей. У залежнасьці ад сытуацыі, — кажа Марзалюк. — Спытайцеся пра гэта ў Вадзіма Гліньніка. Ён жа ў нас такі эўрапеец. Я чытаў ягоную гістарычную даведку. Мне было незразумела, чаму пераносіцца мяжа. Гэта была бездапаможная, дзіцячая даведка. Але ён на замову Мінкульту яе напісаў. І мяжу акрэсьліў іначай. Гэта не пытаньне нават да намесьніка міністра культуры. Гэта пытаньне да таго, хто выконваў апошні праект ахоўнай мяжы».

Як каля месца масавых расстрэлаў зьявіўся рэстаран

«Мне не падабаецца гэтая дзікая вакханалія»

«Мне не падабаецца гэтая дзікая вакханалія на пустым месцы, — кажа Ігар Марзалюк. — Я яшчэ раз падкрэсьліваю: я там есьці ня буду ніколі. Але тут існуе маральная праблема паводзінаў. У першую чаргу спадароў архітэктараў. І тых, хто рабіў гэтыя даведкі.

У Беларусі ёсьць мэмарыялы ахвярам нацызму, якія знаходзяцца ў гарадзкой рысе. І за 300–400 мэтраў ад гэтых мэмарыялаў знаходзяцца рэстараны. Нават на меншай адлегласьці. Калі вы зьезьдзіце ў Магілёў, то там быў лягер сьмерці таксама. І недалёка ад яго таксама рэстаран знаходзіцца. І ніхто не крычыць, не галосіць».

Марзалюк параіў лідэру пратэстаў супраць рэстарана ля Курапатаў Паўлу Севярынцу «заняцца чым-небудзь іншым».

«А менавіта тымі людзьмі, якія непасрэдна прымалі рашэньні. Зь імі трэба разьбірацца. А што рэстаратары? Ім адвялі месца, яны пабудавалі рэстаран», — лічыць Марзалюк.

Чытайце таксама:

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць: дэпутат, рокер, лекар-дыетоляг

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць Ганна Бонд, Уладзімір Войнавіч і Юлія Чарняўская

Зісер: Дзяржава павінна сказаць сваё слова пра рэстарацыю ля Курапатаў

Лявон Вольскі: «Установа грамадзкага харчаваньня ля Курапатаў — гэта зусім цынічна»

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG