Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахоўнікі рэстарана ля Курапатаў сарвалі плякаты актывістаў. ФОТА


Прадстаўнікі рэстарана бесьперашкодна сарвалі з агароджы плякаты абаронцаў Курапатаў, 11 чэрвеня
Прадстаўнікі рэстарана бесьперашкодна сарвалі з агароджы плякаты абаронцаў Курапатаў, 11 чэрвеня

У другой палове дня 11 чэрвеня каля ўезду ў рэстаран «Поедем поедим», што за 50 мэтраў ад мэмарыялу ў Курапатах, засталося ўсяго два пікетоўцы. Пабачыўшы гэта, ахоўнікі ўстановы бесьперашкодна сарвалі з агароджы плякаты абаронцаў Курапатаў, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

Пратэсты грамадзянскіх актывістаў супраць адкрыцьця рэстарацыі трываюць ад пачатку чэрвеня. 11 чэрвеня адзін зь лідэраў пратэсту, сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец сказаў Свабодзе, што сёньня абаронцы Курапатаў зацьвердзілі пляны на штодзённую 12-гадзінную варту пад брамай рэстарацыі.

У першай палове дня пад рэстарацыяй дзяжурыла каля 10 чалавек, адзначыўся толькі канфлікт з кіроўцам «Мэрсэдэса», пасьля чаго супрацоўнікі ДАІ склалі пратаколы на чатырох актывістаў. Аднак ужо пасьля 15 гадзіны засталіся два актывісты «Альтэрнатывы» (сёньня прадстаўнікі гэтай палітычнай арганізацыі адказныя за варту ў Курапатах). Яны таксама не перашкаджалі праезду.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG