Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі: «Установа грамадзкага харчаваньня ля Курапатаў — гэта зусім цынічна»


Лявон Вольскі, архіўнае фота
Лявон Вольскі, архіўнае фота

Беларускі музыка Лявон Вольскі падзяліўся са Свабодай сваім бачаньнем канфлікту вакол рэстарацыі ля месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах.

Чытайце таксама:

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць: дэпутат, рокер, лекар-дыетоляг

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць Ганна Бонд, Уладзімір Войнавіч і Юлія Чарняўская

«На маю думку, ненармальна, што там адкрываецца рэстарацыя, але мне падаецца, што яна доўга не пратрымаецца там, — разважае Лявон Вольскі. — Гэта ж не такое месца як вуліца Зыбіцкая ці Кастрычніцкая — я наогул не разумею, хто туды паедзе есьці. Мо цяпер туды, чаго не хацелася б, будуць езьдзіць нейкія людзі паводле палітычных схільнасьцей, верныя сталіністы-леніністы.

А я там пасьвяткаваць-паесьці — вы што? Я і так у Менску рэдка хаджу па такіх „злачных“, а ехаць есьці каля месца масавых расстрэлаў — гэта абсурд поўны.

У рэстарацыі «Поедем поедим»
У рэстарацыі «Поедем поедим»

Мне здаецца, тыя, хто там пратэстуюць, маюць на тое права, чаму не. Але калі гэта даходзіць да пакусаных рук, гэта крыху дыскрэдытуе справу. Трэба шукаць нейкія іншыя шляхі, можа быць, юрыдычныя, мо грамадзкую ініцыятыву рабіць, нейкія подпісы сабраць… Ня ведаю, музэй ці не музэй там патрэбны, але ўстанова грамадзкага харчаваньня — гэта зусім цынічна».

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG