Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 лютага 1937 году нарадзіўся Алесь Наўроцкі — адзін з самых загадкавых і трагічных беларускіх творцаў другой паловы 20 стагодзьдзя. Майстар вострых, парадаксальных мэтафар, гратэскных, балючых вобразаў. Яго творчасьць любілі Васіль Сёмуха, Уладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў. Наўроцкі ня мог пісаць як усе, ня мог падпарадкоўвацца агульным правілам — адсюль малая колькасьць кніг, публікацый, творчыя расчараваньні, недавер да былых сяброў, сьвядомая адзінота і вымушанае беспрацоўе. Паводле Анатоля Сідарэвіча, Наўроцкі — адзін з тых нямногіх беларускіх пісьменьнікаў, «хто разбураў эстэтыку сацыялістычнага рэалізму».

1) Школьнікам пачаў пісаць вершы, таму што быў упэўнены — калі іх надрукуюць, то каханая з суседняга сяла абавязкова зьверне на яго ўвагу:

«У тым ранейшым сяле, дзе мы жылі, засталася яна. От бы добра было падаць ёй вестку. Але як? Напісаць пісьмо? Не, гэта немагчыма. Засьмяюць. Што ж рабіць? Што ж зрабіць такое, каб яна ўспомніла пра мяне? Але, здаецца, здаецца, выйсьце ёсьць. Трэба сёньня ж паспрабаваць! Зараз жа! (...) Праўда, я спазьніўся, бо Пушкін за мяне пачаў раней, але ўсё ж... Яна разгорне нумар „Піянэра Беларусі“ і аж спалохаецца ад радасьці і зьдзіўленьня».

Гаўрыла Гарэлаў. «Партрэт Максіма Танка». Фрагмэнт
Гаўрыла Гарэлаў. «Партрэт Максіма Танка». Фрагмэнт

2) Быў ці не адзіным маладым беларускім пісьменьнікам, хто ўгнявіў заўсёды спакойнага Максіма Танка

У канцы 50-х Алесь Наўроцкі напісаў «адну з самых пачварных сваіх рэчаў, якія толькі хоць калі-небудзь даводзілася пісаць»: «Да камунізма ідучы», дзе былі такія радкі:

Стол. На стале пад шклом Расія. Зь сінімі рэкамі. Зь лясамі зялёнымі. Чырвоныя стрэлкі накірованы да Петраграда. З крэслаў выпаўзьлі і над сталом навісьлі тонамі жываты Часовага Ўрада.

[...]
— Бі гадаў! — Партыі голас грымучы.
І білі. І зьмялі, трымаючы хто вінтоўку, хто пісталет.
І нарадзіўся новы, да камунізму ідучы
сьвет.

Максім Танк прачытаў [паэму]...

— Ну, баценька... Ды тут жа паэзія не начавала...

— Ёсьць пра што гаварыць... Я сьцьвярджаю, што ідэя яго самая...

— Дык жа няма верша! Няма паэзіі! Што вы дурыце мне галаву...

— Я пра ідэю гавару! Ёсьць тут ідэя! Самая вялікая...

Купка пісьменьнікаў у зьдзіўленьні сачыла за намі: хто з нас праў, хто вінават...

— Ды няма тут верша... Няма тут пра што гаварыць... — ускрычаў Максім Танк.

Пазьней, калі я прахаджваўся з Барысам Сачанкам па праспэкту, я пачуў: «Пісьменьнікі гаварылі: яшчэ ні разу ня бачылі такога Танка, але і маладога пісьменьніка такім таксама ні разу ня бачылі...» Я ўсьміхаўся, але мне было не па сабе: я адчуваў, што гэтай гаворкаю на ўсё жыцьцё нанёс рану Максіму Танку, а значыць, і самому сабе...»

Вокладка першай кнігі Алеся Наўроцкага. 1962 год
Вокладка першай кнігі Алеся Наўроцкага. 1962 год

3) Дакараў сябе, што пісаў творы, прысьвечаныя Леніну

«Тады да сталасьці было яшчэ далёка-далёка (...) І хаця сама па сабе „Размова з Уладзімерам Ільічом“ напісана паэтычна, па-майстэрску, хаця яна шчырая, але ня ўсялякая шчырасьць мае права на існаваньне ў літаратуры. Я быў тады ўсё яшчэ Пеця Растоў, які з благоговением у натоўпе людзей пазіраў на цара, а той раскідае бісквіты, і Пецю ледзь не прыдушылі жаждущие этого благоговения».

4) Лічыў, што Мікалай ІІ варты расстрэлу, але шкадаваў яго дзяцей

У адным з эсэ, прысьвечаных Леніну, зьвяртаўся да свайго героя: «На малюнках вельмі часта (ды і на фатаграфіях) можна бачыць, як Вы любіце дзяцей... А нешта я нідзе ня чуў і нідзе не чытаў, каб Вы асудзілі расстрэл дзяцей цара Мікалая... Яго самога, канечне ж, трэба было расстраляць, паколькі ён страляў у людзей перад сваім Зімовым палацам, але навошта было расстрэльваць яго жонку і дзяцей? Нешта ня чуў я Вашага голасу на гэты конт».

Вокладка другой кнігі Алеся Наўроцкага. 1968 год
Вокладка другой кнігі Алеся Наўроцкага. 1968 год

5) Параўноўваў сваю творчасьць з цыркам

«Паэзія (...) гэта яшчэ і цырк. Вы можаце не любіць цырку, але чаму вы павінны адмовіць права цырку ў яго існаваньні? Паэзія-цырк — вось што аб’ядноўвае Хлебнікава, Маякоўскага, Кірсанава, Вазьнясенскага... Да паэзіі-цырку адносяцца і мае прозавершы (...) Цырк — гэта мастацтва акрабатыкі, эквілібрыстыкі, жангліраваньня, дрэсіроўкі жывёл... А што, калі слова ператварыць як бы ў сабачку і прымусіць яго гаўкаць? Ператварыць у слана і прымусіць гэтага слана пад рытм музыкі дырыжыраваць? Аказваецца, са словам можна зрабіць усё. Зь яго можна выдзеліць корань і дабавіць які-небудзь новы суфікс і прыстаўку і ўтварыць слова-сабачку і слова-слана».

Пятрусь Броўка
Пятрусь Броўка

6) Яго вершы моцна крытыкаваў Пятрусь Броўка, але ў той жа час (1964 г.) напісаў Наўроцкаму рэкамэндацыю ў Саюз пісьменьнікаў

У зборніку «Искусство принадлежит народу» (Изд-во «Советская Россия», М., 1963 г.) знаходзім такія радкі Пятра Броўкі:

«Молодой поэт Алесь Навроцкий (поэт, надо сказать, способный, написавший немало хороших, выразительных стихов о нашей современности) пишет так: „Я очень мух не люблю. Перед тем как лечь спать, их ловлю и запихиваю в нос: все равно они туда залазят...“ Ну где же здесь искусство, где красота, способная вызвать лучшие человеческие чувства? Что может дать такое, с позволения сказать, творчество читателю?»

Анатоль Сыс. Фота Анатоля Клешчука
Анатоль Сыс. Фота Анатоля Клешчука

7) Скептычна ставіўся да паэзіі Анатоля Сыса:

«Прыглядаўся я да таго, як піша Анатоль Сыс. Лічыцца, што ён ужо наш клясык, але ў мяне такога ўражаньня ня склалася. Праўда, я прачытаў толькі адзін ягоны зборнік — „Пан Лес“. На маю думку, вышыняў Максіма Багдановіча ніхто з сучасных беларускіх паэтаў не дасягнуў».

З жонкай Валянцінай і дачкой Ліліяй. 1970 год
З жонкай Валянцінай і дачкой Ліліяй. 1970 год

8) Жонка называла яго «чарнільным пацуком»:

«Дома мяне чакае ўсё адзін і той жа стогн жонкі: „Як ты надаеў мне са сваёй пісанінаю!.. Зноў усеўся... Ніяк ты не напішасься, чарнільная крыса... Ты хоць дачку на руках пагушкай!“ Як бы добра было, калі б на гэты раз сышла куды-небудзь да суседзяў (...). Цікава, хто будзе маёй памочніцай [мэдсястрой. — В. Дэ Эм.] на гэты раз? Вось было б здорава, каб Сюзана! Трэба схаваць падалей той ліст, які я пісаў да яе! Разарваць яго не хапіла сілы! А ён можа мне прынесьці бяды! Жонка толькі і ведае коўзацца па маіх лістах! Як яна пастарэла за апошнія годы! Сысьці б куды-небудзь з хаты, але куды?»

9) Быў перакананы, што не падабаецца дзяўчатам

Страх перад дзяўчынай, марнае спадзяваньне любоўнай узаемнасьці — адна з асноўных тэм яго творчасьці: «Ура! Мая кніга [зборнік паэзіі „Неба ўсьміхаецца маланкаю“ (1962). — В. Дэ Эм.] прымушае людзей раскашэльвацца, выцягваць з кішэні адзінаццаць капеек... Ура! Мая кніга! Яна зьнікла з прылаўкаў за некалькі дзён! А я? Я пухлявы, бледнатвары, трохі касалапы, з трохі набок скрыўленай шыяй. Сам-насам я ныраю глыбока-глыбока ў сябе і падоўгу ўзіраюся ў павуціну на сьцяне пры думцы, што ні адна стройная і чароўная свавольніца ня будзе перад люстэркам расчэсваць пасмачку сваіх валасоў на лобе ў чаканьні, калі я, пры адпрасаваным гальштуку, пастукаю ў яе пакой. Ні адна...»

Бэла Ахмадуліна. 1984 год
Бэла Ахмадуліна. 1984 год

10) Быў захоплены постацьцю Бэлы Ахмадулінай:

«Кволым галаском чытала нейкі верш, і да мяне даляцеў адзін радок: «Пластинки глупенькое чудо». Напружыўшы слых, удалося злавіць верш «Сон», прысьвечаны Еўтушэнку. У вершы апавядалася пра тое, што яна, Бэла, кахае Еўтушэнку. Перапынку ў часе сустрэчы не было. (...) Калі кволенькі галасок адгучаў і ўсе пачалі разыходзіцца, я зблізку ўбачыў хлёсткую постаць Бэлы і ў думках усклікнуў: «Дык вось ты якая! Ах ты, пластинки глупенькое чудо!»

Аўтограф Максіма Танка. З архіву Л. Дранько-Майсюка
Аўтограф Максіма Танка. З архіву Л. Дранько-Майсюка

11) Вельмі любіў раньнія творы Максіма Танка, але адмоўна ставіўся да ягоных пазьнейшых вершаў:

«Чым жа Максім Танк займаецца зараз? А піша ён так званыя нерыфмаваныя вершы. Я іх ня раз некалі пісаў і ведаю, як яны пішуцца. Паэт сядзіць звычайна за сталом і задае сабе пытаньне: пра што б сёньня напісаць? Пра гадзіньнік, пра карабок запалак, пра пустазельле ў полі, пра ракету, пра атам, пра мікроб... Ён можа пра ўсё пісаць, але толькі не пра тое, што ляжыць у яго на душы... Толькі не пра сваё перажытае... А чаму ён ня можа напісаць пра гэта? А таму, што ён ня можа, каб выліць на паперу сваё, перажытае, трэба тая самая дробязь, якой у паэта няма. Няма гэтай самай Дробязі ў яго, а безь яе можна стаць нават Ляўрэатам Ленінскай прэміі, толькі нельга стаць паэтам...»

Раман, выдадзены па-расейску, «Валун». 1994 год
Раман, выдадзены па-расейску, «Валун». 1994 год

12) Напісаў на расейскай мове раман «Валун» (1994), бо спадзяваўся, што льга будзе яго выдаць за мяжой:

«Справа ў тым, што ён напісаны на расейскай мове, бо стаяла глыбокая брэжнеўская ноч, і каб прабіцца ў літаратуру, трэба было прабівацца праз Захад, і па гэтай прычыне я быў змушаны пісаць на расейскай мове».

«Прабіцца» на Захад пісьменьніку не ўдалося. Раман урэшце выдала «Мастацкая літаратура».

13) Пры напісаньні прозы натхняўся Міхаілам Лермантавым:

«У мяне было такое адчуваньне: трэба такую прозу пісаць, каб кожны сказ, кожны абзац чытаўся на вялікім напружаньні. Узорам такой прозы для мяне быў Лермантаў і яго „Герой нашага часу“. Увесь час, калі пісаў прозу, я думаў, што ня трэба пісаць багата. Трэба напісаць мала, але добра. Сядзі хоць год над апавяданьнем, а дабіся таго, каб яно гучала на ўзроўні Лермантава! А зь беларускіх пісьменьнікаў мне вельмі падабаюцца Міхась Стральцоў і Мікола Лупсякоў. Са старэйшых назаву Янку Брыля».

Міхась Стральцоў. 1960-я гг.
Міхась Стральцоў. 1960-я гг.

14) У канцы 70-х Наўроцкі зьнік зь літаратурнага далягляду, і ніхто ня ведаў, дзе ён

Леанід Дранько-Майсюк згадвае, што Міхась Стральцоў, які вельмі цаніў кнігу прозы Наўроцкага, часта казаў: «Цікава, дзе ж зараз Алесь? Давай, Лёня, яго адшукаем...»

Вокладка раману «Валун». 1976 год
Вокладка раману «Валун». 1976 год

15) Дзяліў паэзію на МУЗЫКУ і ЦЫРК:

«Музыка і цырк! Слова можа быць і тым і другім! Калі сустракаеш новага паэта, адразу відаць, дзе ён працуе... Ага, вы працуеце ў паэзіі-цырку? А ну-тка пакажыце мне, што вы ўладыка слова! Выступіце перада мною на цыркавой арэне! Эге, ды нешта вельмі заблытаны вашы нумары! Нешта вельмі ж яны незразумелы! Нешта ж яны не паддаюцца ўспрыманьню! Паслухайце, а што, калі гэта ня вершы, а слоўны ананізм? Паслухайце, дарагі, а што, калі вы хочаце ўкрасьці ў мяне мой дарагі і такі неабходны мне час? А што, калі вы не паэт, а злодзей? Нічога, даражэнькі, не атрымаецца ў вас. І кніжачкай вашай я падбадзёру рыбацкае вогнішча. А вы, даражэнькі, дзе працуеце? Вы хочаце зачараваць мяне музыкаю? Гм, цікава, цікава! А музыкі, аказваецца, няма ў вас, а ёсьць скрыгат нейкае іржавае бляхі! І кніжка ваша рванецца насустрач сонцу, выкінутая з вагоннага акна! І там і там паэты сустракаюцца вельмі і вельмі рэдка».

16) Не любіў даваць аўтографы

Паводле Сяргея Макарэвіча: «Ён унікаў гаварыць пра свае кнігі: падарыў іх мне, але не захацеў пакідаць аўтограф — „Навошта?“. „Самі іх прачытаеце і зробіце высновы“. Але з захапленьнем расказваў пра неапублікаваныя творы».

17) Лічыў, што КДБ хоча яго давесьці да вар’яцтва:

Яго брат Уладзімер быў «хворы той хваробай, пра якую вялікі паэт некалі ўсклікнуў: «Не дай мне бог сойти с ума!». Лічыў, што і яго самога хочуць давесьці да вар’яцтва:

«У 1975 годзе я (...) паехаў вучыцца ў Маскву на Вышэйшыя літаратурныя курсы. (...) Аднойчы, калі я вярнуўся з заняткаў, то ўбачыў, што ў маім пакоі нехта пабываў, (...) на ложку (...) ляжала папруга, якую выцягнулі з штаноў. Ну, а штаны былі ў шафе. Прычым папруга была не абы-як кінута на ложку, а ляжала роўнай прамой лініяй. (...) мэта ставілася такая: я павінен абавязкова заўважыць, (...) што ў пакоі нехта пабываў. (...) Кожны дзень у мой пакой пачалі ўрывацца няпрошаныя госьці: то чырвоную пляму я заўважыў на падлозе, то цьвік у сьцяне, то яшчэ нейкая гэткая дробязь. Сэнс усіх гэтых дзеяньняў быў такі: ты, Алесь Наўроцкі, павінен ведаць, што мы прымяняем псыхіятрыю ў палітычных мэтах. Ты павінен ведаць і маўчаць. А ня будзеш маўчаць, заявіш пратэст, дык мы цябе хутка пацягнем у той самы аддзел мэдыцыны».

18) Яго легендарны выхад з Саюзу пісьменьнікаў БССР шмат у чым таямніца

Вядома, што 1 красавіка 1978 году Наўроцкі напісаў заяву ў кіраўніцтва СП аб сваім выхадзе, дзе адзначаў: «...чатыры гады я патраціў, каб надрукаваць усяго толькі адно маё апавяданьне, восем гадоў, каб выдаць кнігу апавяданьняў [„Валун“ (1976 г.) — В. Дэ Эм.]. Цкаваньне вялося з асаблівым садызмам...». Паводле ж літаратуразнаўцы Віктара Жыбуля, у архівах пакуль ня знойдзена дакумэнтаў, што Алеся Наўроцкага выключылі з Саюзу пісьменьнікаў. «Магчыма, яны былі прыхаваныя, каб не разьдзімаць скандалу», — лічыць Жыбуль. Мала таго, паводле спадара Віктара, у 1981-м былі падрыхтаваныя сьпісы беларускіх пісьменьнікаў, якія былі ў саюзе і якіх не было. Прозьвішча Наўроцкага няма ні ў тым, ні ў другім.

Алесь Наўроцкі — доктар «хуткай дапамогі». 1966 год
Алесь Наўроцкі — доктар «хуткай дапамогі». 1966 год

19) Першы зь беларускіх пісьменьнікаў, хто адкрыта выступіў супраць незаконнага прымяненьня псыхіятрыі ў палітычных мэтах:

У ягоным артыкуле «Отпор канцелярским крысам!» (2 сьнежня, 1979 г.), які ён напісаў для заходніх радыёстанцый, чытаем:

«Очень даже возможно, что между очумелыми канцелярскими крысами [так Алесь Наўроцкі называў агентаў КДБ. — В. Дэ Эм.] мог произойти следующий диалог: „В Литве посадили, на Украине посадили, в Грузии посадили... Вы что же там, в Белоруссии, никого не можете отыскать?“ — „Да помилуйте! Некого сажать у нас в Белоруссии. Белорусы ведь такие мягкие, тихие, смирные...“ — „Смотрите, но если что-нибудь случится...“ — „Разве только писателишко один. Он как-то крикнул на писательском съезде...“ — „Проучить его!“ Да, им везде нужен план! План при помощи шприцев! Социалистическое плановое хозяйство!»

20) Марна спадзяваўся, што яго падтрымаюць Андрэй Сахараў і Ўладзімер Вайновіч:

«...На жаль, заходнія радыёстанцыі не перадалі майго пратэсту, хоць я прасіў пісьменьніка Ўладзімера Вайновіча мне паспрыяць у гэтым». У лісьце да Сахарава (у 1979-м) знаходзім: «У любы момант мяне могуць прыцягнуць да судовай адказнасьці (...) Сяджу трэці год бяз працы, папярэдзіў улады, што нічога ня маю супраць, каб выехаць за мяжу, але патрэбны выклік сваякоў, а іх у мяне няма. Як бы я быў удзячны Вам, калі б Вы дапамаглі мне вырвацца з гэтага пекла».

Алесь Наўроцкі. 1989 год
Алесь Наўроцкі. 1989 год

Вялікі дзякуй у дапамозе пры падрыхтоўцы матэрыялу паэту і літаратуразнаўцу Віктару Жыбулю.

Выкарыстаныя крыніцы:

П. Бровка. Свет правды. Сб. статей «Искусство принадлежит народу». Изд-во «Советская Россия», М., 1963 г.

Макарэвіч С. «Я патрабую палітычнай рэабілітацыі!» http://nn.by/?c=ar&i=109359

Наўроцкі А. П. Выбраныя творы. Мн., 2016

Наўроцкі Алесь. Клін жураўліны. Выбраныя вершы. Прадмова і ўкладаньне Віктара Жыбуля. «Дзеяслоў». № 82 (3’16).

Пяцікніжжа Свабоды. Віктар Жыбуль — пра творчую спадчыну Алеся Наўроцкага

Скобла М. Паэт і Камітэт: справа Алеся Наўроцкага

Скобла М. Маланкі і папялішчы Алеся Наўроцкага

У «Доме літаратара» Алесь Наўроцкі і Марына Шода

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG