Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віктар Жыбуль — пра творчую спадчыну Алеся Наўроцкага


Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль

Год таму, 24 красавіка, памёр Алесь Наўроцкі — паэт, мэдык, дысыдэнт. У свой час ён набыў вядомасьць спачатку сьмелымі і арыгінальнымі вершамі, а потым — упартай грамадзянскай пазыцыяй, дзеля якой стаў ахвярай «псыхіятрычных Курапатаў».

А вось сышоў з жыцьця ён ціха і незаўважна — нават у Саюзе беларускіх пісьменьнікаў пра гэта даведаліся зь вялікім спазьненьнем... Пры жыцьці Алесь Наўроцкі здолеў выдаць акурат пяць кніг. Пра іх і пагаворым.





Алесь Наўроцкі. Неба ўсьміхаецца маланкаю: Паэзія.

Менск, Дзярж. выдавецтва БССР, 1962

Ужо гэты дэбютны зборнік паказаў, што ў літаратуру ідзе творца са сьвежым парадаксальным мысьленьнем. Грымоты ад паэтавай маланкі страсянулі ня толькі літаратурны асяродак, але і само ЦК КПБ. Асаблівы рэзананс выклікаў цыкл «Элегіі», які, насуперак назьве, складаецца з гратэскавых карыкатур на розныя праявы савецкай рэчаіснасьці. І рэч ня толькі ў тым, што пэрсанаж аднаго зь вершаў («Гаварыў з трыбуны аднойчы Нос...») нагадваў тагачаснага кіраўніка СССР М. Хрушчова, але і ў саміх абраных аўтарам сродках мастацкай выразнасьці: вершы згаданага цыклю маглі ўтрымліваць заніжана-натуралістычныя дэталі ці даводзіць пэўныя ідэі да абсурду, маглі ўяўляць зь сябе экспэрымэнт з формай вэрлібру ці ўвогуле складацца з аднаго радка («Сьпеў салаўя заглушае кваканьне жаб»).

Алегарычная мініятура, што завяршае цыкл, прасякнута сапраўдным трагізмам: «Не разьбіраючы, хто вінаваты, / Не разьбіраючы, хто правы, / Косіць вада і горкі палын / І мёдам набраклую медуніцу». Нестандартнае рашэньне А. Наўроцкі знаходзіць і для такіх, здавалася б, пашыраных у той час тэмаў, як паваеннае дзяцінства («Мой таварыш маленства мне мяч / цераз сетку кінуў, — / Я падскочыў схапіць гэты мяч, / а схапіў... гранату»), галоднае студэнцкае жыцьцё-быцьцё («Ох, і есьці ж хачу я. Зьесьці ўсё гатоў. / Ану, паднясі, прыгажуня Марына, / Поўную міску смажаных цьвікоў / З адной малекулай маргарыну»), праца на цаліне — як вам верш пра камбайнэра, які ганяецца па полі за сваім капелюшом, сарваным ветрам? Некаторыя вершы зь першага зборніка А. Наўроцкага (напрыклад, «Чатырохгранная ваза») даўно сталі хрэстаматыйнымі.


Алесь Наўроцкі. Гарачы сьнег: Паэзія.

Менск, «Беларусь», 1968

Назва кнігі ўяўляе зь сябе тыповы прыклад аксюмарану — спалучэньня неспалучальнага — і напоўнена сымболікай кантрасту. Гэтак і ў многіх вершах зборніка гучыць жывы голас унутранага пачуцьця, які супярэчыць «жалезнай» жыцьцёвай лёгіцы. «Першы раз нарадзіла / маці мяне. / Ты мяне нарадзі / у другі раз», — зьвяртаецца паэт да каханай, а ў іншым вершы прызнаецца: «Пра каханьне маё знае кожная ў лесе сасна... / Толькі ты ня знаеш адна».

У вершах Алеся Наўроцкага «гарачая» мара суседнічае з «халоднай» рэальнасьцю, нястрымная эмоцыя — з памяркоўнай разважлівасьцю, дробная побытавая дэталь — з унівэрсальным «касьмічным» вобразам. Паэту ўласьціва рабіць яркія супрацьпастаўленьні:"Чым ты будзеш, дрэва? / Нагамі сталу? / Ці нагамі таму, / каго выкацяць на калясцы з апэрацыйнай / бяз ног?"

Лірычны герой здольны да нечаканых пераўвасабленьняў: ён можа «заснуць на траве, а прачнуцца... травой», можа ўявіць сябе і карэньнем, і кропляй вады, і пазбаўленым глебы зернем: «Я — зерне. Ляжаць на камні змушана. / Замярзаю, сонцам аглушанае... / А навокал калосьсем звоніць поле. / Не ўсім аднакая выпала доля». Ці не хавалася ў гэтым прадбачаньне ўласнага творчага лёсу?


Алесь Наўроцкі. Пакаленьні і папялішчы: Кніга вершаў.

Менск, «Мастацкая літаратура», 1990

Ад дзьвюх папярэдніх кніг Алеся Наўроцкага гэтая адрозьніваецца і фарматам, і аб’ёмам, і цьвёрдым пераплётам. Ня дзіва: выйшла яна пасьля доўгага перапынку і ўвабрала ў сябе творы, напісаныя цягам трох дзесяцігодзьдзяў. Толькі вось многія з ранейшых вершаў аўтар перарабіў — нешта ў лепшы бок, нешта ў горшы, а нейкія вершы займелі па новым раўназначным варыянце...

Алесь Наўроцкі больш паглыбляецца ва ўспаміны маладосьці: прыгадвае студэнцкі інтэрнат, мэдычную практыку, сымпатычных аднакурсьніц і свае няўдалыя раманы зь імі. Тэме няспраўджанага каханьня, акрэсьленай яшчэ ў «Гарачым сьнезе», паэт надаў тут багата ўвагі. Прыкладна тое, што Пятрусь Броўка выказаў у адным вершы «Пахне чабор», у Алеся Наўроцкага стала лейтматывам цэлай кнігі: пра гэта ён кажа шмат у якіх творах, але амаль шторазу па-новаму, праз новыя вобразы, новыя дэталі, акцэнты, сытуацыі. Фінал у такіх вершаў прадказальны: лірычны герой застаецца сам насам са сваёй адзінотай. Але адсутнасьць узаемнасьці не зьмяншае глыбіні й шчырасьці пачуцьця.

Вылучаюцца ў кнізе дзьве паэмы: «Палячыце нас, доктар!» (пра фізычныя і маральныя хваробы паваеннага грамадзтва) і «Папялішча» (дэталёва апісаны аўтарам асабісты сямейны разлад).

Алесь Наўроцкі. Валун: Кніга апавяданьняў.

Менск, «Мастацкая літаратура», 1976

«...Жыцьцё вельмі простае, як жоўтая плямка яечні, што прысохла на зялёнай абгортцы сшытка і якую бяздумна саскрабаеш пазногцем...», — прыйшоў да высновы аўтар. Між тым, галоўнага героя, асобай якога зьвязаныя апавяданьні, простым не назавеш. Аўтар не хавае аўтабіяграфічнасьці героя, маладога вясковага фэльчара, захопленага літаратурай, і нават пакінуў яму сваё імя — Алесь Наўроцкі. Не бяруся меркаваць, дзе пісьменьнік дакладна «сьпісаў» героя зь сябе, а дзе, магчыма, дапоўніў, удасканаліў яго партрэт, дзякуючы свайму ўяўленьню, але ў яго атрымалася вымаляваць адмысловы псыхалягічны тып — чалавека самапаглыбленага, духоўна багатага, з пэўнымі творчымі амбіцыямі, але празьмерна нерашучага і няўпэўненага ў сабе, зьнешне даволі адчужанага і інэртнага, а таму — поўнага няўдачніка ў справах асабістага жыцьця.

У кнізе прадстаўлена цэлая галерэя вобразаў жанчын, зь якімі ў Алеся «нічога не атрымалася». Думаючы пра адну зь іх, апавядальнік супакойвае сябе хіба тым, што «якая б ні была нябесная Ядзіна краса, мне непадступная, яна, тая краса, рана ці позна замагіліцца пад глыбокімі і жоўтымі маршчынамі і адляціць у неба, і там яе ўжо не адрозьніць ніхто ад белагрудых аблокаў; я ж, які я ні пачварны, буду буцьвець хоць прозьвішчам на той кнізе, якую — кроў з носу — а пакіну пасьля сябе».


Алесь Наўроцкі. Валун: Раман.

Менск, «Мастацкая літаратура», 1994

Кніга ўяўляе зь сябе пашыраную — раманную — вэрсію аднайменнага зборніка апавяданьняў: аўтар дадаў разьдзелы, прысьвечаныя школьным гадам свайго героя-двайніка, яго навучаньню ў фэльчарскай школе і мэдынстытуце. У аўтарскіх адступленьнях крыху закранаецца і далейшы лёс мэдыка і літаратара: яго перасьлед з боку КДБ у «застойныя» гады, няўдалую спробу атрымаць дазвол на эміграцыю, гвалтоўнае ўзяцьце пад псыхіятрычную «апеку»...

У анатацыі раман пазначаны як эратычны. Аднак, як і ў папярэдняй кнізе, амаль увесь эратызм хаваецца ў думках і фантазіях галоўнага героя, але не ў яго «рэальных дзеяньнях». Герой сталее, набывае мудрасьць і дасьведчанасьць, робіцца прафэсіяналам у абранай справе, але ад сваіх асноўных комплексаў пазбавіцца так і ня можа. Ягоная зьнешнасьць падаецца яму пачварнай і недасканалай.«Усемагутная рука не зьляпіла, а злапала мяне», — кажа ён.

Раман быў выдадзены па-расейску: па словах самога аўтара, ён спадзяваўся атрымаць прызнаньне за межамі Беларусі, «апублікавацца на Захадзе, калі тут не ўдаецца». Але атрымалася наадварот. Ня памятаецца, каб гэты раман быў заўважаны крытыкай, не прабіў ён аўтару і «шлях на Захад». Напэўна, калі б ён выйшаў па-беларуску — на яго зьвярнулі б больш увагі. Такі раман пра чалавечыя комплексы, вось з такім героем і такой распрацоўкай тэмы, быў бы цікавейшы ў кантэксьце беларускай — і менавіта беларускамоўнай — літаратуры.
XS
SM
MD
LG