Вайсковы рэйд ЗША на Каракас, у выніку якога быў захоплены прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура, выклікаў занепакоенасьць Даніі і эўрапейскіх хаўрусьнікаў, што Грэнляндыя, аўтаномная данская тэрыторыя, можа сутыкнуцца з падобным сцэнаром.
Белы дом заявіў раней, што Дональд Трамп абмяркоўвае варыянты набыцьця стратэгічнага арктычнага вострава, у тым ліку патэнцыйнае выкарыстаньне амэрыканскіх вайскоўцаў, нягледзячы на пярэчаньні Эўропы, піша Reuters.
На пытаньне аб прапанове Даніі абмеркаваць сытуацыю ў Грэнляндыі Рубіё адказаў: «Я сустрэнуся зь імі на наступным тыдні. Тады мы правядзем з імі гэтыя размовы».
На пытаньне, ці плянуе Трамп купіць Грэнляндыю, Марка Рубіё адказаў, што гэта заўсёды было намерам прэзыдэнта.
«Калі ёсьць пагроза нацыянальнай бясьпецы Злучаных Штатаў, кожны прэзідэнт мае магчымасьць вырашыць яе ваенным шляхам. Мы заўсёды аддаем перавагу варыянту вырашаць гэта рознымі спосабамі — у тым ліку і ў Вэнэсуэле», — сказаў Рубіё журналістам.
Трамп, які ўпершыню агучыў ідэю атрыманьня кантролю над Грэнляндыяй яшчэ ў 2019 годзе ў час сваёй першай прэзыдэнцкай кадэнцыі, сьцьвярджае, што востраў зьяўляецца ключавым для ваеннай стратэгіі ЗША, і лічыць, што Данія не зрабіла дастаткова для яго абароны.
ЗША і Данія сябры NATO, і ваенны захоп Грэнляндыі амэрыканцамі можа выклікаць шок у альянсе.
Форум