Вашынгтон зьбіраецца прапанаваць Грэнляндыі пагадненьне, якое прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп параўноўваў зь вялікай угодай зь нерухомасьцю, паведаміў The Economist. Гаворка пра магчымую Дамову аб свабоднай асацыяцыі. Падобныя дамовы Штаты маюць з шэрагам невялікіх дзяржаў у Ціхім акіяне.
Паводле гэткіх дамоваў амэрыканскія вайскоўцы маюць эксклюзіўны доступ да тэрытарыяльных водаў і паветранай прасторы партнэраў, пазбаўляючы гэтага права іншыя краіны. Узамен Злучаныя Штаты даюць эканамічную і фінансавую дапамогу.
Данія, аўтаномнай тэрыторыяй якой ёсьць Грэнляндыя, зазначае, што на востраве ўжо месьціцца амэрыканская вайсковая база, а дзейнае пагадненьне з Капэнгагенам не абмяжоўвае колькасьць вайскоўцаў ЗША, хоць значнае павелічэньне гэтай колькасьці, верагодна, запатрабуе згоды дацкіх уладаў.
Паводле The Economist, амэрыканскія чыноўнікі спрабавалі пачаць з урадам Грэнляндыі прамыя перамовы, але атрымалі адмову. Прэмʼер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн заявіла, што да выказваньняў Трампа наконт жаданьня атрымаць кантроль над Грэнляндыяй трэба ставіцца сурʼёзна.
«Калі ЗША вырашаць ажыцьцявіць ваенную атаку на іншую краіну NATO, усё спыніцца. Уключна з NATO. І, як вынік, — зь бясьпекай, што склалася з канца Другой сусьветнай вайны», — сказала Фрэдэрыксэн тэлеканалу TV2.
Грэнляндыя фармальна не ўваходзіць у NATO, але падпадае пад дзеяньне пятага артыкула Паўночнаатлянтычнай дамовы дзякуючы сяброўству ў альянсе Даніі.
Прэмʼер-міністар Грэнляндыі Енс-Фрэдэрык Нільсэн заявіў, што востраў нельга параўноўваць з Вэнэсуэлай і што Грэнляндыю немагчыма захапіць за ноч.
Лідэры эўрапейскіх дзяржаў выступілі з сумеснай заявай у падтрымку Даніі.
«Грэнляндыя належыць ейнаму народу. Толькі Данія і Грэнляндыя, і толькі яны, могуць прымаць рашэньні ў пытаньнях, якія тычацца Даніі і Грэнляндыі», — гаворыцца ў распаўсюджанай у аўторак сумеснай заяве лідэраў Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Даніі, Італіі, Нямеччыны, Польшчы і Францыі. Заяву таксама падтрымаў прэмʼер-міністар Нідэрляндаў Дык Схоф.
Трамп ня раз казаў, што Грэнляндыя мае найважнейшае значэньне для бясьпекі ЗША, і што Злучаным Штатам варта было б уключыць яе ў свой склад. З ідэяй куплі Грэнляндыі ў Даніі ён выступаў і падчас свайго першага тэрміну.
У канцы 2025 году Трамп прызначыў губэрнатара Люізіяны Джэфа Лэндры спэцыяльным пасланьнікам у Грэнляндыі. Лэндры напісаў у сацсетцы X, што будзе рады працаваць над тым, каб «зрабіць Грэнляндыю часткай ЗША».
Улады як Грэнляндыі, гэтак і Даніі заяўлялі, што востраў ня будзе перададзены ЗША.
Грэнляндыя — найбуйнейшы востраў у сьвеце. На ім жыве 57 тысяч чалавек. 80% тэрыторыі пакрытыя ледавіковым шчытом.
Форум