Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць беларусаў з дазволам на пражываньне ў Літве працягвае скарачацца. Такіх стала менш на 7,2 тысячы


На беларускай акцыі ў Вільні
На беларускай акцыі ў Вільні

Відаць па ўсім, тэндэнцыя, пры якой беларусы пакідаюць Літву, каб пасяліцца ў іншых краінах Эўразьвязу, захоўваецца.

Дзейны дазвол на пражываньне ў Літве на 1 студзеня 2026 году мелі 50 286 грамадзян Беларусі, сьведчаць статыстычныя даныя Дэпартамэнту міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў краіны, піша Позірк.

На пачатак 2025 году ў краіне налічвалася 57 511 беларускіх грамадзян з адпаведным дазволам. Такім чынам, за год іх колькасьць скарацілася на 7225, або на 12,56%.

Лік легалізаваных у Літве беларусаў летась зьніжаўся ад месяца да месяца. Найбольшы адток беларусаў у Літве адбыўся ў лютым летась, тады беларусаў з ДНЖ стала менш на 3,33% да папярэдняга месяца. У сакавіку ў параўнаньні зь лютым іх стала меней на 2,54%. У наступныя месяцы адток працягнуўся, але толькі ў чэрвені і сьнежні перавысіў 1%.

Самая шматлікая нацыянальная група ўладальнікаў дазволаў на жыхарства ў Літве — украінцы. На 1 верасьня колькасьць грамадзян гэтай краіны зь дзейным дакумэнтам складала 75 928 (на 1 жніўня — 75 941, 1 ліпеня — 75 085, 1 студзеня — 77 080).

Ад жніўня 2024 году літоўскія працадаўцы, якія хочуць працаўладкаваць іншаземцаў, абавязаныя заплаціць дзяржаўны збор за хадайніцтвы на выдачу ці абмен дазволу на часовае жыхарства такіх супрацоўнікаў, а таксама на выданьне ім нацыянальнай візы.

17 красавіка Сейм Літвы працягнуў яшчэ на год — да 2 траўня 2026-га — законапраект аб нацыянальных санкцыях для грамадзян Беларусі і Расеі, адхіліўшы пры гэтым прапанову кансэрватараў ураўнаваць абмежавальныя захады для беларусаў з уведзенымі для расейцаў.

Прапанову ануляваць ім дазвол на жыхарства ў выпадку частых паездак у свае родныя краіны спачатку адхілілі, але прынялі ў траўні і толькі для грамадзян Расеі. Разам з тым, у ліпені стала вядома, што літоўскія ўлады адмовілі грамадзянцы Беларусі ў падаўжэньні ДНЖ праз частыя паездкі на радзіму — больш за 20 — і ранейшую працу стуардэсай у кампаніі «Белавія». Жанчыну прызналі «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG