Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве перахапілі першы ў 2026 годзе метэазонд з цыгарэтамі зь Беларусі


Фота кантрабандных шароў у рэжыме начнога бачаньня, 6 студзеня 2026
Фота кантрабандных шароў у рэжыме начнога бачаньня, 6 студзеня 2026

У Літве ў ноч на 6 студзеня перахапілі першы ў 2026 годзе метэазонд з цыгарэтамі, які прыляцеў з боку Беларусі.

Пра гэта паведамілі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. У ведамстве зазначылі, што выпадкі прылёту кантрабандных балёнаў зь Беларусі ў Літву не фіксаваліся з 20 сьнежня 2025 года.

6 студзеня ў Літве ў Варэнскім раёне Літвы быў перахоплены груз з 3000 пачкаў цыгарэт Minsk Capital QS і GPS-навігатар.

На працу аэрапортаў гэта не паўплывала.

Перахопленыя сёньня шары з кантрабандай
Перахопленыя сёньня шары з кантрабандай

У 2025 годзе ў Літве перахапілі 635 такіх грузаў з цыгарэтамі зь Беларусі. 122 чалавекі былі затрыманыя за дачыненьне да кантрабанды паветранымі балёнамі.

9 сьнежня Літва аб'явіла экстрэмальную сытуацыю з-за метэазондаў з кантрабандай, якія лятаюць з боку Беларусі. У канцы кастрычніка Літва з гэтай прычыны закрывала мяжу з Беларусьсю. Пасьля датэрміновага адкрыцьця мяжы метэазонды да 20 сьнежня працягнулі лятаць у Літву з боку Беларусі.

Праз прылёты балёнаў зь Беларусі ў 2025 годзе некалькі разоў спынялі дзейнасьць аэрапорт Вільні і аднойчы — Коўна. Літоўскія палітыкі называюць запуск такіх балёнаў гібрыднай атакай Менску.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG