Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт і Камітэт: справа Алеся Наўроцкага


Алесь Наўроцкі

Алесь Наўроцкі

Справа Алеся Наўроцкага, пры якую мы гаварылі ў мінулым выпуску «Дому літаратара», атрымала працяг. Днямі паэт у паштовай скрынцы знайшоў ліст за подпісам старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь Вадзіма Зайцава. Гэты ліст Алесь Наўроцкі называе чыноўніцкай адпіскай і спадзяецца, што на яго справу зьверне ўвагу кіраўнік краіны. Чаго настойліва дамагаецца творца ад беларускіх спэцслужбаў? Мы сустрэліся з 73-гадовым паэтам у ягонай менскай кватэры, каб працягнуць гутарку.


Міхась Скобла: «Спадар Алесь, давайце вернемся ў тыя далёкія ўжо часы, калі вы толькі ўваходзілі ў літаратуру. Спачатку ўсё ішло звычайным шляхам — першыя публікацыі, першыя заахвочвальныя словы крытыкаў. Дарэчы, вы дэбютавалі адразу ў часопісе „Полымя“, што з пачаткоўцамі здаралася вельмі рэдка».

Алесь Наўроцкі: «Гэта і на самай справе рэдка здаралася. Можа быць, гэта атрымалася таму, што я проста заатакаваў «Полымя» сваімі вершамі. Некалькі разоў дасылаў свае творы ў рэдакцыю, і яе супрацоўнікам, відаць, надакучыла даваць адмоўныя адказы. Таму і вырашылі дапусьціць мяне ў «Полымя».

Скобла: «Ваша першая кніга „Неба ўсьміхаецца маланкаю“ выйшла ў 1962 годзе і выклікала цэлую атаку на вас. А рэдактар кнігі Васіль Сёмуха быў нават звольнены з выдавецтва. З-за чаго ўзгарэўся сыр-бор?»

Наўроцкі: «Я так думаю. Трэба наогул, каб літаратурнае жыцьцё кіпела — каб адбываліся нейкія спрэчкі, былі згода і нязгода. Мой першы зборнік трошкі выдзяляўся сярод іншых. Там было і за што пахваліць, і за што пакрытыкаваць. Таму і ўзьнік, як вы кажаце, сыр-бор. Не было там палітычнай прычыны чапляцца, але зачапіццца знайшлі за што».

Міхась Скобла

Скобла: «Але каму гэта трэба было і навошта?»

Наўроцкі: «Нікому тое ня трэба было. Але калі стаячае балота ў літаратурным жыцьці, гэта кепска і для літаратуры, і для ўлады. Балота павінна парушацца. Не павінна быць цішыні і спакою».

Скобла: «І ўсё ж у вашай кнізе было за што ўсур’ёз зачапіцца і крытыкам, і цэнзарам. Цытую: „Гаварыў з трыбуны аднойчы Нос: кармавыя адзінкі, кукуруза, авёс… Гавораць факты, што мы дагонім…“ А на двары — 1962 год, пры ўладзе Хрушчоў, і ён пазнаецца ў гэтых вашых радках».

Наўроцкі: «Я ня ставіў такой мэты — паказаць Хрушчова, намаляваць яго ў нейкім карыкатурным выглядзе. Але як толькі я напісаў гэты верш, адчуў, што атрымаўся Хрушчоў. І ўсе таксама адразу гэта ўбачылі. Так часам бывае — пісьменьнік піша і сам дакладна не ўяўляе, што можа атрымацца. Падчас пісаньня можа выскачыць і Хрушчоў».

Скобла: «Але як гэта прайшло праз цэнзуру? У той час усе кнігі праходзілі праз пільны цэнзурны дагляд».

Наўроцкі: «Можа быць, мне паспрыяў рэдактар Васіль Сёмуха. Я такога не выключаю. Відаць, яму гэты верш спадабаўся. А наогул, нічога там страшнага не было, я ж пальцам не паказваў на Хрушчова. І можна было прыгаданыя вамі радкі зразумець і так: проста начальнік выступае з трыбуны, а якога ён рангу — ня ясна».

А раз Сталін — тыран, дык паэт абавязаны гэтага тырана ўзяць за вушка ды на сонейка. Сёньня я сам дзіўлюся, як мае вершы праходзілі ў друк.


Скобла: «Былі ў тым вашым зборніку і антысталінскія вершы. Як вы да тэмы Сталіна падыходзілі?»

Наўроцкі: «Як толькі я даведаўся, што Сталін — тыран, які забіваў людзей, калі пачалася нейкая свабода гаварыць пра гэта, я ўжо быў настроены супраць яго. Я зразумеў, што Сталін — самы вялікі тыран з усіх, якія толькі існавалі ў гісторыі чалавецтва. А раз Сталін — тыран, дык паэт абавязаны гэтага тырана ўзяць за вушка ды на сонейка. Сёньня я сам дзіўлюся, як мае вершы праходзілі ў друк. Можа быць, таму, што антысталінская хваля якраз набірала сілу».

Скобла: «А калі вы ўпершыню заўважылі ўвагу да сябе з боку КДБ?»

Наўроцкі: «Упершыню я адчуў гэтую ўвагу, калі працаваў лекарам у сельскай бальніцы. Гэта Хойніцкі раён, вёска Аравічы. Аднойчы сельскі фэльчар запрапанаваў мне аформіць фальшывыя дакумэнты на сваю жонку. І ў мяне ўзьнікла падазрэньне, што гэта ня ён прапануе, а празь яго прапаноўваюць. Я адчуў, што я — пад каўпаком, а калі гэта так, то быць ня можа, каб справа ня мела працягу. Я быў ужо насьцярожаны. А па-сапраўднаму цкаваньне мяне і псыхіятрычны шантаж пачаліся тады, калі я вучыўся на Літаратурных курсах у Маскве ў 1975 годзе. Я быў вымушаны падаць заяву на імя рэктара і спыніць вучобу. Прыехаў у Менск і пачаў абдумваць, як жа мне выйсьці з гэтага становішча. Я вырашыў напісаць пра гэта аповесьць. І толькі пасьля таго, як напісаў, я зайшоў у ЦК КПБ і падаў ліст-пратэст на імя Машэрава. У тым лісьце я апісаў, што мяне перасьледуе КДБ, і што жыцьця мне ўжо няма».

Скобла: «І якая была рэакцыя Машэрава?»

Наўроцкі: «Я ня мог гаварыць з самім Машэравым, я меў сустрэчу зь Сяргеем Законьнікавым, які на той час быў загадчыкам аддзелу літаратуры. Яму я і перадаў ліст. Мая справа, я ўпэўнены, дайшла і да Машэрава. Памятаю, я тады яшчэ падумаў, што, магчыма, такім спосабам мяне хочуць прымусіць выехаць за мяжу. Я разважыў, што так і лепей будзе. На двары стаіць чорная ноч брэжнеўскага фашызму, друкаваць мяне ня хочуць. Я напісаў просьбу ў КДБ наконт выезду. Мяне выклікалі туды і сказалі: для выезду патрэбнае запрашэньне ад сваякоў за мяжой. Так проста яны мяне выпусьціць ня могуць. КДБ ня быў зацікаўлены, каб я выехаў і пачаў гаварыць па Радыё Свабода праўду пра Савецкі Саюз. Я ўбачыў, што мяне будуць трымаць, не даваць мне работы».

Скобла: «А ці спрабавалі вы ў той час друкавацца?»

КДБ ня быў зацікаўлены, каб я выехаў і пачаў гаварыць па Радыё Свабода праўду пра Савецкі Саюз..


Наўроцкі: «Я чатыры разы здаваў у выдавецтва сваю кнігу апавяданьняў, і кожны раз яе адпрэчвалі. Да таго ж, у той час на знак пратэсту я выйшаў з Саюзу пісьменьнікаў. Так што пра друкаваньне і гаворкі ніякай не магло быць. Я ўжо махнуў рукой на гэтую справу».

Скобла: «А хто вас рэкамэндаваў для ўступленьня ў Саюз, помніце?»

Наўроцкі: «Чаму ж не? Пятрусь Броўка, Уладзімер Караткевіч і Анатоль Клышка».

Скобла: «Вы прыгадалі Караткевіча, і мне ўспомніўся яго артыкул пра вас, пра пільны паэтычны зрок і тонкі слых паэта Наўроцкага. Караткевіч назваў вас надзвычай самабытным паэтам, які ішоў ад самога сябе».

Наўроцкі: «На самым пачатку творчасьці я залежаў ад усіх. Спачатку — ад Маякоўскага. А Маякоўскі браў пачатак ад Хлебнікава, а сьледам за Маякоўскім ішлі, скажам, Сямён Кірсанаў і Андрэй Вазьнясенскі. Потым я зразумеў, што нешта ў гэтым ёсьць непрыемнае, зашмат штукарства. Трэба пісаць проста. Самае вялікае выпрабаваньне для паэта — выпрабаваньне прастатой. Як напісаць простыя вершы звычайнай мовай накшталт: „Вецер вее, месяц грэе“? Здавалася б, што тут такога? А гэта самае цяжкае, што можа быць у паэзіі. І я рашыў ісьці ў паэзію ад самога сябе».

Скобла: «Тыя літаратурны курсы ў Маскве, пра якія вы згадвалі, яны вам як пісьменьніку што-небудзь далі? Вы нечаму там навучыліся?»

Наўроцкі: «Ох і навучыўся! Я лічу так: якім вялікім ні быў бы талент, а вельмі важна прайсьці літнавуку. Хоць адзін год павучыцца! На пісьменьніка, звычайна, глядзяць як на чалавека, які ўсё ведае, а насамрэч ён можа ня ведаць самых звычайных рэчаў. І таму вучыцца трэба. Літаратурныя курсы пайшлі мне на карысьць. Можна сказаць, што я і высьпеліўся як пісьменьнік на тых курсах. Памятаю, там перад намі выступалі Валянцін Распуцін, Яўген Еўтушэнка. Ведаючы, што ён — ня толькі паэтычная, але і гістарычная асоба, я ўзяў сшытак, аловак і зафіксаваў тую сустрэчу… Са мной вучыўся вялікі пісьменьнік, пісьменьнік сусьветнага маштабу, празаік Уладзімер Лічуцін. Яго можна паставіць побач з такім расейскім клясыкам, як Ляскоў. Я і сёньня сачу за сваім аднакурсьнікам, чытаю ўсё ягонае, што трапляецца на вочы. І прачытанае зрабіла на мяне вельмі вялікае ўражаньне».

Скобла: «Ці чытаеце вы сучасную літаратуру? Ці падабаецца вам хто з маладых?»

Наўроцкі: «Прыглядаўся я да таго, як піша Анатоль Сыс. Лічыцца, што ён ужо наш клясык, але ў мяне такога ўражаньня ня склалася. Праўда, я прачытаў толькі адзін ягоны зборнік — „Пан Лес“. На маю думку, вышыняў Максіма Багдановіча ніхто з сучасных беларускіх паэтаў не дасягнуў. Шкада, што пісьменьнікі ў Беларусі падзяліліся на два лягеры. Але я лічу так: усё, што зьвязана з пісьменьніцкай арганізацыяй, ня можа заставацца без увагі прэзыдэнта. Раскол Саюзу пісьменьнікаў — палітычная акцыя, ня проста нейкая іголка ўпала на падлогу. За ўсім улада пільна сочыць».

Раскол Саюзу пісьменьнікаў — палітычная акцыя, ня проста нейкая іголка ўпала на падлогу. За ўсім улада пільна сочыць.


Скобла: «А калі б вы надумалі вярнуцца ў шэрагі пісьменьніцкай арганізацыі, то ў які з двух саюзаў?»

Наўроцкі: «Вядома ж, я больш схільны да Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Там тыя людзі, якіх я ведаю, для якіх беларуская мова — аснова жыцьця».

Скобла: «Ведаю, што вы сёлета зьвярталіся ў Міністэрства культуры і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі з патрабаваньнем палітычнай рэабілітацыі і атрымалі адказ. Што ў ім?»

Наўроцкі: «Мне прыйшоў ліст за подпісам старшыні КДБ Зайцава, адпраўлены 22 кастрычніка. Цытую: „Комитетом государственной безопасности в рамках компетенции проведена проверка поступившего обращения. Причастность сотрудников КГБ к изложенным событиям не подтвердилась.“ Мой камэнтар да гэтага ліста такі: КДБ цудоўна ведае маю справу, я мог бы назваць і супрацоўнікаў, якія да яе мелі адносіны. На добры лад, якраз КДБ і павінен заявіць, што гэта ён нацкаваў на мяне лекараў, якія паставілі мне дыягназ. Ліст з Камітэта дзяржаўнай бясьпекі — гэта адпіска, і я гэтай адпіскі не магу прыняць. Я заяўляю КДБ свой пратэст і ўсё ж спадзяюся, што, можа, прэзыдэнт пачуе мой голас, пачуе міністар культуры, і я рэабілітацыю атрымаю. Калі ж КДБ настойвае на сваёй пазыцыі, значыць — зьдзек працягваецца, і няма яму канца і краю».

«НАЎРОЦКІ — ЭТАЛЁН ЛІТАРАТУРНАЙ БЕЗДАКОРНАСЬЦІ»


Нягледзячы на шматгадовае маўчаньне, у Алеся Наўроцкага застаецца нямала прыхільнікаў. Я папрасіў выказацца ў «Доме літаратара» пісьменьніка і выдаўца Кастуся Цьвірку, гісторыка літаратуры Анатоля Сідарэвіча і паэта Міколу Касьцюкевіча.

Кастусь Цьвірка

Кастусь Цьвірка: «Калі выйшаў першы зборнік Алеся Наўроцкага „Неба ўсьміхаецца маланкаю“, яго заўважылі ўсе. Гэта быў новы, сьвежы павеў у літаратуры. Чым гэта кніга нас асабліва захапіла? Мы жылі і гадаваліся ў савецкай сыстэме, пад каўпаком сацыялістычнага рэалізму. Ужо ўсталяваўся пэўны стыль савецкай паэзіі і разуменьне, пра што трэба, а пра што ня трэба пісаць. А тут выходзіць зборнік Наўроцкага, дзе напісана: „Мы жылі пры хлебе бяз хлеба“. Мы пра гэта гаварыць яшчэ не маглі, а ён ужо сказаў. Мне запомніліся многія вершы, напрыклад „Адгабляваная дошка“. Здавалася б, што можна напісаць пра дошку? А Наўроцкі і ў дошцы ўбачыў сапраўдную паэзію: „Кожны сучок адгаблявала пілка, маленькага кружочка вызначыла ход. Дошка, кожную тваю жывую жылку я гатовы выпіць, быццам мёд!“ Гэта ж проста цуд! Памятаю, мы з Анатолем Клышкам сядзелі ў сквэрыку і чыталі зборнік Наўроцкага. З такім прыцэлам чыталі, каб паглядзець, што зь яго можна выкінуць як нявартае. Чыталі, перачытвалі — нічога, выдатны зборнік. Наўроцкі — выдатны наш паэт, неацэнены своечасова. Думаю, нашчадкі яшчэ ацэняць. Праўда, трэба яго выдаваць. Я хачу прапанаваць Алесю Наўроцкаму выдаць яго том у клясычнай сэрыі „Беларускі кнігазбор“. Наўроцкі — гонар нашай літаратуры».

Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч: «У творчасьці Алеся Наўроцкага быў выхад з паэтыкі сацыялістычнага рэалізму. Як бы я ні хваліў паэзію Генадзя Бураўкіна ці Рыгора Барадуліна, я вымушаны канстатаваць, што ў ідэалягічным пляне яны былі дабранадзейныя. Скажам, Рыгор Іванавіч пісаў пра звычайныя філянковыя, як ва Ўладзімера Ільіча, дзьверы… А Наўроцкі, Мікола Купрэеў ды яшчэ хіба Міхась Стральцоў разбуралі эстэтыку сацыялістычнага рэалізму. А менавіта ў паэзіі адыход ад сацыялістычнага рэалізму заўважаецца раней, чым у прозе. Наўроцкага цаніў Янка Брыль, пра якога некалі Машэраў сказаў: „Он не принимает нашей системы“. І Стральцоў Наўроцкага цаніў, і Алесь Разанаў, ведаю, цэніць.

І яшчэ адзін істотны момант. Алесю Наўроцкаму ня трэба было перабудоўвацца ў новым часе. Многія з нашых паэтаў перабудоўваліся, многія і сёньня гатовыя адрачыся ад шмат якіх сваіх твораў. Для многіх поўны збор твораў будзе карай Божаю. Але я ня ўпэўнены, што для Алеся Наўроцкага поўны збор твораў быў бы нейкім дакорам. Як і для Міхася Лявонавіча Стральцова. Што да перапіскі Наўроцкага з КДБ… Ён атрымаў вельмі карэктны і правільны адказ. Навошта Камітэту дзяржаўнай бясьпекі пакідаць сьляды? Можна ж сустрэцца з кіраўніком мэдычнай установы, у адпаведным ключы пагаманіць зь ім… І — аніякіх табе сьлядоў, аніякіх табе дакумэнтаў. Вось калі дыягназ быў пацьверджаны праз суд, і чалавека абвесьцілі недзеяздольным, а потым трэба было б гэта судовае рашэньне адмяняць… Вось тут паўставала б пытаньне аб нейкай кампэнсацыі, аб нейкай рэабілітацыі».

Мікола Касьцюкевіч

Мікола Касьцюкевіч: «Прозьвішча Наўроцкі для сапраўдных аматараў і знаўцаў паэзіі — эталён бездакорнасьці. Без сумненьняў і агаворак. Аспрэчваць гэтую тэзу можна толькі ў двух выпадках — альбо з зайздрасьці (помніце, як у Высоцкага: «Да мало, что ты гениальный, мы не глупее небось»), альбо ўжо трэба быць глухім да паэтычнага слова ўвогуле. Мы ж не спрачаемся, добрыя ці слабыя, вершы ў Мандэльштама, скажам, ці Ахматавай. Мы альбо любім іх і цэнім, альбо проста нічога ня цямім у паэзіі.

Ёсьць вершы і ёсьць паэзія. Вершы пішуць усе. Паэзія здараецца далёка не заўсёды. І мала ў каго так, як у Наўроцкага. Парадаксальная прастата, калі спатыкаесься на самых звычайных сказах і словах і адчуваеш, як пачынае шчымець — вось яно, тое самае, сапраўднае… Што магчыма з’імітаваць, але немагчыма падрабіць. Яно альбо ёсьць, альбо яго няма. У Наўроцкага ёсьць. Гэта, калі хочаце, сакральна беларускім. У тым сэнсе, калі беларушчыну трэба разумець як патэнцыйна магчымы аналяг Царства Божага на зямлі…

Помніцца, калі патрапіла ў рукі паэтава проза па-расейску, нешта ўсё роўна як спыніла — ня змог чытаць. І гэта быў зусім не страх нарвацца на слабое ці несапраўднае. Хутчэй, чуцьцё нейкай неабавязковасьці. Як часовае і вечнае. Паспрабаваў магутнасьць рухавіка ў няправільных, чужых фарсажах, упэўніўся ў надзейнасьці і — зноў на цалік сваёй сакральнай беларушчыны. У сваю нястомную перад ёю адказнасьць. А адказнасьць ва ўмовах заўсёднага і асабліва цяперашняга выжываньня неймаверная. І перад сабой, і парад словам, і перад Богам… Згадайма, як усе мы, хто жыве ці хаця б імкнецца да беларушчыны, часта сутыкаемся зь яе міжвольнай прафанацыяй і дыскрэдытацыяй. Здавалася б, чаго прасьцей: імкніся да яе, узвышайся, не плямся таннасьцю і брудам. А робіш кепскае ці непрыгожае — хаця б маўчы, не прыкрывайся беларускасьцю, каб не пляваліся і на яе з табою разам… І ў гэтым разрэзе паэт і чалавек Алесь Наўроцкі дае нам годны ўзор высокай ня толькі творчай, але і мэтафізычна-быцьцёвай бездакорнасьці. Ягонае шматгадовае маўклівае выпадзеньне з будзённага літаратурнага соцыюму — гэта таксама тое, што ў чалавека альбо ёсьць, альбо няма. Гэта, па-першае, надзвычай вытанчаны мастацкі густ, а па-другое, звычайнае сумленьне чыстага душой і дзеямі чалавека, які ведае цану сапраўдным каштоўнасьцям. Ён лепей будзе галадаць на недасяжных вышынях, зрэдку праліваючыся адтуль шчырым творчым золатам, чым з катуха штодзённых жарсьцяў зьліваць апрыкрую банальшчыну… Алесь Наўроцкі — гэта той сапраўдны чалавек і шчыры творца, за якога ня будзе няёмка ні чытачу, ні Богу, ні беларушчыне».

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG