Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі "Дом літаратара". Эфір 23 кастрычніка

МАРЫНА ШОДА: “ПАТРЭБНЫ ДЗЯРЖАЎНЫ ФОНД ПАДТРЫМКІ БЕЛАРУСКІХ ПЕРАКЛАДЧЫКАЎ"

ЛІТНАВІНЫ


У выдавецтве “І.П.Логвінаў” выйшла кніга папулярнай польскай пісьменьніцы Вольгі Такарчук “Правек ды іншыя часы”. Гэты раман называюць найлепшай праявай сучаснага польскага міталягічнага рэалізму. Зьбеларушчыла кнігу Марына Шода. Яна выкладае міталёгію і замежную літаратуру на гуманітарным факультэце БДУ і шмат перакладае з польскай і ўкраінскай літаратуры. Сёньня Марына Шода – госьця нашай менскай студыі. Зь ёю гаварыла Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Cпадарыня Марына, у вашым перакладчыцкім рэестры – цэлае суквецьце вядомых польскіх пісьменьнікаў, сярод якіх Яраслаў Івашкевіч, Мрожак, Галчынскі, Гюле, Пільх, Такарчук. Вось самы сьвежы ваш пераклад – яе раман “Правек ды іншыя часы”, які выйшаў у выдавецтве Логвінава і нядаўна прэзэнтаваўся. Як вы выбіраеце аўтараў для перакладу? Ці гэта замова выданьня пэўнага ці выдавецтва? Ці гэта ваш асабісты выбар?”

Марыя Шода
Марына Шода:
“Часам гэта бывае замова, часам асабісты выбар, а часам бывае, што гэтыя два чыньнікі супадаюць і тады мне шчасьціць, як у выпадку з Вольгай Такарчук ці Славамірам Мрожакам, да прыкладу. Так здарылася і з Галчынскім, калі мяне папрасілі перакласьці што-небудзь зь ягонай прозы і я выбрала адну ягоную цудоўную дзіцячую казку”.

Аксак: “На прэзэнтацыі вашага перакладу кнігі Вольгі Такарчук “Правек ды іншыя часы” аўтарка сказала, што перакладчыкі бываюць двух відаў: эгаісты і прыставучыя. Вас яна, здаецца, да першага віду аднесла?”

Шода: “Я б не згадзілася, што гэты від ёсьць цалкам эгаістамі, гэта хутчэй самотнікі. Яны перакладаюць на самоце і толькі пасьля прадстаўляюць аўтару існы пераклад. У выпадку са мной было менавіта так, хоць некалькі разоў я і даймала яе сваімі лістамі ўжо на апошняй стадыі працы. Калі ёсьць магчымасьць кантактаваць з аўтарам, то трэба гэтым скарыстацца абавязкова, каб нешта ўдакладніць”.

Аксак: “На нядаўняй прэзэнтацыі кнігі швэдзкага пісьменьніка Мікаэля Ніемі “Папулярная музыка зь Вітулы” кінулася ў вочы, што на сцэне побач з аўтарам не знайшлося месца беларускаму перакладчыку гэтай кнігі. Скажыце, у Беларусі сапраўды такая непашанотная роля перакладчыка мастацкай літаратуры?”

Шода: “Перакладчык – гэта той чалавек, які павінен стаяць трошкі ў ценю аўтара і ні ў якім разе не выходзіць з гэтага ценю, на маю думку. Бо іначай можа атрымацца, як у выпадку з Самуілам Маршаком, які перакладаў Бёрнса, што атрымалася больш Маршака, чым Бёрнса. А ў згаданай сытуацыі, магчыма, канцэпцыя прэзэнтацыі была такая, што перакладчык ня мусіў увесь час быць на сцэне. Напрыклад, калі была прэзэнтацыя кніжкі Паўла Гюле “Мэрсэдэс-Бэнц” у маім перакладзе, я таксама ціхенька сядзела ў залі і нават не хацела выходзіць на сцэну, каб не парушыць той драйв, які вітаў на сцэне. Перакладчык зрабіў сваю справу і атрымліваў задавальненьне ад таго, што іншым падабаецца тое, што ён зрабіў”.

Аксак: “Як вы ацэньваеце сучасны стан перакладчыцкай справы наогул Беларусі?”

Шода: “Цяпер вельмі шмат зьяўляецца новых перакладаў, гэтага нельга не адзначыць і гэта адзначаюць усе, каму задаюць, ці магчыма, будуць задаваць падобнае пытаньне. Але ўсё адно хочацца больш, боль і больш, бо перакладаў у нас мала. Мала найперш перакладаў сусьветнай клясыкі, бо цяпер перакладаецца пераважна сучасная літаратура. Дзякуй, што замежныя амбасады падтрымліваюць сваіх аўтараў і пераклады зь іх на беларускую мову”.

Аксак: “А ці патрэбная ў сфэры перакладаў замежнай літаратуры на нацыянальную мову падтрымка дзяржавы?”

Шода: “Безумоўна, патрэбная. Ёсьць нейкі абавязковы сьпіс сусьветнай літаратуры, які павінен быць у кожнай дзяржаве на яе дзяржаўнай мове, бо бяз гэтага абяднее яе ўласная літаратура. Калі няма “Іліяды” з “Адысеяй”, калі няма знакавых, ключавых твораў сусьветнай літаратуры, то іх складана і выкладаць. Калі б дзяржава стварыла нейкі фонд падтрымкі перакладчыкаў, то чым больш выходзіла б кніжак на беларускай мове, тым больш і мова карысталася б папулярнасьцю ў выкладчыкаў, і было б прасьцей выкладаць замежную літаратуру, і студэнтаў было б прасьцей зацікавіць. Але нават нягледзячы на адсутнасьць дзяржаўнай падтрымкі ўсё адно робяцца пераклады вось гэтага корпусу сусьветнай літаратуры. Хай бы дзяржава заўважыла гэтыя пераклады і гэтую працу, але калі й не заўважыць, яны выйдуць у недзяржаўных выдавецтвах і стануць часткай той агульнай працы, якую абавязкова мусяць зрабіць беларускія перакладчыкі”.

АЎТАР І ТВОР

АЛЕСЬ НАЎРОЦКІ: "Я ДВАЦЦАЦЬ ГАДОЎ ПІСАЎ У ШУФЛЯДУ"


Выхад першай паэтычнай кнігі Алеся Наўроцкага "Неба ўсьміхаецца" маланкаю (1962) захоплена віталі ў друку Янка Брыль, Уладзімер Караткевіч і Міхась Стральцоў. Станоўчымі водгукамі сустрэлі крытыкі зьяўленьне і ягонай празаічнага зборніка "Валун" (1975). Усе прарочылі маладому пісьменьніку бліскучую будучыню. Але ў 1978 годзе Алесь Наўроцкі, пратэстуючы супраць выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах, выйшаў з Саюзу пісьменьнікаў. І – на дзесяцігодзьдзі апынуўся ў забыцьці. Першае ў сваім жыцьці інтэрвію творца даў нашаму радыё.

Міхась Скобла: "Спадар Алесь, з часу выхаду вашай апошняй кнігі “Пакаленьні і папялішчы” прамінула дваццаць гадоў. Сяму-таму нават здалося, што Наўроцкі як пісьменьнік скончыўся, выпісаўся і замоўк. На шчасьце, гэта ня так. Скажыце, чаго чакаць чытачам ад паэта, чыя літаратурная рэпутацыя, нягледзячы на шматгадовыя паўзы, працягваецца заставацца высокай?"

Алесь Наўроцкі
Алесь Наўроцкі:
"Чаго ад мяне можна чакаць? Вершаў. А якія гэта будуць вершы, хай мяркуе чытач. Напісаў я і вялікую паэму, аркушаў дзесяць. Гэта шмат. Напрыклад, паэма Якуба Коласа “Новая зямля” – 14 аркушаў. Спадзяюся, што хоць калі-небудзь яна будзе ўсё ж надрукаваная.

Скобла: "А пра што паэма?"

Наўроцкі: "Тут у двух словах ня скажаш. У свой час спэцслужбы прымацавалі мяне да псыха-нэўралягічнага дыспансэра. І я ўжо шмат гадоў патрабую ад уладаў палітычнай рэабілітацыі. Усе гэтыя падзеі і леглі ў аснову маёй паэмы".

Скобла: "А як павінна выглядаць ваша рэабілітацыя? Што і хто павінен зрабіць?"

Наўроцкі: "Павінна яна выглядаць наступным чынам. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі павінен прызнацца ў тым, што гэта ён прымацаваў мяне да дыспансэра. Ён, а ня мэдыкі, вось у чым соль гэтай справы. Але пакуль камітэт дзяржбясьпекі ня хоча ў гэтым прызнавацца".

Скобла: "У 1978 годзе вы дэманстратыўна выйшлі з Саюзу пісьменьнікаў – якраз на знак пратэсту супраць прымяненьня псыхіятрыі ў палітычных мэтах. Гэта было зьвязана толькі з перасьледам вас асабіста, ці вы пратэставалі супраць выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах увогуле ў тагачасным Савецкім Саюзе?"

Наўроцкі: "Калі б не было перасьледу мяне асабіста, то не было б і майго пратэсту. Вядома, я ведаў, што такая заганная зьява існуе, што людзей здаровых хапаюць і цягнуць у псыхушкі. Мой учынак усё ж зьвязаны з тым, што менавіта мяне ўзялі і пацягнулі. Дык тут я ўжо вымушаны быў заявіць пратэст. А калі гаварыць наогул, то ўлада і так ведала пра пратэсты іншадумцаў, таму што радыёстанцыя “Свабода” і іншыя не маўчалі".

Скобла: "Выхад з афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў быў на той час неардынарным і мужным крокам. Як паставіліся да вашага ўчынку калегі-пісьменьнікі?"

Наўроцкі: "Калегі-пісьменьнікі як паставіліся… Напрыклад, у мяне была гаворка з Шамякіным. Ён тады Саюз узначальваў і сказаў мне, што ня трэба выходзіць. А я яму адказаў, што не магу іначай. Тады ён паабяцаў праверыць маё здароўе. Так афіцыйны чалавек на самым высокім узроўні мне заявіў. І яны на самой справе праверылі – узялі і прымацавалі да дыспансэра. Удзел пісьменьнікаў у гэтай справе, можна сказаць, адмоўны".

Скобла: "Ніхто абсалютна не падтрымаў?"

Наўроцкі: "Можна так і сказаць. Ніхто абсалютна аніякай падтрымкі не зрабіў. А што пісьменьнікі маглі зрабіць? Змагацца з уладай пісьменьнік, нават калі ён знаходзіцца на самай вяршыні пісьменьніцкай піраміды, ня можа".

Скобла: "А як склаўся ваш лёс пасьля таго, як вы пакінулі шэрагі Саюзу пісьменьнікаў?"

Наўроцкі: "Адразу пасьля выхаду мне забаранілі працаваць лекарам. І я 20 гадоў бадзяўся бяз працы, пакуль не атрымаў пісьменьніцкую пэнсію. Так што давялося нялёгка. Улада, якая пачынае перасьледаваць, ведае, як узяць чалавека за горла, і жыцьця яна яму не дае".

Скобла: "А як жа вы ўсе гэтыя гады выжывалі?"

Наўроцкі: "Мяне падтрымлівала мая маці. Яна атрымлівала настаўніцкую пэнсію і мне дапамагала".

Скобла: "Ведаю, што вы пісалі і па-расейску. Выйшла нават кніга вашай расейскамоўнай прозы. Гэта ваша дзьвюхмоўнасьць з чым была зьвязана?"

Наўроцкі: "Справа ў тым, што я лічыў так: Савецкі Саюз будзе існаваць тысячагодзьдзі. Нікуды ён ня дзенецца. А прабіцца ў літаратуру я мог толькі праз расейскую мову. Я так лічыў: надрукавацца ў Савецкім Саюзе я не змагу, а калі будзе напісана па-расейску, то за мяжой, магчыма, выдасца. Гэта была мая спроба дайсьці да чытача праз расейскую мову. Гэта была адзіная магчымасьць, якая існавала на той час, на мой погляд. Аказалася, што Савецкі Саюз – сьцяна на гнілых падпорках, якая хутка рухнула".

Скобла: "Вы не спадзяваліся, што ён так хутка разваліцца?"

Наўроцкі: "Я ўпэўнены, што ніхто не спадзяваўся. Гэта вялікі шок быў для ўсіх. Мне цяжка ўявіць чалавека, які мог бы ведаць, што ўсё гэта рухне. Магчыма, эканамісты, якія ведалі сытуацыю, здагадваліся, што рухне. Праўда, былі выпадкі прадказаньняў, і яны спраўдзіліся".

Скобла: "Ваша мова – і паэтычная, і празаічная – вельмі адметная. Адметная таксама і ваша стылёвая манера. Хто паўплываў на фармаваньне пісьменьніка Наўроцкага?"

Наўроцкі: "У мяне было такое адчуваньне: трэба такую прозу пісаць, каб кожны сказ, кожны абзац чытаўся на вялікім напружаньні. Узорам такой прозы для мяне быў Лермантаў і яго “Герой нашага часу”. Увесь час, калі пісаў прозу, я думаў, што ня трэба пісаць багата. Трэба напісаць мала, але добра. Сядзі хоць год над апавяданьнем, а дабіся таго, каб яно гучала на ўзроўні Лермантава! А зь беларускіх пісьменьнікаў мне вельмі падабаюцца Міхась Стральцоў і Мікола Лупсякоў. Са старэйшых назаву Янку Брыля. Раньняя творчасьць Брыля на ўзроўні клясыкі, яе можна чытаць і перачытваць".

Скобла: "Спадар Алесь, за ўвесь гэты час вашага маўчаньня ці шмат вамі напісана ў шуфляду?"

Наўроцкі: "Усё напісанае пакуль у чарнавіках, і трэба яшчэ папрацаваць, асабліва над прозай. А што датычыцца маёй новай паэмы, дык яна абсалютна закончаная. Тое самае скажу і пра вершы. Я дваццаць гадоў пісаў у шуфляду. Мае вершы і паэма складаюць прыкладна дваццаць аркушаў".

АЛЕСЬ НАЎРОЦКІ. ВЕРШЫ З ШУФЛЯДЫ

Траву скасілі…

Траву скасілі. Падрасла яна.
А як не падрасьці? Бадзёрыў лівень.
І зноў стаіць густой травы сьцяна.
І басанож па ёй ступае жнівень.

А за травою – лес. Там – дзятла стук.
Акопы шэрыя засыпаны ігліцай.
Снарад разьлёгся, нібы той вяпрук.
Сасна – з прабітаю асколкам паясьніцай.

Ну а за лесам – што? А там – бальшак.
Куды ж імчыцца ён? У стольны Менск, вядома.
З журбою хутка вымаўлю я так:
Бывайце ж, певень, плот і ты, салома!

Па бальшаку я паімчу туды,
Дзе інтэрнат – забавы, сьмех і бойкі.
Звон чайніка і звон скаварады,
І песенька пад струны балалайкі.

Цябе убачу там. Прастрэліць жах.
Там да сьцяны я прытулюся бокам.
Хто лезе да цябе – таго ты па руках,
І вось адбіла ўсе яго наскокі.

Хто робіць той наскок? Падарыш ты
Такую вось, як гэта, лугавіну,
Асіньнік, дзе калоцяцца лісты,
Хістаючы сівую павуціну.

Траву скасілі… Падрасла яна.
А як не падрасьці? Бадзёрыў лівень.
Не для мяне стаіць травы сьцяна.
Не для мяне ідзе па травах жнівень.


На першым курсе


(1956 год – я студэнт- першакурсьнік
Менскага мэдінстытуту)

На першым курсе
Мэдінстытуту
Мароз па скуры
Гуляе люта.
Як не адкажаш
Дацэнту бойка, –
На сэрца ляжа,
Бы камень, тройка.
А зь ёй ня купіш
Ты пяльменяў,
А зь ёю супу
Зьясі ты меней.
Загубіць Cuprum
SO4
Талерку супу
І хлеб з кефірам.
Адбіць наскокі
Ці ўдасца вёртка,
Каб аж у скокі
Пайшла вавёрка?
Вось дык задача!
Сяджу у зале.
Чацьвёрку бачу
На п’едэстале.
І фтор, і гелій
Вучу з надзеяй.
Намудрагеліў.
Ох, Мендзялееў!
Цяплынь у зале.
А за сьцяною –
Сьнягі навалам,
Па самы пояс.
Няўжо ня ўбачым
З табой на лыжах
Скачок гарачы
Вавёркі рыжай?
Няўжо з табою
Ня зьедзем з горкі –
Там, дзе дугою
Хвост вавёркі?
Дзе сьнег кусачы
Урассыпную, –
З другім ты ўбачыш
Вавёрку тую!
З ім, даўганосым
І жартаўлівым,
Хто папяросай
Пускае грывы!
Зал. Лямпы купал.
Грызу я шчыра
Занудны Cuprum
SO4.
І фтор, і гелій
Вучу з надзеяй.
Намудрагеліў,
ох, Мендзялееў.
Шумок нязначны
Стаіць у зале.
Чацьвёрку бачу
На п’едэстале.
Ат, што мне значаць
Усе чацьвёркі,
Калі ня ўбачу
З табой вавёркі!


Уцякай!


Пажар ледзяны з размахам
Бярэ свой шалёны разгон.
Марозным ахоплены жахам,
Уцякае па полі клён.

А ў хаце грэе ватоўка.
Мне цёпла. Ёсьць жонка, дачка.
Але ж ці прыдбаў я сяброўку?
Няўжо я прыдбаў чужака?

Сьцябаюць жончыны словы:
"Ну што ты водзіш пяром?
Сядзіш ты на ўсім гатовым,
Як труцень, сядзіш за сталом!"

Пажар ледзяны скуголіць.
Бяжыць, уцякае клён.
Ваўчыца змроку па полі
За клёнам бяжыць наўздагон.

Урач я бальніцы сельскай,
Ня п’ю, папярос не смалю.
Я грошы кую штомесяц,
А што скаваў – аддаю.

А што да стала прыкуты –
Дык я ж вечны раб пяра!
А раптам я буду славуты,
Як, скажам, тварэц “Кабзара”?

Бясконцыя ж нараканьні
Будзяць адно пачуцьцё:
Калі ўсё жыцьцё з кусаньня,
Дык хіба ж гэта жыцьцё?

Пажар ледзяны зьмяіцца,
Хапае мяне адчай…
Клён загрызе ваўчыца.
Уцякай жа, клён, уцякай!


Са мной ты

Ідзеш ты са мною ў мроях.
Вее узьвей-санцавей.
Заснулі на грушавай кроне
Белыя статкі гусей.

Са мной ты… Зялёныя далі.
Сінее возера млён.
Жытоў фіялетавых хвалі
Бягуць, бягуць наўздагон.

Са мной ты… А птах на бусьлянцы
Стаіць на адной назе.
Жук вадзяны па глянцу,
Кругі пусьціўшы, паўзе.

Са мной ты… А далі азяблі.
Згалела гольле асін.
Вясёлка засыпала граблі.
“Курлы!” – зажурыўся клін.

Са мной ты… Бялее даліна.
Сьпіць белы густы навес.
Па сіне-малочнай пярыне
Лыжня прастрэліла лес.

Са мной ты… Са мной твой подых –
І на працы, і ў сьне.
Са мной ты ўсюды, заўсёды.
………………………………
Ды будзеш належаць ня мне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG