Севярын Квяткоўскі, Салігорск – Менск “Мы выходзім з галадоўкі, але працягваем пратэст”, – так заявілі маладыя людзі, якія ўдзельнічалі ў акцыі. Першым прамовіў гэтую фразу пятнаццацігадовы салігорац Іван Шыла, які трымаў галадоўку дзевяць дзён. Ён першы разам з чатырма паплечнікамі перастаў прымаць ежу 29 траўня. Самаму малодшаму ўдзельніку беспрэцэдэнтнай моладзевай акцыі Ільлю Шылу – трынаццаць гадоў. Многія назвалі галадоўку непрадуманай, спантаннай. Ад 29 траўня да 17 чэрвеня то далучаліся да акцыі, то выходзілі яе маладыя людзі ў розных куткох Беларусі. Як ставіцца да адчайных крокаў моладзі грамадзтва, бацькі, улады і “дарослыя” палітыкі? Акцыі пратэсту маладых: гульні падлеткаў ці разьмінка перад уваходам у вялікую палітыку? Адказаў на пытаньні шукаў карэспандэнт “Свабоды”.