Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 ліпеня – месяц, як скончылася галадоўка маладафронтаўцаў


Севярын Квяткоўскі, Салігорск – Менск “Мы выходзім з галадоўкі, але працягваем пратэст”, – так заявілі маладыя людзі, якія ўдзельнічалі ў акцыі. Першым прамовіў гэтую фразу пятнаццацігадовы салігорац Іван Шыла, які трымаў галадоўку дзевяць дзён. Ён першы разам з чатырма паплечнікамі перастаў прымаць ежу 29 траўня. Самаму малодшаму ўдзельніку беспрэцэдэнтнай моладзевай акцыі Ільлю Шылу – трынаццаць гадоў. Многія назвалі галадоўку непрадуманай, спантаннай. Ад 29 траўня да 17 чэрвеня то далучаліся да акцыі, то выходзілі яе маладыя людзі ў розных куткох Беларусі. Як ставіцца да адчайных крокаў моладзі грамадзтва, бацькі, улады і “дарослыя” палітыкі? Акцыі пратэсту маладых: гульні падлеткаў ці разьмінка перад уваходам у вялікую палітыку? Адказаў на пытаньні шукаў карэспандэнт “Свабоды”.

Празь месяц пасьля заканчэньня галадоўкі лідэр менскай арганізацыі “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук:

(Хведарук: ) “Шмат хібаў было насамрэч – галадоўка так спантанна пачалася. Затое не засталося абыякавых людзей да гэтай галадоўкі. Гэта галоўнае. Падзяліліся тыя, хто ўспрымаў яе адмоўна, і тыя, хто станоўча... Але ўсяляк кожны дазнаўся, што такія праблемы ў Беларусі існуюць і будуць існаваць, пакуль існуе рэжым. Гэта – свабода веравызнаньня, спыненьне крымінальнага перасьледу “Маладога фронту” і вызваленьне ўсіх палітвязьняў”.

Стартавай пляцоўкай галадоўкі маладафронтаўцаў стаўся горад Салігорск. Першыя дзевяць дзён акцыі менавіта тут у прыватнай кватэры групавалася найбольшая колькасьць удзельнікаў: у розны час ад пяці да дзевяці чалавек. Салігорск – як маленькая мадэль Беларусі, дзе ёсьць рабочыя і службоўцы, жабракі і заможныя, прэзыдэнцкая вэртыкаль і апазыцыя. Зрэшты, ёсьць адно адрозьненьне, напрыклад, ад Менску. Большасьць апазыцыянэраў ў Салігорску маюць у сярэднім 18 гадоў.

У Салігорску, як і па ўсёй Беларусі, грамадзкасьць была мала інфармаваная пра галадоўку, а тыя, хто ведалі пра акцыю, падзяліліся ў сваім стаўленьні:

(Дзяўчына: ) “Але я іх падтрымліваю”.

(Спадар: ) “Там разумных людзей дакладна няма”.

(Хлопец: ) “Хай пагаладуюць – карысна для здароўя. Сярод іх разумных людзей, пэўна, няма. Яны хочуць, каб свабоду далі, каб не працаваць і каб грошы былі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ня ведаеце, што там за галадоўка?”

Адзін з сустрэчных назваўся электрыкам салігорскага тэлеканалу “СТК”:

(Электрык: ) “У нас пра іх інфармацыі не было. У нас усё акуратна”.

Офіс каналу “СТК” месьціцца ў тым самым доме, дзе ладзіцца галадоўка. З ганку офісу добра відаць плякат на бальконе.

Я зайшоў у офіс і пацікавіўся ў галоўнага рэдактара “СТК” Сьвятланы Скрыпнік, ці перадаваў канал інфармацыю пра галадоўку.

(Скрыпнік: ) “Рэч у тым, што галадоўнікі нас не прасілі расказаць пра гэта. Таму мы пра гэта ведаем тое ж, што звычайныя жыхары: сядзяць у кватэры і вывешваюць плякаты”.

Гладоўнікі спэцыяльна нікога не запрашалі, але адкрывалі ўсім, апроч міліцыі. Вось словы аднаго з наведнікаў – рабочага Сяргея Клязовіча:

(Клязовіч: ) “Я разумею іхныя патрабаваньні, але галадоўка пагражае іхнаму здароўю”.

***

Салігорск – адзінае месца, дзе высокая ўлада пайшла на размову з галадоўнікамі. Напрыклад, старшыня мясцовага выканкаму Міхаіл Амельянчук прыняў школьніка Івана Шылу ў прысутнасьці намесьніцы па ідэалёгіі Галіны Пятрашкі, начальніка салігорскай міліцыі Ўладзімера Захарчука, а таксама некалькіх раённых дэпутатаў:

(Амельянчук: ) “Што галадуюць непаўналетнія? Ну што ж – у нас свабодная дзяржава. Хто хоча галадаваць, хай галадуе. Памерці не дамо, лекараў дамо. Здароўе гэтых дзяцей перш за ўсё павінна турбаваць іхных бацькоў”.

На тым размова з уладай і скончылася.

Вядома, бацькі галадоўнікаў турбаваліся і ўвесь час наведвалі сваіх дзяцей. Бацькі хацелі, каб дзеці як мага хутчэй спынілі галадоўку, але былі падзеленыя ў сваім стаўленьні да ідэяў маладых людзей. Сьвятлана Шыла:

(Шыла: ) “Я ганаруся сынамі, але вельмі за іх хвалююся. Я лічу, што галадоўка – гэта ня спосаб вырашэньня такіх пытаньняў”.

Бабуля аднаго з галадоўнікаў:

(Спадарыня: ) “Вы нічога не даможацеся! Вас маленькая купка. Унук трапіў пад уплыў – і ўсё: “Што хачу, тое раблю”! Ён на сутках быў, баставаў там у Менску. Ён прапаў, у яго будучыні ніякай няма!”

За час галадоўкі Іван Шыла здаў два дзяржаўныя экзамэны: па беларускай і расейскай мовах. Лідэр салігорскіх маладафронтаўцаў так падсумаваў галадоўку:

(Шыла: ) “Я лічу, што гэтая галадоўка не дарэмная, бо мы добра прадэманстравалі сваю грамадзкую пазыцыю. І яшчэ раз пабачылі, як дзяржава дэманструе сваю пазыцыю да простых грамадзянаў: нават тое, што тут непаўналетнія галадавалі, ім усё роўна”.

***

Маладыя галадоўнікі дамагліся ня мала: пра іх штодня паведамлялі беларускія і замежныя мас-мэдыя, да іх прыяжджалі такія вядомыя людзі, як палітык Аляксандар Мілінкевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, сьпевакі Кася Камоцкая і Зьміцер Бартосік. І нават мясцовы паэт, які падпісваецца “гаспадар Мікола”, прысьвяціў юнакам верш:

…А пакуль да расплаты час дойдзе, Дадае болю ціску надзей, Што сяброў новым водгукам знойдзе, Як пратэст, галаданьне людзей.

Лідэр аб’яднаных дэмакратаў Аляксандар Мілінкевіч прыехаў да галадоўнікаў, каб падзякаваць за іхную мужнасьць:

(Мілінкевіч: ) “Ужо сёньня тое, што яны зрабілі, мае вялікі рэзананс і водгук. Яны дамагліся таго, што на Беларусь ізноў зьвярнулі ўвагу. Нам вельмі важная міжнародная падтрымка. І ў самой Беларусі вельмі важная”.

Промні славы, арэол змагара, авансы на будучую дзейнасьць... Ці многія з галадоўнікаў у далейшым жыцьці будуць актыўна займацца палітыкай, у тым ліку вулічнай? Ці мае значэньне ўзрост цяперашніх рэвалюцыянэраў? Псыхоляг Жана Міцкевіч мяркуе, што так:

(Міцкевіч: ) “Яны сваё “я” праносяць праз пэўныя экстрэмальныя сытуацыі. Каб самаўпэўніцца, каб убачыць сябе і самарэалізавацца. А што я магу, а хто я такі... Бо гэты пэрыяд, як кажуць у псыхалёгіі, сындытыўны – самы чуйны”.

Па выхадзе з галадоўкі і здачы экзамэнаў Іван Шыла ўжо два разы затрымліваўся міліцыяй – за акцыі пратэсту. Яшчэ ў часе сустрэчы з хлопцам старшыня салігорскага выканкаму Міхаіл Амельянчук папярэдзіў хлопца:

(Амельянчук: ) “Падавай заяўку на пікет за 15 сутак. Ня зробіш – будзеш сядзець у клетцы”.

Большасьць салігорскіх маладых актывістаў марыць пра вышэйшую адукацыю і добры лёс у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG