Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: “Лукашэнка Казуліну проста адпомсьціў”


Галіна Абакунчык, Менск Падтрымаць Аляксандра Казуліна да суду Маскоўскага раёну Менску ў чацьвер прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Пра вынесены палітыку прысуд – пяць з паловаю гадоў зьняволеньня – яны выказваліся так.

(Спадарыня: ) “Жах. У мяне словаў няма. Я цяпер гаварыць не магу, мне вельмі цяжка”.

(Спадар: ) “Насамрэч чалавек гэтулькі сілаў аддаў сваёй дзяржаве, быў рэктарам БДУ, а цяпер… Незайздросны ў яго лёс”.

(Спадарыня: ) “Што можна думаць аб прадажным судзе? Ня хочацца проста гаварыць брыдкімі словамі”.

(Спадар: ) “Можна толькі сказаць – ганьба гэтаму суду й гэтай уладзе”.

(Спадарыня: ) “Лукашэнка вельмі баіцца Казуліна і зрабіў усё, каб ён больш ня мог удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. А яшчэ Лукашэнка нядобры й помсьлівы чалавек, ён Казуліну проста адпомсьціў”.

(Спадар: ) “Суд паказаў, што ўлада Казуліна баіцца. На новых выбарах канкурэнты гэтай уладзе не патрэбныя, і таму настолькі жорсткі прысуд. Чалавек не зрабіў нічога з таго, за што можна даваць такія прысуды. Хачу яшчэ падкрэсьліць, што ў нашай краіне асобным злачынцам за забойства не даюць такога тэрміну, які далі Казуліну”.

(Спадарыня: ) “Ганьба рэжыму, ганьба кіраўніку нашай дзяржавы”.

(Спадар: ) “Прабачце, але цяпер нешта казаць вельмі цяжка. Крыху пазьней”.

(Спадар: ) “Гэта ня суд быў, гэта было выкананьне загаду зьверху – і усё”.

(Спадарыня: ) Няма нават слоў, каб выказацца пра ўсё гэтае судзілішча, пра ўсё гэтае бяспраўе. Гэта жахліва проста”.

(Спадар: ) “Нават цяжка стрымаць нейкія эмоцыі. Відавочна, што помста палітычнаму апанэнту, відавочна, што Лукашэнка трымае злосьць на Аляксандра Казуліна. Вінавачаньні абсалютна беспадстаўныя, тым больш беспадстаўны й вельмі жорсткі прысуд. Гэта паказвае, што Лукашэнка баіцца Казуліна, што ім кіруе страх”.

(Спадарыня: ) “Канечне, калі казаць пра нашую судовую сыстэму, то гэта крах усяго правасудзьдзя. У мяне не хапае словаў, судзьдзя... Ня ведаю, на ягоным месцы я пусьціла б сабе кулю ў лоб пасьля такога прыгавору”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG