Менскія сьледчыя завялі справы за «гвалт супраць міліцыі» 14 ліпеня, затрымалі чатырох падазраваных

Жорсткія затрыманьні на акцыях салідарнасьці ў Менску і Гомлі. Фотагалерэя

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра разьвіцьцё крымінальнай справы аб «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушалі грамадзкі парадак» у Менску 14 ліпеня.

Як паведамляе СК, падчас вывучэньня відэаматэрыялаў былі выяўленыя «неаднаразовыя факты ўжываньня гвалту да супрацоўнікаў АМАП», гэтым супрацоўнікам нібыта нанесьлі «траўмы рознай ступені цяжкасьці», некаторыя працягваюць знаходзіцца на лячэньні. ​

На відэа СК дэманструюць кадры відэазапісаў: мужчына ў камуфляжнай куртцы падбягае да супрацоўнікаў АМАП, якія затрымліваюць людзей у кавярні, дакранаецца да пляча аднаго з супрацоўнікаў АМАП — і мужчыну пачынаюць біць (відэа абрываецца перад тым, як мужчыну пачынаюць зьбіваць некалькі чалавек). Пасьля мужчыну ў такой жа куртцы заводзяць у нейкі кабінэт.

У дадатак да ранейшай справы паводле арт. 342 КК завялі таксама справы за «супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў» і «гвалт да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (артыкулы 363 і 364 КК). Паводле апошніх затрымалі чатырох мужчын, «выявілі іх датычнасьць» да справы паводле артыкулу 342 і прызналі падазраванымі.

Паводле «Вясны», імя аднаго з затрыманых 14 ліпеня — Антон Шумаў. Яго падазраюць паводле ч.1 арт. 342, 15 ліпеня ў яго дома правялі ператрус, адваката да яго не пускаюць, у ІЧУ і ЦІП адмаўляюць, што такі чалавек у іх знаходзіцца.

Сьледчыя дзеяньні працягваюцца, вызначаюць іншых датычных да «гвалту супраць міліцыянтаў», праводзяць экспэртныя дасьледаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У мяне пералом рукі». Пэнсіянэрка гаворыць, што атрымала цяжкую траўму на акцыі 14 ліпеня ў Менску

Вечарам 14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі (у тым ліку ў Гомлі, Берасьці, Горадні, Бабруйску, Салігорску, Стоўпцах, Пружане) людзі выйшлі на вуліцы пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Праваабаронцы налічылі звыш 300 затрыманых (у тым ліку 14 журналістаў) падчас пратэстаў 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі. На сама меней 115 менчукоў склалі пратаколы.

Начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Іван Кубракоў заявіў, што гэта грамадзяне «спрабавалі справакаваць бойку з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў». Паводле яго, супрацоўнікі органаў унутраных спраў «праводзілі тлумачальную працу», калі ў цэнтры Менску «сабраліся каля 2000 грамадзян».

Затрыманьні адбываліся і 15 ліпеня, калі пад Цэнтральнай выбарчай камісіяй сабралася чарга ахвочых падаць скаргі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Да 20 сутак арышту. У Менску, Барысаве, Берасьці і Пружанах працягваюцца суды за акцыі 14 ліпеня