Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская турэмнікам: «Перастаньце зьдзекавацца з майго мужа»


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская расказала Tut.by, што ейнага мужа, зьняволенага аўтара блогаў «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага, перавялі ў камэру з 15 людзьмі, якія патрабуюць «доказаў» супраць «чутак пра нізкі сацыяльны статус».

«У аўторак Сяргей выйшаў з карцара, — расказала Сьвятлана Ціханоўская. — А ў сераду ў яго быў адвакат, і муж расказаў, што пасьля карцара яго павялі ня ў тую камэру, у якой ён знаходзіўся раней, а ў камэру на 15 чалавек, і тыя зьняволеныя зноў адмовіліся яго прымаць, і зноў запатрабавалі „доказаў“ супраць чутак аб нібыта „нізкім сацыяльным статусе“. Толькі тады яго зьмясьцілі ў камэру аднаго. Ноччу супрацоўнік СІЗА яго некалькі разоў будзіў, даваў указаньні пераходзіць з аднаго спальнага месца на іншае.

Складана назваць разумныя падставы для такога стаўленьня, але я думаю, што гэта рэакцыя на тое, што на мінулым тыдні ў судзе разглядаліся скаргі Ціханоўскага на СІЗА.

Я веру, што Сяргея такімі мэтадамі ня зламаць. Але ён пастаўлены ў такія ўмовы, што пад пагрозай яго здароўе і жыцьцё. Я зьвяртаюся да ўсіх, ад каго гэта залежыць: перастаньце зьдзекавацца з майго мужа і ціснуць на яго!»

Адвакат Ціханоўскага Віктар Мацкевіч расказаў, што на гэтым тыдні бачыў Ціханоўскага штодзень. Сытуацыя з карцарам і непрыманьнем іншымі зьняволенымі «ідзе па коле», кажа адвакат. Умовы для Сяргея Ціханоўскага становяцца толькі горшымі: сустрэчы зь ім, таксама як працэсуальныя дзеяньні, перанесьлі ў пакой для спатканьняў вязьняў з роднымі, дзе немагчыма захаваць адвакацкую тайну і тайну сьледзтва. Гэта турэмнікі тлумачаць «эпідэмічнай сытуацыяй».

Ціханоўская падала ў Сьледчы камітэт заяву аб спатканьні з мужам — кажа, гэтая сустрэча патрэбна яшчэ і як з даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты. Адвакат жа падаў скаргі ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Менску і менскую пракуратуру.

Таксама адвакат абяцае падаць «хадайніцтва да органа расьсьледаваньня аб вызваленьні Ціханоўскага праз тое, што ягонае ўтрыманьне пад вартай не адпавядае мэтам расьсьледаваньня, носіць характар жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG