Беларусь пачала купляць нафту ў ЗША

Рэзэрвуар з нафтай на прадпрыемстве «Гомельтранснафта» каля Мазыра, студзень 2020

Пачынаюцца пастаўкі нафты ў Беларусь з ЗША, заявіў міністар замежных спраў Уладзімер Макей 15 траўня.

Макей сьцьвярджае, што гэта вынік перамоваў 1 лютага паміж дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэо і кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.​ Пастаўкі амэрыканскай нафты — частка дзяржаўнай стратэгіі па дывэрсыфікацыі крыніц паставак і забесьпячэньні ўстойлівай працы нафтаперапрацоўчага комплексу Беларусі ў 2020 годзе і наступных.

Макей дадаў, што пастаўкі нафты з ЗША разглядаюцца як істотны элемэнт энэргетычнай бясьпекі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пампэо: Нашыя пастаўкі умацоўваюць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі

Танкер з 80 тысячамі тонаў амэрыканскай нафты для Беларусі прыбудзе ў порт Клайпеды на пачатку ліпеня, піша БелТА са спасылкай на прэс-сакратара «Белнафтахіма» Аляксандра Цішчанку.