У Клайпеду ўжо прыйшлі тры танкеры з нафтай для Беларусі, у Адэсу — два
Танкер, ілюстрацыйнае фота
У порт літоўскай Клайпеды прыйшоў трэці за месяц танкер з нафтай для Беларусі, паведамілі ў канцэрне «Белнафтахім».
«У Клайпеду прыйшоў трэці танкер паўночным маршрутам, ён даставіў 80 тысяч тон нафты. Сыравіна з другога танкера ўжо пачала паступаць на «Нафтан», — цытуе БелТА прадстаўнкіа канцэрну Аляксандра Цішчанку.
Паводле яго, у сакавіку ў Клайпедзе чакаецца яшчэ адзін танкер. Акрамя таго, да канца месяца дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджану Socar паставіць у Беларусь 250 тысяч тон нафты. Два з трох танкераў ужо даставілі гэтую сыравіну ў Адэсу. Усяго Socar можа паставіць селёта 1 млн т нафты.
У «Белнафтахіме» не ўдакладняюць, па якой цане Беларусь набывае сыравіну, гэта камэрцыйная тайна. У апошнія дні нафта рэзка патаньнела, але кантракты падпісваліся яшчэ да падзеньня.
У студзені і лютым беларускія НПЗ працавалі пры загрузцы 50% і перапрацавалі разам каля 1,8 млн тон нафты.
Пастаўкі ад буйных расейскіх нафтавых кампаній спыненая 1 студзеня ад таго, што не былі дасягнутыя дамоўленасьці па цане. Менск лічыць эканамічна нямэтазгодным плаціць прэміі на фоне стратнага для Беларусі падатковага манэўру Расеі. У Расеі ўмовай аднаўленьня льготных паставак нафты называюць так званае паглыбленьне інтэграцыі, што ў Менску расцанілі як пагрозу сувэрэнітэту.