Пачаліся пастаўкі азэрбайджанскай нафты ў Беларусь праз нафтаправод Адэса — Броды

Танкер, ілюстрацыйнае фота

Прапампоўка азэрбайджанскай нафты па нафтаправодзе «Адэса-Броды» пачатая, неўзабаве сыравіна пачне паступаць на тэрыторыю Беларусі, паведамілі «Інтэрфаксу» у канцэрне «Белнафтахім».

У ведамстве паведамілі, што ў адэскі порт прыбылі два танкеры ў рамках дамоўленасьцяў з Socar Trading, даччынай структурай Дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Азэрбайджану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У адэскі порт прыбыў першы танкер з азэрбайджанскай нафтай для Беларусі

Плянуецца, што ў сакавіку Socar Trading паставіць тры партыі нафты агульным аб’ёмам каля 250 тысяч тон праз порт Адэсы і нафтаправод Адэса — Броды. Агулам Азэрбайджан можа паставіць у Беларусь прыкладна 1 млн тон сыравіны.

Пастаўкі нафты ў Беларусь на паўднёвым кірунку праз Украіну адноўленыя з прычыны адсутнасьці імпарту ад буйных расейскіх нафтавых кампаній.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Румас: расейскі бок не адхіліў прапановаў Беларусі наконт нафты

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас па выніках перамоваў у Маскве з кіраўніком ураду Расеі Міхаілам Мішусьціным заявіў, што краіна будзе штомесяц закупляць ня менш за два танкеры нафты з альтэрнатыўных крыніц нават у выпадку дасягненьня дамоўленасьцяў з буйнымі расейскімі нафтатрэйдэрамі. Пастаўкі адсутнічаюць ад пачатку году, бо не дамовіліся аб цане прадукцыі.