Беларусь пачала забіраць тэхналягічную нафту з «Дружбы»

Ілюстрацыйнае фота. Нафтаправод «Дружба», Гомель

Беларусь вядзе забор тэхналягічнай нафты для нафтаперапрацоўчых заводаў (НПЗ) з адгалінаваньняў нафтаправоду «Дружба», не закранаючы транзыт, паведамляе расейскае агенцтва ТАСС са спасылкай на прэс-службу «Белнафтахіму».

«Ва ўмовах адсутнасьці ранейшых аб’ёмаў нафты для беларускіх НПЗ, неабходнасьці аптымізацыі магчымасьцяў і рэсурсаў паставак мы выкарыстоўваем тэхналягічную нафту. Забор вядзецца з участкаў галінаў, якія не задзейнічаныя ў транзыце расейскай нафты заходнім спажыўцам. Гэта наша нафта, яна знаходзіцца ў нашых трубах на нашай тэрыторыі», — сказаў прадстаўнік «Белнафтахіму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што будзе, калі Беларусь заплаціць за нафту, «як усе». Разьбіраемся з экспэртамі

Паводле яго, усё робіцца так, каб не паўплываць на абʼёмы прапампоўваньня транзыту і ня зьнізіць ціск. У канцэрне таксама адзначылі, што расейскі бок апавясьцілі аб працэдуры, гэта пацьвердзілі і ў кампаніі «Транснефть». Як адзначылі ў «Транснефти», гэта не паўплывае на транзыт з Расеі, але прывядзе да страты прапускной здольнасьці на самі беларускія НПЗ.

7 лютага ў Сочы прайшлі чарговыя перамовы аб нафце з удзелам прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі, па выніках якіх было заяўлена, што Масква і Менск працягнуць абмяркоўваць пастаўкі нафты выключна на камэрцыйных умовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Газ як у 2019, нафта па камэрцыйных цэнах, — вынікі перамоваў Лукашэнкі з Пуціным