Нафта з Казахстану: віцэ-прэм’ера Крутога ўпаўнаважылі падпісаць дамову ад Беларусі
Мазырскі НПЗ, ілюстрацыйнае фота
Пра цэны і аб’ёмы магчымых паставак пакуль не казалі. Але перамовы ідуць больш за паўгода, беларускі бок хоча пастаўкі бяз мытаў.
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румасдаў віцэ-прэм’еру Дзьмітрыю Крутому паўнамоцтвы правесьці перамовы між урадамі Беларусі і Казахстану аб пастаўках казахскай нафты ў Беларусь, уносіць у праект дамовы непрынцыповыя зьмены і падпісаць пагадненьне ад імя беларускага боку. Указ пра тое, што ўрадавыя перамовы трэба весьці, Аляксандар Лукашэнка падпісаў 29 студзеня.
Іншы віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка 5 лютага казаў, што дамова «ў стадыі высокай гатоўнасьці», і галоўнае нявырашанае пытаньне — ці будзе пастаўка з мытамі, ці без. Беларусь хоча атрымліваць нафту і не плаціць дадатковыя мыты (каб наблізіць выніковую цану да расейскай нафты), Казахстан думае.
Перамовы пра казахскую нафту ідуць больш за паўгода. У мінулым кастрычніку міністар энэргетыкі Казахстану казаў, што ў Беларусь гатовыя паставіць ад 1 да 3,5 мільёнаў тонаў нафты на год (з Расеі Беларусь раней купляла 18 млн т на перапрацоўку і 6 млн т на перапродаж).
Казахскі бок пры гэтым разьлічвае, што Беларусь будзе сама дамаўляцца з Расеяй пра транзыт казахскай нафты. Нафтаправоды, па якіх нафта можа трапіць з Казахстану ў Беларусь, так ці іначай ідуць праз Расею. Варыянт паставак у абыход Расеі (праз Касьпійскае і Чорнае мора, Азэрбайджан, Грузію і Ўкраіну) публічна не абмяркоўваўся.
Дамовы пра пастаўкі нафты з Расеі паводле ранейшых узораў няма — пастаўкі ідуць толькі па паўмільёна тонаў на месяц ад кампаніяў «Сафмар» і «Татнефть». Лукашэнка анансаваў чарговую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным 7 лютага («нейкі момант ісьціны наступіў», сказаў кіраўнік Беларусі).