Сіўчыка асудзілі на 15 сутак пасьля месяца адкладаньняў

Вячаслаў Сіўчык на акцыі пратэсту ў Менску, 29 сьнежня 2019 году

Яшчэ ў сьнежні 2019 году ў Беларусі пачалі судзіць удзельнікаў пратэстаў супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй. У ліку тых, каго меліся судзіць, быў і лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Але прысуды Сіўчыку адкладалі, бо падсудны быў за мяжой.​

У судзе Партызанскага раёну Менску 3 лютага прайшоў чарговы суд над Вячаславам Сіўчыкам. Судзьдзя Аляксандар Барысёнак, як піша «Вясна», не перанёс паседжаньне, а абвясьціў вырак: 15 сутак арышту за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

345 сутак арышту і 129 тысяч рублёў штрафу: так пакаралі ўдзельнікаў акцый супраць інтэграцыі

«Пракурор сам мусіў бы абскардзіць»

Самога Сіўчыка на паседжаньні не было. Палітык пацьвердзіў Свабодзе, што ён і цяпер за мяжой. Ён адзначыў, што ранейшыя суды пераносіліся, бо, паводле зьвестак суду, ён быў за мяжой, але зьдзівіўся: «Адкуль у суду такія зьвесткі?»

«Сам завочны вырак — натуральна, надзвычай грубае парушэньне беларускага заканадаўства, — кажа Сіўчык Свабодзе. — Гэта палітычна матываваныя рэпрэсіі, і гэта зразумела чаму зроблена: хочуць запалохаць мяне, хочуць запалохаць беларускае грамадзтва. Карная сыстэма Аляксандра Лукашэнкі ўсё больш ператвараецца ў нейкіх пуцінскіх халуёў».

На думку Сіўчыка, выракам яму «было растаптанае і беларускае заканадаўства, і міжнародныя пагадненьні, якія заключала Рэспубліка Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Блогер Шэры Кот атрымаў 60 сутак арышту. Ці законна гэта?

Ён адзначае, што вырак вынесьлі «адразу, як толькі дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амэрыкі Майк Пампэо пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь».

Па вяртаньні ў Беларусь Сіўчыка могуць затрымаць і пасадзіць, ня даўшы магчымасьці абскардзіць вырак. Ён кажа, што будзе вяртацца ў Беларусь, нягледзячы на гэта.

«Між іншым, пракурор Партызанскага раёну сам павінен абскардзіць гэты прысуд, — кажа Сіўчык. — Нават без маіх заяваў павінен быў бы абскардзіць, бо прысуд цалкам незаконны, не ўкладаецца ў беларускае заканадаўства. Але паглядзім. У нас жа далей гэты тэатар абсурду будзе працягвацца».

Акрамя гэтага суду за акцыю 8 сьнежня, яго чакаюць яшчэ чатыры працэсы ў судзе Партызанскага раёну — штодзень да 7 лютага.

За сьнежаньскія акцыі раней 13 чалавек былі асуджаныя агулам на 345 сутак арышту, аштрафаваныя на 129 тысяч рублёў.