Расейскі амбасадар заявіў, што Масква і Менск могуць неўзабаве знайсьці рашэньні па нафце і газу

Дзьмітры Мезенцаў

Пакуль Беларусь чакае першую партыю нафты з Нарвэгіі, прадстаўнік Расеі выказаў спадзеў на ўрэгуляваньне нафтагазавага канфлікту Масквы і Менску.

Амбасадар Расеі ў Менску Дзьмітрый Мезенцаў у інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС выказаў думку, што дзьве краіны неўзабаве могуць знайсьці рашэньні па нафтагазавых пытаньнях.

«Нягледзячы на пэўныя адрозьненьні ў падыходах бакоў, аптымальныя рашэньні, якія задаволяць партнэраў, павінны быць знойдзеныя ў бліжэйшы час, што таксама пацьвердзіць маштаб і практыку двухбаковага ўзаемадзеяньня па нафце і газу», — адзначыў Мезенцаў.

Мезенцаў сказаў, што расейскі бок гатовы таксама кампэнсаваць Беларусі шкоду, нанесеную летась беларускім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам у выніку паставак з Расеі бруднай нафты.

«Расейскі бок гатовы кампэнсаваць шкоду. Такая пазыцыя і ў гэтым выпадку паказвае прыхільнасьць саюзьніцкім адносінам», — адзначыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь перад альтэрнатывай. І ня толькі нафтавай