У судах Менску 30 сьнежня судзяць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту супраць «паглыбленьня інтэграцыі» з Расеяй. Усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбыліся 7 і 8 сьнежня. У некаторых судах абвясьцілі перапынкі на некалькі гадзінаў, некаторыя адклалі на 31 сьнежня, а некаторыя і на наступны год.
У Цэнтральным раёне адносна Максіма Ўрбановіча, які ўжо адбывае 15 сутак за пратэсты, мелі прайсьці яшчэ два працэсы: адзін перанесьлі на 9 студзеня, другі — на 12.20 31 сьнежня, піша «Вясна». Разгляд справаў старшыні АГП Мікалая Казлова, мовазнаўцы Пятра Садоўскага, актывістаў Алены Янушкоўскай, Ганны Шапуцькі, Андрэя Шарэнды і Юрыя Татура перанесьлі на 9 студзеня. Высьветлілася, што ў пратаколе супраць Садоўскага на далучаным фота зусім іншы чалавек, паседжаньне суду было спынена. Суды над Андрэем Хранковым адклалі на 31 сьнежня і 9 студзеня. Таксама ў Цэнтральным раёне мелі судзіць актывіста Аляксея Сюдака, вынік невядомы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Блогера «Шэрага ката» мусілі судзіць у Менску, а ён аказаўся пад арыштам у ВоршыСуд Ленінскага раёну перанёс разгляд справаў Барыса Дуброўскага, Натальлі Ладуцькі, Ганны Шапуцькі, Барыса Анікеева і Віктара Кавалькова (айцец Вікенцій) на 9 студзеня, Уладзімера Някляева, Уладзімера Арлова і Зьмітра Казлова — на 10 студзеня. Прычыны пераносу — адсутнасьць падсудных ці сьведак. У Ленінскім раёне таксама мелі судзіць Андрэя Кудзіка, супраць яго склалі 2 пратаколы, вынік невядомы.
Уладзімер Някляеў у судзе
Праваабаронцы, якія сочаць за справамі супраць удзельнікаў акцый у падтрымку незалежнасьці, выказваюць думку, што ў Ленінскім судзе атрыманы загад зацягваць гэтыя працэсы.
У Заводзкім раёне мелі судзіць Валера Рабцава, вынік невядомы.
За што судзяць?
У сьнежні ў Менску прайшло некалькі акцый пратэсту супраць інтэграцыі. На іх асобных удзельнікаў завялі адміністрацыйныя справы за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Агулам за 26 і 27 сьнежня ўдзельнікаў акцый аштрафавалі на 16 322 рублі. Асобных удзельнікаў акцыі аштрафавалі на 5–15 сутак. Некаторыя сустрэнуць Новы год «на сутках».