Ва Ўправу ўнутраных спраў Ленінскага раёну Менску ў нядзелю, 15 сьнежня, была выклікана журналістка Вольга Быкоўская. На яе быў складзены пратакол за ўдзел у акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі, якая прайшла ў Менску 7 сьнежня. Пра гэта інфармуе БелаПАН.
Вольгу Быкоўскую абвінавачваюць у правапарушэньні на падставе арт. 23.34 КоАП за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
«Паказалі маю фатаграфію буйным плянам. Сапраўды, я знаходзілася ў той дзень каля паштамта ў жывым ланцугу і была ўдзельніцай акцыі», — сказала Быкоўская, якая зьяўляецца членам рады руху «За Свабоду».
У той жа час, паводле яе слоў, права на свабоду выказваньня меркаваньня гарантаванае Канстытуцыяй, асабліва калі гаворка ідзе пра захаваньне незалежнасьці краіны.
Калі адбудзецца суд, Быкоўскай у міліцыі не паведамілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Удзельнікаў акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй выклікаюць у міліцыю для складаньня пратаколаў
Выклікаць у міліцыю ўдзельнікаў акцый пратэсту, якія прайшлі ў Менску 7 сьнежня, пачалі 13 сьнежня. Пратэст быў прымеркаваны да чаканага на наступны дзень падпісаньня дакумэнтаў аб паглыбленай інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве.
Пратаколы ўжо складзеныя на:
- Сустаршыню БХД Вольгу Кавалькову;
- Блогера Зьмітра Казлова (Шэры Кот);
- Андрэя Кудзіка;
- Леаніда Кулакова.
- З 11.30 да 11.45 уздоўж праспэкта Незалежнасьці, на ўчастку ад будынка цырку да паштамту, сотні людзей сталі ў жывы ланцуг, трымаючыся за рукі. Акцыя была арганізаваная грамадзянскай кампаніяй «Сьвежы вецер».
- Пасьля поўдня на Кастрычніцкай плошчы пачаўся несанкцыянаваны мітынг, які ініцыяваў Павел Севярынец. Міліцыя папярэджвала ўдзельнікаў у мэгафоны аб незаконнасьці акцыі. Агульная колькасьць пратэстоўцаў склала прыблізна тысячу.
- 8 сьнежня ў сталіцы адбылася яшчэ адна пратэстная акцыя.