Кіроўны камітэт Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» заклікаў улады Расеі і Беларусі «забясьпечыць празрыстасьць і інклюзіўнасьць працэсу перамоваў аб паглыбленай інтэграцыі і паўнавартасны ўлік думкі грамадзян Беларусі і Расеі», піша БелаПАН.
«Зьвяртаем увагу, што актуальны працэс паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй мае прыкметы прымусу Беларусі да адмовы ад сувэрэнітэту і абапіраецца на інструмэнты эканамічнага шантажу з боку Расеі», — гаворыцца ў заяве камітэту, апублікаванай 4 сьнежня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як разьвівалася інтэграцыя Беларусі і Расеі: войска, мытня, «саюзная дзяржава»Аўтары заявы адзначаюць, што працэс паглыбленьня інтэграцыі «выклікае глыбокую занепакоенасьць з боку грамадзянскай супольнасьці Беларусі ды іншых краін» і «можа паставіць пад пагрозу сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь і захаваньне правоў яе грамадзян», бо:
- няма празрыстасьці, усе перамовы аб паглыбленьні інтэграцыі праходзяць у закрытым рэжыме, доступ да дакумэнтаў для грамадзкасьці абмежаваны, яны засакрэчаныя;
- няма інклюзіўнасьці і грамадзянскага кантролю: ніякія грамадзкія арганізацыі, супольнасьці, суб’екты прыватнага бізнэсу, прафэсійныя саюзы Беларусі ня ўключаныя ў працэс абмеркаваньня і падрыхтоўкі дакумэнтаў;
- у хадзе міждзяржаўных перамоваў аб паглыбленьні інтэграцыі ёсьць відавочная няроўнасьць бакоў і залежнасьць Беларусі ад Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«На храна такі саюз». Інтэграцыя з Расеяй у 10 сумных лічбахУ заяве ёсьць заклік да прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу ўлічыць, што з вышэйназваных прычынаў, а таксама «з прычыны адсутнасьці ў Беларусі мэханізмаў дэмакратычнага прадстаўніцтва і захаваньня правоў чалавека рашэньні яе ўладаў не адлюстроўваюць думкі грамадзянскай супольнасьці і народу Беларусі што да інтэграцыі з Расеяй».
«Падкрэсьліваем, што ў наяўных умовах ніякія інтэграцыйныя дамоўленасьці Беларусі і Расеі не павінны прызнавацца міжнароднай супольнасьцю легітымнымі», — сьцьвярджаецца ў заяве.
Форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» — плятформа ўзаемадзеяньня паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» і Эўразьвязу з мэтай спрыяць рэформам у краінах — усходніх партнэрах Эўразьвязу (Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна).