«Укід быў? Укіду не было» — аблвыбаркам пра «скандал на роўным месцы» ў Берасьці

Жанчына зь некалькімі бюлетэнямі, якую спыніў назіральнік, на выбарчым участку ў Берасьці.

На прэс-канфэрэнцыі 18 лістапада старшыня Берасьцейскай абласной выбарчай камісіі Аляксандар Каляда пракамэнтаваў скандал са спробай укіду бюлетэняў на ўчастку ў Берасьці.

«Я лічу, што там разьдзьмулі на роўным месцы, — перадае Tut.by словы Аляксандра Каляды. — Давайце паглядзім, што ў сухой рэшце. Укід быў? Укіду не было!

Выбарнік падышоў да вурны, наляцеў назіральнік, выбарнік пайшоў. Няма факту. Няма ў чым разьбірацца. Разьбірацца можна толькі зь дзеяньнямі назіральніка. Тут відавочна грубае парушэньне статусу назіральніка. Калі ён бачыць нейкае, зь ягонага пункту гледжаньня, парушэньне, ён мае права зьвярнуцца да старшыні камісіі, у тым ліку і ў пісьмовай форме. Але здымаць чалавека безь яго згоды...»

Паводле старшыні аблвыбаркаму, сам ён бы ў такім выпадку зьвярнуўся б да старшыні камісіі. На відэа, заявіў ён, кепска бачна, колькі бюлетэняў нясе жанчына, ды й увага «перабольшаная да аднаго факту», бо «калі ў Магілёве старшыні камісіі пагражалі, улёткі разьлеплівалі ў пад’езьдзе, вось гэта ўжо іншае пытаньне».

Каляда дадаў, што ўчастковая камісія «праявіла да назіральніка пэўную ляяльнасьць», бо не адразу пазбавіла яго акрэдытацыі: «пачакалі яшчэ, калі ён пачаў нахабнічаць наогул».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэтыя словы не напужалі». Экс-назіральнік адрэагаваў на пагрозу Лукашэнкі «адкруціць галаву»

Што здарылася

Назіральнік Юры Вашчанчук на ўчастку № 37 Берасьцейскай-Усходняй акругі № 3 13 лістапада зьняў на відэа дзяўчыну, якая нібыта спрабавала ўкінуць у скрыню для галасаваньня стос бюлетэняў.

Дзяўчына зь відэа, Анастасія Кулічкова, сьцьвярджае, што гэта быў адзін складзены бюлетэнь. На відэа чуваць, як нехта — назіральнік кажа, што старшыня камісіі — кажа дзяўчыне сыходзіць, і дзяўчына сыходзіць з участку зь бюлетэнямі, хоць выносіць бюлетэні з участку таксама незаконна.

Старшыня камісіі і дырэктарка дзіцячага садку, дзе працуе Кулічкова, Тацяна Мосіна заяўляе, што дзяўчына не вінаватая — маўляў, «чалавек вінаваты, калі яго злавілі за руку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аўтар скандальнага відэа са спробай укіду бюлетэняў: «Для мяне гэта быў шок»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Схапіць за руку ці не? Што рабіць назіральніку, калі бачыць укід бюлетэняў