Прымус, шантаж, маніпуляцыі. Высновы назіральнікаў пра датэрміновае галасаваньне
Выбары ў Палату прадстаўнікоў
Актывісты Беларускага Хэльсінскага камітэту і цэнтру «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падсумавалі вынікі датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Афіцыйная яўка выбарнікаў цягам чатырох дзён склала 35,77%, што ёсьць найбольшым паказьнікам, калі параўноўваць з аналягічнымі кампаніямі 2008, 2012 і 2016 гадоў.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары» дэлегавалі 160 назіральнікаў, якія сачылі за датэрміновым галасаваньнем амаль на сотні ўчасткаў па ўсёй краіне. Агульныя высновы наступныя.
Кампанія традыцыйна насіла арганізаваны характар. Адміністрацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, установаў, ВНУ настойліва прапаноўвалі браць удзел у датэрміновым галасаваньні, вялі ўлік і інфармавалі мясцовыя органы ўлады.
У шэрагу выпадкаў арганізацыя ўдзелу выбарнікаў мела характар прымусу, з пагрозай нэгатыўных наступстваў за адмову ад удзелу ў датэрміновым галасаваньні. 30% назіральнікаў адзначалі, што фіксавалі такія факты. Для параўнаньня, у 2016 годзе лічба была істотна меншая — 18%.
На 32 участковых камісіях, дзе прадстаўнікі кампаніі бесьперапынна вялі ўлік тых, хто прагаласаваў на выбарах, назіралася перавышэньне колькасьці ў пратаколах ў параўнаньні з дадзенымі назіральнікаў
На некаторых участках розьніца ў дадзеных камісій і назіральнікаў па яўцы выбарцаў насіла анамальны характар — у два, тры, пяць і нават у дзесяць разоў большая за дадзеныя назіральнікаў.
Многія назіральнікі сутыкаліся зь перашкодамі: забарона на фота- і відэаздымкі і фіксацыю афіцыйныя пратаколаў УВК аб штодзённых выніках датэрміновага галасаваньня, вынясеньне неабгрунтаваных папярэджаньняў, пазбаўленьне акрэдытацыі і выдаленьне з участкаў для галасаваньня назіральнікаў ад апазыцыйных палітычных партый
Як адзначаюць праваабаронцы, практыка правядзеньня датэрміновага галасаваньня застаецца адной з сыстэмных праблемаў выбарчага працэсу і стварае шырокія магчымасьці для выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу ды іншых маніпуляцый.
У сувязі з гэтым рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ ў частцы зьмены працэдураў датэрміновага галасаваньня застаюцца надзвычай актуальнымі.