Сьцяг перавярнуўся ноччу на запячатаным выбарчым участку ў Горадні. ФАТАФАКТ

Зьлева — як было 12 лістапада, справа — як стала 13-га

Назіральнікі кампаніі «Права выбару» заўважылі незвычайную зьмену на выбарчым участку №11 Горадзенскай-Цэнтральнай акругі №51. Дзяржаўны сьцяг «перавярнуўся» за ноч у запячатаным памяшканьні.

Як сьцьвярджае назіральнік Сяргей Верамеенка, каардынатар горадзенскай кампаніі «Права выбару», да 13 лістапада чырвона-зялёны сьцяг на ўчастку вісеў дагары нагамі. Ён і назіральнік «Вясны» Ігар Дзьячкоў прысутнічалі пры апячатваньні памяшканьня вечарам 12-га, а пры расьпячатваньні раніцай 13-га прысутнічаў Дзьячкоў. І на раніцу 13 лістапада сьцяг вісеў ужо «як трэба».

На ўчастку Свабодзе адмовіліся камэнтаваць здарэньне, а ў акруговай выбарчай камісіі заявілі, што пра такое яшчэ ня чулі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ярмошына: назіральніка, які зьняў спробу ўкіду бюлетэняў, трэба пазбавіць акрэдытацыі

Верамеенка расказаў Свабодзе, што старшыня і чальцы камісіі «блыталіся ў паказаньнях» і не змаглі ўцямна растлумачыць, на якой падставе нехта меў доступ у запячатанае памяшканьне, дзе знаходзілася вурна для галасаваньня, і чаму назіральнікаў не запрасілі на паседжаньні камісіі, якое там нібыта праводзілася да пачатку працы ўчастку.

На сьцяг назіральнікі зьвярнулі ўвагу яшчэ 12-га — Верамеенка кажа, чуў, што і самі чальцы камісіі гэта заўважылі, вырашылі перавесіць, але пасьля таго, як участак закрыюць. Цяпер ён піша заяву ў акруговую камісію наконт доступу невядомых на запячатаны ўчастак.

Тым часам калі назіральнікі налічылі 107 выбарнікаў на ўчастку падчас датэрміновага галасаваньня, у пратаколе было пазначана, што прагаласаваў ужо 171 чалавек.

І гэта ня ўсё, што бачылі на ўчастку назіральнікі. Выбарнікі адкрыта і неаднаразова абураліся тым, што іх гоняць на датэрміновае галасаваньне, але старшыня ўчастковай камісіі адхіліў скаргу.

Суседні 12-ы ўчастак той жа акругі Верамеенка таксама называе «праблемным». На ўчастку пасьля абеду ў цемры знаходзілася старшыня камісіі. На пытаньне пра тое, чаму яна там сядзіць у цемры, яна адказала, што «рыхтуецца да працы».