Затрыманы дырэктар кампаніі, якая будуе акумулятарны завод пад Берасьцем, — Tut.by

Будаўніцтва заводу «АйПаўэр», архіўнае фота

Паводле крыніцаў парталу Tut.by, у ноч на 28 чэрвеня затрымалі дырэктара кампаніі «ПАК-кіраваньне» і сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва Віктара Лемяшэўскага, а таксама «некаторых ягоных падначаленых».

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі адмовіўся камэнтаваць затрыманьне. Сам Лемяшэўскі недасяжны праз тэлефон, у мэсэнджэры апошні раз быў а 5-й раніцы. Намесьнік дырэктара групы кампаніяў 1AK-Group (якая будавала заводы) сказаў выданьню, што не валодае інфармацыяй.

З чым зьвязанае затрыманьне, калі яно сапраўды было, не ўдакладняецца. Але «ПАК-кіраваньне» найперш вядомае будаўніцтвам акумулятарнага заводу «АйПаўэр» пад Берасьцем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ай-Паўэр» пракамэнтавала словы кіраўніка Берасьця пра гемарой і 340 кіляграмаў сьвінцу

Старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс падпісаў распараджэньне аб прыпыненьні будаўніцтва заводу 14 чэрвеня. Будаўніцтва прыпынілі да ліквідацыі выяўленых парушэньняў. Мінпрыроды да таго адмовіла адказнай за будаўніцтва заводу кампаніі «АйПаўэр» у выдачы заключэньня аб адпаведнасьці завершанага будаўніцтва патрабаваньням экалягічнай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для нас гэта як Курапаты». Ці вераць берасьцейцы ў тое, што ўлады закрыюць акумулятарны завод

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем

  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.