Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рашэньня аб закрыцьці няма». Скончыўся тэрмін, за які кіраўнік Берасьцейшчыны абяцаў «разабрацца» з акумулятарным заводам


Акумулятарны завод пад Берасьцем
Акумулятарны завод пад Берасьцем

У мінулую нядзелю праціўнікі прадпрыемства кампаніі «Ай-Пауэр» праігнаравалі сустрэчу з кіраўніцтвам Берасьця і зноў выйшлі на плошчу.

12 чэрвеня ў Берасьці прайшла сустрэча кіраўніка вобласьці Анатоля Ліса з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу каля гораду. На ёй чыноўнік паабяцаў цягам тыдня праверыць сабраныя актывістамі зьвесткі пра парушэньні, дапушчаныя адміністрацыяй прадпрыемства. А пасьля гэтага вырашыць далейшы лёс скандальнага заводу.

14 чэрвеня на сайце аблвыканкаму зьявілася паведамленьне, што Анатоль Ліс падпісаў пастанову аб прыпыненьні будаўніцтва акумулятарнага заводу кампаніі «Ай-Паўэр» да таго часу, пакуль ня будуць ліквідаваныя ўсе парушэньні. На той момант завод ужо быў цалкам дабудаваны, на прадпрыемстве чакалі апошніх дазволаў ад Мінпрыроды. Тэрмін, агучаны Анатолем Лісам, скончыўся 21 чэрвеня.

Раман Кісьляк
Раман Кісьляк

«Няма юрыдычнага рашэньня аб закрыцьці заводу, — кажа праціўнік будаўніцтва, юрыст Раман Кісьляк. — Улады заяўляюць, што праводзяць праверку. Што яны праверылі, ці працуе зараз завод, і што ён не працуе. Быццам бы ўвесь мінулы тыдзень рабочыя займаліся тым, што кансэрвавалі абсталяваньне, прыбіралі паўфабрыкаты».

Актывісты маюць сумневы, ці сапраўды завод прыпыніў пусканаладачныя працы. Кругласуткавая варта каля прадпрыемства бачыць, як на завод падвозяць і вывозяць пэрсанал, з комінаў ідзе дым, працуе каналізацыя.

«Актывісты заўважаюць зьлівы ў ліўневай каналізацыі нават тады, калі няма дажджу, — кажа Раман Кісьляк. — Люкі гэтай каналізацыі цяпер завараныя. Такая сытуацыя.

Пакуль можна гаварыць, што распараджэньне Анатоля Ліса аб прыпыненьні будаўніцтва заводу будзе выконвацца. Але пытаньне закрыцьця альбо аднаўленьня працы заводу пакуль без адказу».

У выніку праціўнікі будаўніцтва заводу вырашылі байкатаваць сустрэчу з кіраўніком гораду Аляксандрам Рагачуком, якая адбылася ў нядзелю адначасова з традыцыйным «кармленьнем галубоў» на плошчы. Некалькі актывістаў, якія трапілі на сустрэчу, выйшлі з залі, не чакаючы завяршэньня.

«Склалася ўражаньне, што людзей на гэтую сустрэчу паклікалі, каб выманіць іх з плошчы, — кажа актывіст. — Вялі камунікацыю з супрацоўнікамі адміністрацыі гораду ўсю суботу, і нават у прынцыпе дамовіліся пра тое, што старшыня гарвыканкаму прыедзе на сустрэчу асобна ў 12.40 у памяшканьні побач з плошчай. Але потым яе адмянілі. Таму ў выніку на сустрэчы з Рагачуком былі людзі, якія падтрымліваюць улады. Разам з журналістамі — каля 50 чалавек».

На плошчу ў Берасьці 23 чэрвеня выйшлі каля 300 чалавек (па некаторых падліках — 500). Гэта ўдвая больш, чым звычайна. Раман Кісьляк зьвязвае такую колькасьць людзей зь дзеяньнямі ўладаў, якія, з аднаго боку, прадэманстравалі гатоўнасьць закрыць скандальнае прадпрыемства, а зь іншага, не зрабілі пакуль для гэтага рэальных крокаў.

«Людзі адначасова ўзрушаныя рашэньнем аб прыпыненьні будаўніцтва заводу і разам з тым абураныя, што факты неправамернай дзейнасьці прадпрыемства не расьсьледуюцца. Думаю, у гэтым прычына таго, што людзей выходзіць усё больш і больш».

Тэрміны завяршэньня праверкі, якую нібыта праводзяць улады на акумулятарным заводзе каля Берасьця, застаюцца невядомымі.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG