Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Берасьцейшчыны дапусьціў, што акумулятарны завод, супраць якога пратэстуюць жыхары, закрыюць


Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем прыйшлі на сустрэчу з кіраўніцтвам аблвыканкама. Берасьце, 12 чэрвеня 2019 году

Пра гэта Анатоль Ліс заявіў на сустрэчы з 13 актывістамі, якая прайшла ў аблвыканкаме ў сераду 12 чэрвеня.

Сустрэча праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем з кіраўніцтвам аблвыканкаму праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. На яе не дапусьцілі журналістаў, весьці відэа- і аўдыёзапіс размовы з чыноўнікамі актывістам забаранілі.

Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем прыйшлі на сустрэчу з кіраўніцтвам аблвыканкаму. Берасьце, 12 чэрвеня 2019 году
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем прыйшлі на сустрэчу з кіраўніцтвам аблвыканкаму. Берасьце, 12 чэрвеня 2019 году

Размова працягвалася тры гадзіны і скончылася абяцаньнем уладаў праверыць усе факты парушэньняў, прад'яўленыя актывістамі, і на працягу наступнага тыдня прыняць рашэньне аб спыненьні ўводу ў эксплюатацыю заводу.

Раман Кісьляк
Раман Кісьляк

«Мы дамагаліся гэтай сустрэчы апошнія паўтара года, і нарэшце яна адбылася, — расказаў журналістам адзін з актывістаў, юрыст Раман Кісьляк. — З нашай размовы было відаць, што ўлады зразумелі — пратэсты ня спыняцца, даверу да словаў чыноўнікаў у людзей няма».

Па словах Рамана Кісьляка, кіраўнік аблвыканкаму Анатоль Ліс падчас размовы некалькі разоў дапусьціў магчымасьць забароны ўводу ў эксплюатацыю заводу кампаніі «АйПаўэр». Ён даручыў паінфармаваць актывістаў пра вынікі праверкі агучаных імі фактаў парушэньняў.

За дзень да сустрэчы ў аблвыканкаме ў будынку заводу акумулятарных батарэй прайшла прэс-канфэрэнцыя з удзелам мэнэджэраў кампаніі-ўладальніка. Праціўнікаў будаўніцтва заводу на яе не дапусьцілі, а журналістаў запэўнілі, што ўсе неабходныя для пачатку паўнавартаснай працы дазволы (цяпер завод працуе ў пуска-наладачным рэжыме) неўзабаве будуць атрыманыя.

Акцыі пратэсту супраць запуску заводу акумулятарных батарэй пад Берасьцем адбываюцца ў абласным цэнтры кожную нядзелю, пачынаючы зь лютага 2018 году. Праціўнікі будаўніцтва ўжо заявілі, што спыняць іх толькі ў выпадку поўнага закрыцьця праекту.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG