Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ай-Паўэр» пракамэнтавала словы кіраўніка Берасьця пра гемарой і 340 кіляграмаў сьвінцу


Акумулятарны завод каля Берасьця
Акумулятарны завод каля Берасьця

На прадпрыемстве сьцьвярджаюць, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці.

Увечары 19 чэрвеня інтэрнэт-выданьне «Салідарнасьць» апублікавала артыкул пра сустрэчу кіраўніка берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандра Рагачука з інжынэрамі прадпрыемства «Брэстгазаапарат». Паводле публікацыі, Рагачук у размове закрануў тэму будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем.

«Размаўляючы 19 чэрвеня з кіраўніцтвам „Брэстгазаапарату“, Аляксандар Рагачук назваў акумулятарны завод „самым вялікім гемароем для Берасьця“ ў год яго 1000-годзьдзя, — гаворыцца ў тэксьце „Салідарнасьці“. — Паводле ягоных слоў, вакол прадпрыемства паўстала вельмі непрыемная сытуацыя».

Выданьне таксама працытавала самога Аляксандра Рагачука.

«Калі яго пачыналі будаваць, інвэстар пераконваў усіх, у тым ліку і ўлады, што праект адпавядае ўсім парамэтрам бясьпекі, у тым ліку экалягічнай, — сказаў кіраўнік Берасьця. — Тады і ва ўладаў не было ніякіх падставаў не давяраць спэцыялістам. Крыць не было чым. Калі будаўніцтва фактычна завяршылася і пачаліся пусканаладачныя працы, Дзяржаўная экалягічная экспэртыза рабіла замеры і фіксавала перавышэньне заяўленых нормаў, у тым ліку па выкідах сьвінцу... Замест запраектаваных 3 кг у год у іх, як кажуць, выходзіць каля 340 кг».

Раніцай 20 чэрвеня публікацыя была зьмененая. У новай вэрсіі гаварылася, што выказваньне пра 340 кіляграмаў выкідаў сьвінцу ў год замест заяўленых 3 кг належыць аднаму з кіраўнікоў «Брэстгазаапарату», а не Аляксандру Рагачуку.

Паводле інфармацыі Свабоды, аўтар публікацыі на «Салідарнасьці» — адзін з журналістаў дзяржаўных СМІ, якія прысутнічалі на сустрэчы. Раніцай 20 чэрвеня яго выклікалі «на дыван» у гарвыканкам.

У берасьцейскім гарвыканкаме Свабодзе сказалі, што слова «гемарой» з вуснаў Рагачука насамрэч прагучала, аднак сказаў ён гэта «не для запісу». Паводле ідэоляга гарвыканкаму Валера Цапкова, на сустрэчы гаварылася пра 3 кіляграмы 140 грамаў выкідаў сьвінцу, што сугучна зь лічбай 340.

Прадстаўнікі кампаніі-ўласьніка акумулятарнага заводу «Ай-Паўэр», куды Свабода зьвярнулася па камэнтар, таксама абверглі інфармацыю пра нібыта 340 кіляграмаў выкідаў сьвінцу ў год. «Ай-Паўэр» рыхтуе афіцыйны камэнтар.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG