Адміністрацыя кампаніі «АйПаўэр», якая будуе акумулятарны завод пад Берасьцем, пракамэнтавала Tut.by распараджэньне кіраўніка вобласьці аб прыпыненьні будаўніцтва.
«Мы ня маем інфармацыі, што зьявілася падставай для распараджэньня аб прыпыненьні будаўніцтва ТАА «АйПауэр», — сьцьвярджаюць у кампаніі. — Са свайго боку, атрымаўшы адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, ТАА „АйПауэр“ ініцыюе працэдуру паўторнай экалягічнай экспэртызы ў адпаведна заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Пасьля гэтага мы адновім працэдуру ўводу аб'екту будаўніцтва ў эксплюатацыю».
На заводзе сьцьвярджаюць, што дзьве апошнія непацьверджаныя крыніцы шкодных выкідаў адрэгуляваныя, і вынікі аналізаў уласнай лябараторыі заводу пацьвярджаюць працаздольнасьць абсталяваньня.
Старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс 14 чэрвеня падпісаў распараджэньне аб прыпыненьні будаўніцтва акумулятарнага заводу на падставе ліста Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя ад 13 чэрвеня.
Пратэсты берасьцейцаў супраць шкоднай вытворчасьці пад іхным горадам трывалі больш як год. Праваабаронца Раман Кісьляк, які працаваў з пратэстоўцамі, кажа, што прыпыненьне будаўніцтва ня спыніць штотыднёвыя акцыі пратэсту: маўляў, пратэстоўцы ня бачаць ніякіх магчымасьцяў, як можна выправіць шматлікія парушэньні, і праект такі, што завод хіба трэба цалкам перабудоўваць.