Дэманстрацыя ў Берасьці супраць акумулятарнага заводу 21 красавіка
26 красавіка ў Ленінскім судзе Берасьця агучылі прысуды пяцярым пратэстоўцам супраць акумулятарнага заводу за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.
Разгляд іх спраў быў абʼяднаны ў адну вытворчасьць, усіх судзілі разам.
Судзьдзя Сьвятаслаў Каліна прысудзіў усім штрафы:
Дзянісу Малашэнку — 255 рублёў (10 базавых велічыняў);
Уладзімеру Казлоўскаму — 765 рублёў (30 б.в.);
Сяргею Сьвірскаму — 255 рублёў (10 б.в.);
Уладзімеру Вялічкіну — 765 рублёў (30 б.в.);
Дзямʼяну Лепясевічу — 765 рублёў (30 б.в.).
З 24 па 26 красавіка ў Берасьці судзілі 14 пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу.
25 красавіка штрафы атрымалі
Кацярына Басаргіна (127 рублёў 50 капеек),
Ягор Кандрацюк (255 рублёў),
Тацяна Фесікава (765 рублёў).
24 красавіка былі аштрафаваныя
Дзьмітрый Андрасюк — на 1020 рублёў,
Віталь Казак — на 765 рублёў,
Алег Вялаў — на 637 рублёў 50 капеек,
Віктар Сендар — на 127 рублёў 50 капеек.
Агульная сума штрафаў — 6502 рублі 50 капеек.
Судзілі таксама Алеся Абляка і Ўладзіслава Абрамовіча, аднак разгляд спраў перанесены на наступны тыдзень.
Берасьцейцаў судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці па цэнтральных вуліцах гораду 7 красавіка.
Акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу адбываюцца ў Берасьці больш за год. У красавіку, апроч традыцыйнага маўклівага стаяньня на плошчы, пачалі ладзіць і шэсьці.