Лідэры руху «За свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») акрэсьлілі фармат сьвяточных імпрэзаў, прысьвечаных Дню Волі.
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў нагадалі, што атрымалі адмоўныя адказы на ўсе заяўкі пра адрасы сьвяткаваньня 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У Менгарвыканкаме параілі зьбірацца ў месцах, адведзеных для гэтага гарадзкімі ўладамі.
Кампанія #БНР101, якая зьбіралася ладзіць канцэрт у Менску 23 сакавіка, адмовілася ад прапанаваных месцаў і перанесла галоўную імпрэзу ў Горадню, дзе ўлады далі дазвол на канцэрт у Каложскім парку. Гэта не адмяняе акцыі 24 сакавіка ў менскім Кіеўскім сквэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чаму галоўны канцэрт #БНР101 перанесьлі зь Менску ў Горадню? Белавус і Пальчыс растлумачылі па пунктахГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На #БНР101 у Менску будзе канцэрт і ўрачысты прыём. А шэсьці і мітынгі?Старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч адзначыў складаны працэс сёлетняга ўзгадненьня — як з уладай, так і ўнутры дэмакратычнай супольнасьці. Тым ня менш 24 сакавіка ў Кіеўскім сквэры адбудзецца канцэрт, як таго вымагае сьвяточны фармат, паведаміў Губарэвіч.
Юры Губарэвіч
«Яшчэ на мінулым тыдні мы падалі паведамленьне ў Менгарвыканкам наконт пляцоўкі ў Кіеўскім сквэры, якая зьмяшчае ня меней людзей, чым ля Опэрнага тэатру, — адзначыў Юрась Губарэвіч. — Пачатак а 12-й, сама імпрэза пачнецца праз гадзіну. Будзе канцэрт беларускіх выканаўцаў. Выдаткі могуць перавысіць 5 тысяч даляраў, але талакой сабрана сродкаў удвая больш, таму павінны ўкласьціся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Арганізатары #БНР101 прапанавалі запускаць фаервэркі 25 сакавікаУвечары 19 сакавіка заяўнікі запрошаныя ў Менгарвыканкам, каб удакладніць фармат імпрэзы і захады бясьпекі. Удзельнікі нагадалі, што спачатку «Арт-сядзіба» і БНФ «Адраджэньне» падалі заяўку на сьвяткаваньне Дня Волі на стадыёне «Дынама», іншыя рухі супольна прасілі дазволіць канцэрт ля Опэрнага тэатру. Прыйшлі адмовы.
Тады зьвярнуліся з ініцыятывай адзначыць дату адкрыцьцём мэмарыяльнай дошкі на доме па вуліцы Валадарскага, 9, якую ўлады абяцалі адкрыць яшчэ год таму. Ніякага адказу пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Улады Горадні дазволілі сьвяткаваць #БНР101. Будуць мітынг, канцэрт і дзіцячыя пляцоўкіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хто сьпяе на #БНР101? Анансавалі склад выступоўцаў на канцэрце ў Горадні 23 сакавікаСустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў, што ўлады па-ранейшаму ня хочуць шырока адзначаць гадавіну абвяшчэньня БНР — адмову атрымалі практычна ўсе заяўнікі, акрамя Горадні. У Берасьці традыцыйна плянуецца акцыя супраць акумулятарнага заводу, якую апазыцыйныя сілы хочуць сумясьціць са сьвяткаваньнем.
Афіша ўдакладняецца і будзе агучаная 20 сакавіка.
Выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў панаракаў на «бандытызм» з боку ўладаў, якія абкладаюць масавыя акцыі несувымернымі паборамі – найперш на міліцыю, якую беларусы і без таго ўтрымліваюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Да 6375 рублёў толькі за ахову. Урад вызначыў, колькі плаціць за правядзеньне масавай акцыіНа 25 сакавіка заплянавалі ўскладаньне кветак
Мікалай Казлоў заявіў, што 25 сакавіка а 18.30 ён плянуе прайсьці ад Кастрычніцкай плошчы да Валадарскага, 9, каб ускласьці кветкі да будынка, дзе адбываліся гістарычныя падзеі. Да гэтай ініцыятывы выказалі жаданьне далучыцца Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч і Ігар Барысаў.
Пра пляны Беларускага нацыянальнага кангрэсу, кіраўніцтва якога звычайна агітуе за вулічныя акцыі, апазыцыйныя палітыкі ня ведаюць — хоць і кажуць, што застаюцца ў каардынацыі зь Мікалаем Статкевічам і Ўладзімерам Някляевым.
Стрыжнёвая тэма #БНР101, як адзначыў Юрась Губарэвіч, — умацаваньне незалежнасьці Беларусі і выхад з усіх саюзных дамоваў пад пратэктаратам Крамля. Падчас канцэрту плянуецца збор подпісаў за гэта.