Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады забаранілі сьвяткаваньне Дня Волі на менскім стадыёне «Дынама»


Сьвяткаваньне 100 гадоў Беларускай Народнай Рэспублікі каля Опэрнага тэатру ў Менску, 25 сакавіка 2018 г.
Сьвяткаваньне 100 гадоў Беларускай Народнай Рэспублікі каля Опэрнага тэатру ў Менску, 25 сакавіка 2018 г.

Менгарвыканкам адмовіў арганізатарам у правядзеньні Дня Волі на стадыёне «Дынама».

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які сёньня падчас сустрэчы ў Менгарвыканкаме атрымаў афіцыйны адказ за подпісам намесьніка старшыні Арцёма Цурана.

Арганізатары прасілі дазволу правесьці мітынг і канцэрт на стадыёне «Дынама» 25 сакавіка.

«Мне выдалі на рукі менавіта тое, што сказаў Лукашэнка. Афіцыйнае тлумачэньне адмовы, як гаворыцца ў рашэньні, — у зьвязку з тым, што на стадыёне „Дынама“ плянуецца правядзеньне Эўрапейскіх гульняў. Таму прадастаўленьне гэтай пляцоўкі, паводле ўладаў, немэтазгоднае для адзначэньня 101-й гадавіны БНР».

У сваёй першай заяўцы «Арт Сядзіба» і Партыя БНФ прасілі дазволу на мітынг і канцэрт да Дня Волі на стадыёне «Дынама».

Аднак падчас размовы з журналістамі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «сьвяткаваньня БНР на „Дынама“ ня будзе», дадаўшы, што для правядзеньня «падобных акцыяў» існуе плошча Бангалёр.

Пасьля гэтага Партыя БНФ і «Арт Сядзіба» 4 сакавіка падалі новую заяўку на дэманстрацыю, мітынг і канцэрт да 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

З заяўкі на правядзеньне Дня Волі ў Менску
З заяўкі на правядзеньне Дня Волі ў Менску

Заяўнікі просяць дазволіць сьвяткаваньне 24 сакавіка на плошчы Свабоды, а таксама каля Палацу спорту.

«Пасьля заявы Лукашэнкі 1 сакавіка на „вялікай размове“, калі ён забараніў старшыні Менгарвыканкаму Анатолю Сіваку прадстаўляць стадыён „Дынама“, мы іншага рашэньня і не чакалі.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Таму мы падалі іншую заяўку з просьбай вылучыць пляцоўку альбо на плошчы Свабоды (варыянт № 1), альбо каля Палацу спорту (варыянт № 2). Адказу яшчэ няма», — сказаў Рыгор Кастусёў.

Паводле Кастусёва, падрыхтаваць такое вялікае мерапрыемства, як летась, «за малую колькасьць дзён вельмі складана».

«Будзем спадзявацца на станоўчае рашэньне», — сказаў ён.

На мінулым тыдні прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі атрымалі адмову ​ў правядзеньні мітынгу на Дзень Волі каля Опэрнага тэатру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG