Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААЦ: Цяпер у інтэрнэце цалкам заблякаваць немагчыма нічога, толькі абмежаваць доступ


©Shutterstock
©Shutterstock

Былы кіраўнік службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі, начальнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Андрэй Паўлючэнка даў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ, у якім заявіў, што ААЦ не займаецца блякаваньнем сайтаў.

«ААЦ ня мае функцыянальных паўнамоцтваў для блякаваньня сайтаў, — сказаў Андрэй Паўлючэнка. — Наогул гэтае азначэньне ў сучасным сьвеце страціла актуальнасьць. Цяпер заблякаваць цалкам немагчыма нічога. Можна толькі абмежаваць доступ. ААЦ разам зь Міністэрствам сувязі выпрацавалі рашэньне, як абмежаваць доступ да такіх сайтаў, але самі сайты мы не вызначаем».

Што гэта за рашэньне і ці новае яно, ён не расказаў.

Паводле Паўлючэнкі, ААЦ займаецца інфармацыйнай бясьпекай дзяржаўных органаў і крытычных аб’ектаў кшталту будаўніцтва БелАЭС у Астраўцы. Створаныя з ініцыятывы ААЦ дзяржаўныя структуры (Адзіная рэспубліканская сетка перадачы зьвестак, Нацыянальны цэнтар абмену трафікам і Нацыянальны цэнтар электронных паслуг) «зрабілі сур’ёзны ўнёсак у тое, каб мы сёньня разважалі аб тым, што ў нас у найбліжэйшай пэрспэктыве запрацуе электронны ўрад як адзіная цэльная сыстэма», дадаў ён.

7 прычынаў, чаму немагчыма цалкам заблякаваць «Хартыю» і «Партызан»

У Беларусі блякуюцца як сайты злачынцаў і тэрарыстаў, так і сайты незалежных СМІ. Найпапулярнейшы з заблякаваных сайтаў СМІ — «Хартыя-97». Таксама блякуецца сайт «Беларускага партызана» на дамэне .org, але не блякуецца на дамэне .by.

Рашэньні аб блякаваньні прымае або Міністэрства інфармацыі, або суд. «Чорны сьпіс» фармуе БелДІЭ, але не самастойна, а паводле прапаноў «упаўнаважаных органаў» (што гэта за органы, невядома). Таксама сайты незалежных СМІ могуць блякаваць без усялякай пастановы і без тлумачэньняў, могуць проста атакаваць сіламі хакераў.

Беларусафобы, Пракаповіч і Kyky. Як у Беларусі блякавалі сайты

Беларускія законы патрабуюць блякаваць ня толькі самі забароненыя сайты, але і сродкі доступу да забароненых сайтаў. Адзін з такіх сродкаў, ананімайзэр Tor, пачалі блякаваць у сьнежні 2016 году, але гэта толькі павысіла колькасьць ягоных карыстальнікаў.

Тым часам у Расеі блякаваньні інтэрнэт-сэрвісаў прывялі да кур’ёзу: дзяржаўныя органы за дзяржаўныя грошы закупляюць паслугі сродкаў для абыходу блякаваньняў, пакуль дзяржаўны «Роскомнадзор» выпадкова блякуе сэрвісы Amazon, Google, Microsoft і іншых (у тым ліку ўласныя сэрвісы) у змаганьні з мэсэнджэрам Telegram, які працягвае працаваць амаль без перабояў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG