Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Карлюкевіч: інфабясьпека Беларусі — у адзінай мэдыяпрасторы з Расеяй


Менск, 2010 год
Менск, 2010 год

«Адзіная мэдыяпрастора» цяпер «гібрыдная»: Беларусь можа адключыць любую расейскую тэлеперадачу, што не спадабаецца, і мае фактычную манаполію на зьнешні інтэрнэт-трафік.

Пытаньне аб тым, ці неабходна працаваць над адзінай інфармацыйнай прасторай — рытарычнае, бо зьнешнепалітычныя прыярытэты Беларусі палягаюць у супрацы з Расеяй, заявіў міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч у перадачы «Щит союза» на тэлеканале «БелРосТВ».

Аляксандар Карлюкевіч, архіўнае фота
Аляксандар Карлюкевіч, архіўнае фота

«Ня трэба баяцца адкрыта і наўпрост гаварыць пра свае зьнешнепалітычныя прыярытэты, — тлумачыць Карлюкевіч. — Для гэтага ў нас ёсьць цэлая лінейка ня проста дзяржаўных СМІ як у Беларусі, так і Расеі, ня проста грамадзкіх, прыватных сродкаў масавай інфармацыі ў нашых дзяржавах, але і цэлая лінейка інтэграцыйных масмэдыя, што ўжо заваявалі аўтарытэт у свайго гледача, падпісчыка, чытача».

Але бывае, расейскія СМІ абражаюць Беларусь і Лукашэнку

Два тыдні таму на расейскім тэлеканале НТВ вядоўца назваў Беларусь «гуляшчай жонкай». Але афіцыйнай рэакцыі зь беларускага боку на гэта амаль не было: толькі праз тры дні пасьля згаданай перадачы газэта «Советская Белоруссия», афіцыйны орган Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, адказала на заявы ў перадачы блогам і карыкатурай, пазьней дэпутат Ігар Марзалюк прапанаваў абвясьціць супрацоўнікаў расейскага НТВ пэрсонамі нон-грата ў Беларусі.

Шоў у адказ на шоў: НТВ атакавала Лукашэнку, а не Беларусь

Ды МЗС Беларусі вырашыў не рэагаваць на абразу: «У любой палеміцы трэба ставіць кропку». Урэшце перадачу, у якой гучалі абразы, выкінулі зь беларускага эфіру.

Акцыя пратэсту БРСМ супраць фільму НТВ «Хросны бацька», Менск, 2010 год
Акцыя пратэсту БРСМ супраць фільму НТВ «Хросны бацька», Менск, 2010 год

Гэта ня першы раз, калі расейскія СМІ выдаюць матэрыялы, што ў Беларусі могуць некага пакрыўдзіць: абражалі і беларускую мову, і асабіста Аляксандра Лукашэнку, і шмат чаго яшчэ. Часьцей за ўсё беларускі бок амаль ніяк не адказвае на гэта (хіба сем год таму БРСМ адказаў НТВ на фільм «Хросны бацька» акцыяй пратэсту ў процігазах).

Лукашэнка пакрыўдзіўся на чыесьці СМІ, але на расейскія ці заходнія – невядома

У той жа дзень, калі на ТВ так званай «Саюзнай дзяржавы» выступаў міністар інфармацыі, Аляксандар Лукашэнка выступаў перад беларускімі навукоўцамі. Лукашэнка ў тым ліку казаў пра СМІ «моцных дзяржаваў», якія «прастрэльваюць нашую краіну наскрозь». Праз СМІ, казаў ён, «вядзецца вайна», але чые СМІ маюцца на ўвазе, ён не ўдакладняў.

Мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі кажа Свабодзе, што адгадаць, каго меў на ўвазе Лукашэнка, будзе цяжка — хутчэй ён незадаволены крытыкай у прынцыпе.

Паўлюк Быкоўскі, архіўнае фота
Паўлюк Быкоўскі, архіўнае фота

«З аднаго боку, ёсьць інтэграцыйныя праекты і канцэпцыя інфармацыйнай бясьпекі „Саюзнай дзяржавы“, — разважае Быкоўскі. — Але зь іншага боку ў нас шырокая аўдыторыя пазбаўленая магчымасьці глядзець расейскія тэлеканалы наўпрост ці чытаць расейскія газэты. Напрыклад, замест «РТР» вы бачыце „РТР-Беларусь“, замест „НТВ“ — „НТВ-Беларусь“».

Галоўнае – «наяўнасьць рубільніка»
Паўлюк Быкоўскі пра расейска-беларускую мэдыяпрастору

Такія «расейска-беларускія» тэлеканалы кантралююца зь Менску, і хоць беларускага кантэнту ў іх няшмат, галоўнае – «наяўнасьць рубільніка», мяркуе Быкоўскі. У Беларусі могуць проста не пусьціць у эфір тыя расейскія перадачы, што здаюцца непатрэбнымі.

«Але і раней, і цяпер беларускія ўлады бачаць большую небясьпеку ў пашырэньні альтэрнатыўных поглядаў на беларускую палітыку з заходніх крыніцаў, — дадае Быкоўскі. — У гэтым у іх пазыцыі супадаюць з тым, што цяпер робіць Крэмль. У Беларусі наўрад ці зьявяцца сьпісы СМІ-«замежных агентаў», але ў нас і так ёсьць даволі моцна абмежаваныя магчымасьці для шырокай аўдыторыі, каб пабачыць альтэрнатыўнае меркаваньне».

У Беларусі цяпер не блякуюцца сайты СМІ на пастаяннай аснове (хоць ва ўсеагульным «чорным сьпісе» ёсьць сайты тэрарыстаў і наркагандляроў, а сайты апазыцыйных СМІ могуць блякавацца ў дзяржаўных установах), але і ў інтэрнэце ёсьць «рубільнік», адзначае Быкоўскі. Беларускія ўлады маюць фактычную манаполію на зьнешні трафік з-за межаў Беларусі: такі трафік пастаўляюць дзяржаўныя «Белтэлекам» і ААЦ, а таксама беларуска-расейскі beCloud («Белорусские облачные технологии»), у якім дзяржава мае 51%. У выпадках «непажаданых» навінаў з акцыяў пратэсту сайты незалежных СМІ апошнім часам не блякавалі, але часта «завальвалі» праз DDoS-атакі.

Як змагаюцца са свабодай інтэрнэту і як сацсеткі выкарыстоўваюць супраць дэмакратыі: даклад Freedom House

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG