Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 пунктаў хлусьні пра Беларусь у расейскай прапагандзе


На прыкладзе матэрыялу папулярнага расейскага рэсурсу Lenta.ru можна адсачыць адкрытую хлусьню альбо паўпраўду расейскай прапаганды адносна гісторыі і сучаснасьці Беларусі.

1. «Ці паўторыць Беларусь шлях Украіны, забараняючы расейскую мову».

У Беларусі расейская мова дэ-юрэ дзяржаўная, яе немагчыма «забараняць».

Што такое «шлях Украіны» не расшыфроўваецца, чытач апрыёры мусіць успрыняць гэтае словазлучэньне як штосьці кепскае.

2. «Беларуская мова прапагандавалася ў савецкія часы досыць актыўна».

Акурат у савецкія часы беларуская мова гвалтоўна выцясьнялася з адукацыі і справаводзтва. Без расейскай мовы чалавек за рэдкім выключэньнем ня мог зрабіць хоць якую прафэсійную кар’еру, а без беларускай — мог.

3. «Бальшавіцкае кіраўніцтва ставіла сваёй задачай стварыць зь беларусаў новую, асобную ад расейцаў нацыю».

Бальшавіцкаму кіраўніцтву не заставалася нічога іншага, як укараняць беларускую мову ў адукацыі і справаводзтве, бо расейскую папросту не разумела абсалютная большасьць жыхароў БССР. Плюс бальшавікі шукалі ляяльнасьць мясцовага насельніцтва і не жадалі выглядаць падобнымі да імпэрцаў-прыгнятальнікаў.

Але ў 1930-я бальшавікі адчулі што ім больш не патрэбная ляяльнасьць мясцовага насельніцтва на ўскрайках былой Расейскай імпэрыі, вынішчылі нацыянальную інтэлігенцыю і пачалі русыфікацыю.

4. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году «насаждаемая ў савецкія і постсавецкія гады „беларуская мова“ хутка страціла свае і без таго ня надта моцныя пазыцыі».

«Насаджэньне» ў савецкія часы апісанае вышэй у пункце 3.

Пад «насаджэньнем у постсавецкія» гады, магчыма, маецца на ўвазе спроба вярнуць беларускай мове права на існаваньне ў адукацыі і справаводзтве.

5. «Менавіта пры савецкай уладзе ў Беларусі зьявілася нацыянальная літаратура — проза, паэзія, драматургія».

Тэзіс можа прыняць толькі чалавек, які не вучыўся ў беларускай школе і ня ведае імёны Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа ды мноства іншых творцаў.

6. «У паўсядзённым ужываньні па-ранейшаму была альбо расейская мова, альбо вясковыя дыялекты («трасянка»).

Расейская мова засталася ў Беларусі ад часоў Расейскай імпэрыі ў гарадах. Але ў гарадах жыла адносная нязначная колькасьць этнічных беларусаў, і да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя апроч расейскай у гарадах гучаў ідыш, а ў асобных рэгіёнах польская мова. Беларуская вёска гаварыла па-беларуску.

Што да «вясковых дыялектаў», расейская прапаганда ня лічыць іх за беларускую мову. Плюс наўмысна раўняе трасянку да дыялектаў. Хоць гэта зьявы рознага парадку: дыялект мовы і сумесь дзьвюх моваў.

7. «Белорусская мова» — у двукосьсі.

Хутчэй за ўсё маецца на ўвазе літаратурная беларуская мова, якая супрацьпастаўляецца «вясковым дыялектам». Кожная літаратурная мова была створаная групай творцаў і навукоўцаў, у тым ліку расейская літаратурная мова. Магчыма таму прапагандысты не расшыфроўваюць двукосьсі адносна беларускай.

8. «У Беларусі паступова зьнікла расейскамоўная тапаніміка: усе назвы вуліц, станцый мэтро і падобных аб’ектаў цяпер пішуцца па-беларуску».

Указальнікі на дарогах і большасьць шыльдаў з назвамі вуліц пішуцца па-беларуску не «цяпер» (у арыгінале «отныне» — КВ), а два зь лішкам дзясяткі гадоў.

9. «Апроч таго, у рэспубліцы ладзяцца новыя акцыі па папулярызацыі беларускай мовы».

Відаць, тэзіс падаецца як штосьці дрэннае з улікам прыведзеных вышэй ідэй пра неўласьцівасьць беларусам беларускай мовы, дзе «вясковыя дыялекты» не належаць да беларускай мовы.

10. Камэнтуючы выпадкі судовых рашэньняў у абарону беларускай мовы, «Лента.ру» робіць наступную выснову пра чыноўнікаў: «Дзейнічаюць паводле звыклага для іх ад савецкіх часоў прынцыпу „як бы чаго ня выйшла“».

Пры гэтым чытачу не тлумачацца асаблівасьці беларускага закону пра мовы, у тым ліку абавязак службовай асобы адказваць на пісьмовы зварот на мове заяўляльніка, калі мова — адна зь дзьвюх дзяржаўных.

***

Да якой высновы падводзіць «Лента.ру» сваіх чытачоў?

«Галасы прыхільнікаў „беларусізацыі“ гучаць усё гучней».

Гэтай фразай у матэрыяле на «Ленце.ру» падпісаны фатаздымак, на якім юнакі нясуць велічэзны дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг Рэспублікі Беларусь. То бок, паняцьці «беларусізацыя» і «дзяржаўнасьць» падаюцца тоеснымі і адначасова як штосьці кепскае.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG