Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове забаранілі трансьляцыю расейскіх навінаў


Малдоўскі парлямэнт прагаласаваў за закон, які забараняе трансьляцыю расейскіх навінных і аналітычных перадач. Адны экспэрты лічаць, што закон неабходны, іншыя называюць яго парушэньнем свабоды слова.

На тэлеканалах Малдовы ў хуткім часе ня будуць трансьлявацца расейскія навіны і палітычныя ток-шоў. Папраўкі ў заканадаўства, прынятыя парлямэнтам 7 сьнежня адразу ў двух чытаньнях, дазваляюць рэтрансьляваць на тэрыторыі краіны толькі тыя інфармацыйныя і аналітычныя праграмы, якія вырабленыя ў краінах, што ратыфікавалі Эўрапейскую канвэнцыю аб транмежным тэлебачаньні (Расея падпісала гэты дакумэнт у 2006 годзе, але не ратыфікавала яго), паведамляе DW.

Папраўкі ў малдоўскі Кодэкс аб тэлерадыёвяшчаньні прадугледжваюць для парушальнікаў закона штрафы ад 70 да 100 тысяч леяў (ад 3,5 да 4,9 тыс. эўра).

Хоць у дакумэнце не гаворыцца непасрэдна пра забарону трансьляцыі менавіта расейскіх праграм і няма ні слова пра расейскую прапаганду, прыхільнікі новаўвядзеньняў казалі менавіта пра яе і шкоду, якую яна прыносіць. Іх апанэнты нагадвалі аб правах чалавека і свабодзе слова. Апазыцыйная фракцыя камуністаў пакінула залю пасяджэньняў, не чакаючы галасаваньня. Сацыялісты, якія выступаюць за эўразійскі шлях разьвіцьця краіны, хоць і засталіся ў зале, але галасаваць ня сталі. 61 дэпутат з 87 прысутных на пасяджэньні выказаўся «за». Усяго ў малдоўскім парлямэнце 101 дэпутат.

Доўгая дыскусія аб забароне прапаганды

Дыскусія аб забароне расейскай прапаганды доўжыцца ў Малдове ўжо два гады. У 2015 годзе ў парлямэнце адначасова былі зарэгістраваныя два адпаведныя законапраекты. Адзін падрыхтавалі лібэралы, другі — дэпутаты ад кіроўнай Дэмакратычнай партыі Малдовы. Аднак да абмеркаваньня законапраектаў справа не дайшла — ўпаўнаважаная АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч рэзка раскрытыкавала абодва дакумэнты.

Улетку 2017 году парлямэнт прагаласаваў ў першым чытаньні за шэраг паправак у Кодэкс аб тэлерадыёвяшчаньні. Акрамя патрабаваньняў да СМІ павялічыць час і аб’ём ўласнай прадукцыі ў законапраекце ўтрымліваўся пункт аб забароне расейскай прапаганды на радыё і тэлебачаньні, аднак да канчатковага чытаньня гэты пункт з дакумэнту зьнік.

Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон ужо заявіў, што не паставіць свой подпіс пад законам. Аднак, згодна з малдоўскім заканадаўствам, калі кіраўнік дзяржавы двойчы адмовіцца падпісаць прыняты парлямэнтам законапраект, гэта можа зрабіць сьпікер заканадаўчага органу ці прэм'ер-міністар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG