Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bosch спадзяецца, што ААЦ не дапусьціць уцечкі пэрсанальных зьвестак праз «інтэлектуальную лядоўню»


Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі папрасілі кантраляваць, каб сакрэтную інфармацыю ня скралі праз «разумную» бытавую тэхніку нямецкага вытворцы Bosch.

Нямецкі канцэрн Bosch адзначае 25 гадоў дзейнасьці ў Беларусі. З гэтай нагоды Менск наведаў прэзыдэнт групы кампаній Bosch у Расеі, Украіне, Беларусі, Закаўказьзі, Сярэдняй Азіі і Манголіі Гансьюрґен Офэрштольц.

Гансьюрґен Офэрштольц
Гансьюрґен Офэрштольц

ТАА «Робэрт Бош» пачало працаваць у Беларусі ў красавіку 1993 году. Праз конкурс выбралі восем кандыдатаў, за першы год рэгіянальнае прадстаўніцтва зарабіла крыху больш за 300 тысяч эўра. Цяпер у кампаніі 50 супрацоўнікаў, гадавы абарот перавысіў 40 мільёнаў эўра. Аўтазапчасткі, бытавая тэхніка і награвальнае абсталяваньне — асноўныя пазыцыі, якія займае Bosch на беларускім рынку.

«Лепш я страчу грошы, чым давер, — працытаваў Гансьюрґен Офэрштольц выказваньне заснавальніка кампаніі Робэрта Боша. — Нашы спажыўцы цэняць такі падыход, таму мы працягнем умацоўваць ляяльную актыўнасьць, наладжваць партнэрства зь мясцовымі вытворцамі і прадпрымальнікамі».

Беларуская лібэралізацыя і прадказальнасьць

На перакананьне прадстаўнікоў кампаніі, апошнія захады беларускіх уладаў у лібэралізацыі эканомікі маюць паспрыяць ажыўленьню рынку. На гэта разьлічвае генэральны дырэктар «Робэрт Бош» у Беларусі Ўладзімер Рыбалоўлеў.

Уладзімер Рыбалоўлеў
Уладзімер Рыбалоўлеў

«Нядаўні прэзыдэнцкі ўказ адкрывае шырокія магчымасьці і для прадпрымальнікаў, і для інвэстараў, — лічыць ён. — Мы маем вынікі апытаньня 58 нямецкіх кампаній, якія маюць камэрцыйныя інтарэсы ў Беларусі. Большасьць схіляецца да таго, што дзелавы асяродак робіцца больш прадказальным. Я памятаю, як у першыя гады нас прымушалі прадаваць 60% валюты, астатняе зьядала інфляцыя. Цяпер Нацбанк рыхтуецца скасаваць усе абмежаваньні».

Са значных аб’ектаў, абсталяваных сыстэмамі Bosch, Гансьюрґен Офэрштольц адзначыў салігорскі «Беларуськалій», жодзінскі БелАЗ, Мірскі замак, БелАЭС, «Чыжоўка-Арэну», Беларускі дзяржаўны цырк. Чакаецца падпісаньне кантракту на пастаўку камплектных частак для аўтавытворцы Geely, аднак напружвае няпэўнасьць: да сярэдзіны 2018 году ўзровень лякалізацыі вытворчасьці павінен перавысіць 50%, іначай «беларускі аўтамабіль» ня зможа пастаўляцца ў іншыя дзяржавы Эўразійскага эканамічнага саюзу бяз выплаты мыта. Тады давядзецца працаваць на склад.

Электронная архітэктура для беларускага «Джылі»

Ілюстрацыйнае фота. Аўтамабілі «Джылі» (Geely)
Ілюстрацыйнае фота. Аўтамабілі «Джылі» (Geely)

​Раней прадстаўнікі Bosch таксама прапанавалі беларускаму боку разам рухацца ў кірунку разьвіцьця электрапрыводаў — летась адпаведны праект пачаў рэклямавацца на базе той жа «Джылі». Але, як адзначыў кіраўнік аддзелу аўтакамплектуючых беларускага прадстаўніцтва «Робэрт Бош» Аляксей Марчук, канкрэтыкі пакуль няшмат.

«Мы разглядаем праект перадусім з гледзішча наданьня інжынэрнай падтрымкі, — сказаў ён, — найбольш карыснымі былі б напрацоўкі ў арганізацыі „электроннай архітэктуры“. Аднак паўстае сур’ёзнае абмежаваньне, якое пакуль незразумела, як вырашыць, — лякалізацыя кампанэнтаў. У беларускага кіраўніцтва наконт гэтага выразнае патрабаваньне, трэба яшчэ абмяркоўваць».

Разумныя лядоўні як мэта для хакераў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Згодна з карпаратыўнымі плянамі, у рамках маштабнай праграмы «Разумны дом» да 2020 году практычна ўся бытавая тэхніка Bosch будзе здольная падключацца да інтэрнэту. Разам з тым «інтэлектуальныя» пыласосы, халадзільнікі, пральныя машыны павышаюць рызыку ўцечкі пэрсанальных зьвестак. Як гэтаму супрацьстаяць?

«У структуры Bosch ёсьць спэцыяльнае падразьдзяленьне, якое займаецца кібэрбясьпекай, ІТ-атакамі, — удакладняе Ўладзімер Рыбалоўлеў. — Бо ў шырокім кантэксьце гэта тычыцца ня толькі бытавой тэхнікі, але і, скажам, аўтамабіляў з аўтаномным кіраваньнем — таксама спакуса для рознага кшталту хакераў. Папярэджваючы магчымыя наступствы, мы паведамілі ў Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце, які закліканы абараняць нацыянальныя інтарэсы ў галіне высокіх тэхналёгій».

Такім чынам, прэзыдэнцкая структура зоймецца нязвыклымі для сябе функцыямі — будзе кантраляваць, каб асабістыя і дзяржаўныя сакрэты ня трапілі ў рукі зламысьнікаў праз інтэрнэт-трафік мікрахвалёўкі ці кавамашыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG